Филин

Юлія Кот

Агарэлышава: «Гісторыя — заўсёды пра тых, хто мае ўладу, часцей за ўсё, пра мужчын»

Гендарная даследчыца ў інтэрв’ю Филину — пра тое, чаму рэжым Лукашэнкі «не заўважае» ў беларускай гісторыі жанчын.

Новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску ўпрыгожаць барэльефамі з героямі розных эпох. Гэтыя постаці беларускія ўлады абвесцілі ні больш, ні менш, як пантэонам нацыянальных герояў. Але спіс гэты выклікае мноства пытанняў.

Згадаў пра яго Аляксандр Лукашэнка на вераснёўскай сустрэчы з ідэалагічным актывам: маўляў, трэба разумець, хто герой, хто вораг, «акцэнты мусяць быць зробленыя выразна і пажадана без паўмер».

Неўзабаве ідэалагічна вывераны, як трапна заўважыў гісторык Аляксандр Пашкевіч, «вылегчаны» ад нязручных постацяў, пантэон быў сабраны.

Барэльефаў усяго шэсць. На першым змесцяць стылізаваныя партрэты крывічаў, дрэгавічаў і радзімічаў, як іх уяўляюць скульптары, на астатніх пяці — 55 бронзавых постацяў гістарычных асоб, ад сярэднявечча да сучаснасці. Імёны гэтых асоб, праўда, не ўсе, былі названыя ў тэлевізійным эфіры.

Практычна ніякага ВКЛ, ніякай БНР, ніякага паўстання Каліноўскага — складальнікі спіса лёгкай рукой «выкрэслілі» з айчыннай гісторыі цэлыя стагоддзі і ўсе нязручныя як для Мінска, так і для Масквы імёны.

А яшчэ з паўсотні постацяў толькі 5 (пяць) жаночых: Еўфрасіння Полацкая, Рагнеда, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Вера Харужая, Стэaанія Станюта. За ўсю гісторыю.

Так ідэолагі адлюстравалі Беларусь з 1917 па 1991 год. Скрыншот тэлеканала СТБ

А як жа князёўна Анастасія Слуцкая, пра якую здымалі «першы нацыянальны блакбастар» — усё, ужо не гераіня?

Падпольшчыца Алена Мазанік, пра подзвіг якой так змат распавядалі савецкія падручнікі, ужо не легендарная? Як так?

Алена Аладава, Надзея Хадасевіч-Лежэ, Алена Кіш — не вартыя мастака Савіцкага?

Прамаўчым ужо пра Эмілію Плятэр, Палуту Бадунову, Рохлю Фрумкіну, спартсменак, дабрачынніц, медыкаў, дзяячак навукі.

«Чаму б гэтым не займацца на ўроках гісторыі»

Лукашэнка шматкроць называе сябе «жаночым прэзідэнтам», падкрэслівае сваё нібыта асаблівае стаўленне да жанчын, любіць прымазвацца да ўсіх перамог беларусак, напрыклад, у спорце. Але ж словы, як часта бывае, моцна разыходзяцца з рэальнасцю. Што ўхвалены ўладамі «пантэон герояў» кажа пра рэальнае стаўленне рэжыму да беларусак?

— Мы не ведаем, як ствараўся гэты пантэон, — зазначае ў гутарцы з Филином гендарная даследчыца Алена Агарэлышава. — Ці то гэта была адмысловая камісія, ці проста рандомнаму чалавеку далі заданне, якое мусіла быць зроблена яшчэ ўчора, і той уначы што ўспомніў, тое напісаў.

Другі варыянт наўрад ці, але правалы ў гісторыі відавочныя. Так, паміж Еўфрасіняй Полацкай і Цёткай ажно сем стагоддзяў — і што, за гэты час не было ніводнай жанчыны, вартай ушанавання ў пантэоне?

Алена Агарэлышава распавядае пра такую міждысцыплінарную галіну, як гендарная гісторыя — спроба паглядзець на інтэрпрэтацыю гісторыі з гендарнай перспектывы. Чаму захавалася так мала згадак пра жанчын?

Фактычна да ХХ стагоддзя не толькі ў Беларусі, а ў многіх краінах свету жанчыны былі менш бачнымі — проста таму, што пераважна займаліся прыватнай сферай, гаспадарылі, гадавалі дзяцей, пакуль хтосьці іншы атрымліваў адукацыю і ўдзельнічаў у публічным жыцці.

— Гэта яшчэ і пытанне ракурсу, што мы вылучаем як важнае: бітвы, палітычныя рэформы, геніяў і іх геніяльныя творы. А як наконт жыцця людзей? — гаворыць даследчыца.

Атрымліваецца, што гісторыя — заўсёды пра тых, хто мае ўладу, часцей за ўсё, пра мужчын, але яшчэ пра людзей з больш прывілеяваных слаёў. Умоўна, нашмат больш вядома пра каралёў і шляхту, і толькі потым пра мяшчан і сялянства агулам, амаль без згадак пастацяў і асобаў.

За гісторыяй асобаў і сем’яў прапаную зазірнуць у архівы: за царкоўнымі і судомымі звесткамі паўстаюць чалавечыя жыцці і лёсы. Чаму б гэтым не займацца на ўроках гісторыі?

Калі казаць пра выбітных сучаснікаў і сучасніц, на думку нашай суразмоўцы, у абмеркаванні мусіць браць удзел шырокая грамадскасць. Што да стварэння пантэону гістарычных асоб, тут, натуральна, першае слова за навукоўцамі і даследчыкамі — але ў кожным разе крытэры вылучэння гэтых герояў мусяць быць празрыстымі і зразумелымі. Інакш усе гэтыя алімпы будуць суб’ектыўнымі.

— Не абавязкова вынаходзіць ровар, можна паглядзець, як спраўляліся з падобнай задачай іншыя краіны. Ёсць не адзін і не два пантэоны нацыянальных герояў, і звычайна па кожнай асобе ідзе тлумачэнне, абгрунтаванне, чаму гэты чалавек туды далучаны ці вылучаная.

Франтон Парыжскага пантэона. У Францыі апошнія 20 год пад ціскам грамадскасці ідзе фемінізацыя пантэона і далучэнне шэрагу выбітных жанчын да ліку нацыянальных герояў. Фота з адкрытых крыніц

«Беларуская справа — гэта не заўсёды мусіць быць пакута, барацьба і гараванне»

— З ушанаваннем памяці жанчын у нас, скажам шчыра, не вельмі. Напрыклад, з тысячы мінскіх вуліц толькі 18 носяць імёны жанчын, у Гродне — 12 з амаль 800, у Гомелю — 6. Не лепш і з помнікамі. На вашу думку, каму з беларусак мусяць быць помнікі на радзіме?

— Гэта будзе вельмі суб’ектыўны спіс. Калі казаць пра мой асабісты топ-10 — яго адкрые Рагнеда. Разумею, што ўжо набіла аскому, і помнік у Заслаўі ёсць, але Рагнеда была вельмі нетыповым персанажам у сваім часе, раннім сярэднявеччы, не «вельмі добрым», але, так бы мовіць, з моцнай персаналіці. Чым працягвае многіх натхняць.

Па класіцы, таксама гэта Еўфрасіння Полацкая — дзяўчынка, якая хіба што памятаючы жыццёвы шлях прапрабабулі Рагнеды, і тое, якія складанасці могуць быць з гэтым вашым сямейным жыццём, сказала «не хачу жаніцца, а хачу вучыцца». І стала асветніцай, грамадскай дзяячкай, заснавальніцай і кіраўніцай манастыра, прасоўвала навукі, падарожнічала — гэта вельмі натхняльны шлях. (Дзеля справядлівасці — Еўфрасінні пастаўленыя ў Беларусі два помнікі, у Мінску і Полацку — Ф.).

Потым, напэўна, Саламея Русецкая, адна са знакамітых лекарак Сярэднявечча. Эмілія Плятэр, якая была не толькі адважнай ваяркай, але і была збіральніцай фальклору, вельмі добра спявала.

Каміла Марцінкевіч, каго можна назваць адной з першых беларускіх феміністак, грамадская дзяячка, якая падтрымлівала ўдзельнікаў паўстання Каліноўскага.

Алена Кіш — мастачка, якая праславіла Беларусь маляванымі дыванамі і якая да сёння, на маю думку, недастаткова ацэненая.

Наталля Арсеннева — па паходжанні не беларуска, яе бацькі з Расеі, але ў Віленскай гімназіі, відаць, панахваталася гэтай нашай беларушчыны. Словы яе верша «Магутны Божа» прапаноўваліся у якасці гімна для незалежнай Беларусі пасля распаду СССР . Мяне натхняе, што яна пражыла яскравае жыццё і паказала: беларуская справа — гэта не заўсёды мусіць быць пакута, барацьба і гараванне.

Яшчэ адзін, зусім адрозны лёс, і постаць, вартая ўшанавання — Ларыса Геніюш. Лёс паэткі, пісьменніцы, палітыка быў цяжкі, але яе «Споведзь» — гэта надзвычай каштоўнае сведчанне часу.

Помнік Ларысе Геніюш у Зельве

Таксама дадам Палуту Бадунову, адзіную жанчыну-міністарку ў БНР, з надзвычай складаным жыццёвым шляхам.

А напрыканцы назаву, можа, крыху нечаканую асобу — Юліяну Вітан-Дубейкаўскую. Яна ўвогуле немка, але яна жыла ў Вільні на пачатку ХХ стагоддзя, дзе, як мы бачым з папярэдніх прыкладаў, беларускасць дзесьці лётала паветры.

Яе прыклад  яшчэ адзін доказ, што прыналежнасць на Беларусі — гэта пра выбар і пакліканне, а не пра генэтычныя тэсты.

Юліяна сустракалася з Іванам Луцкевічам, была грамадскай дзяячкай і мастацтвазнаўцай, яна занатавала ў сваіх мемуарах увесь наш беларускі варушняк таго часу. Праз гэтыя запісы бачна, што нашыя іконы нацыянальнага руху былі яшчэ і людзьмі, асобамі са сваімі пачуццямі, слабасцямі і моцнымі рысамі.

Глядзець шырэй

Памяць — гэта не пра гендарныя квоты, зазначае Алена Агарэлышава. Яна пра тое, каб глядзець шырэй на тое, каго мы хацім бачыць на старонках беларускай гісторыі. І хто гэтыя «мы»? І у каго ёсць улада вырашаць, каму месца на старонках гісторыі.

— Да Другой сусветнай вайны чвэрць насельніцтва Беларусі былі габрэі, і вельмі шмат у палітычным, культурным жыцці рабілася імі. Было безліч жаночых арганізацый, дабрачынных ініцыятыў і г.д.

Як мы іх успрымаем — як прадстаўнікоў і прадстаўніц іншага этнасу, якія жылі на нашай зямлі, ці падыходзім на беларускага пантэону інклюзіўна, не зважаючы на этнас і нацыянальнасць. Тады на старонках беларускай гісторыі знойдзецца месца для прадпрымальніцы Рохлі Фрумкінай ці палітычнай актывісткі Марыі Школьнік.

— Яшчэ адзін вельмі важны пункт — каб жанчыны на старонках гісторыі разглядаліся не толькі як чужыя жонкі і родныя. Наталля Арсеннева — больш, чым жонка Францішка Кушаля. Паўліна Мядзёлка — не толькі каханка і муза Янкі Купалы, але і амбітная грамадская дзяячка. Бэла Шагал — пісьменніца і перакладчыца.

Якое дачыненне маюць асабістыя дзеннікі полькіх шляхцянак да гісторыі Беларусі? А калі гэтыя шляхцянкі жылі на тэрыторыі Беларусі і прымалі непасрэдны ўдзел у гістарычных падзеях?

— Праз дзённікі Людзвікі Ямант ці Марыі Багушэвіч мы маем магчымасць пераадкрываць для сябе выдомыя гістарычныя падзеі, — кажа даследчыца. – Напрыклад, паўстанне Каліноўскага — гэта не только пра месцы бітваў і імёны вайскоўцаў. На забеспячэнне паўстання працавала  вялікая грамадская інфраструктура, у якой былі задзейнічаныя і жанчыны, якія і рызыкавалі сваім жыццём, і шмат што страцілі праз падтрымку вызвольнага руху.

У 2020 годзе, па сутнасці, адбылося тое самае: беларускі не адседжваліся па кухнях, куды жанчын упарта адпраўляе рэжым, не чакалі «пакуль неяк утрасецца», а разам рабілі гісторыю. І цяпер жаночы досвед, пераслед актывістак, сведчанні вязынак — неад’емная яе частка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(10)