«Беларускасць мая, прыналежнасць да краіны зрабілі мяне шчаслівай асобай»

11 красавіка старшыні Рады БНР Івонцы Сурвіле спаўняецца 89 гадоў.

Яна нарадзілася ў Стоўбцах, першыя гады жыцця правяла ў Засуллі, потым з бацькамі пераехала ў Баранавічы. Юнацтва правяла ў Еўропе: Усходняя Прусія, Данія, вучоба ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы, затым на лінгвістычным аддзяленні Сарбонскага ўніверсітэта.

Івонка Сурвіла рыхтавала беларускія перадачы на іспанскім радыё, працавала ў Бюро перакладаў пры Федэральным урадзе Канады, стала сузаснавальніцай і старшынёй канадскага Фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі.

Ад 1997 года яна ўзначальвае Раду БНР.

– Я была беларускай, верыла, што я беларуска, і не патрабавала нічога іншага. І беларускасць мая, прыналежнасць да краіны зрабілі мяне шчаслівай асобай, — зазначала Івонка Сурвіла ў адным з інтэрв’ю.

Усе гэтыя гады, праведзеныя ў эміграцыі, яна выступае за незалежнасць нашай краіны, лічыць безумоўна неабходным захоўваць беларускасць, абараняць нашую мову і культуру. І застаецца сімвалам, маральным арыенцірам для соцень тысяч беларусаў, як у краіне, так і раскіданых па ўсім свеце.

***

Рэдакцыя «Салідарнасці» шчыра віншуе Івонку Сурвілу з народзінамі: зычым здароўя, моцы, дабрабыту і натхнення на ўсе справы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(43)