Ці адважацца Пуцін і Лукашэнка на новую вайну

Часта можна пачуць сьцьвярджэньне, што Пуцін ня спыніцца на Ўкраіне і неўзабаве нападзе на адну з краін Эўразьвязу (прычым, як перасьцерагае прэзыдэнт Зяленскі, зь беларускай тэрыторыі), піша на Радыё Свабода Віктар Багдзевіч.

А чаму, уласна, ня спыніцца? Ці ёсьць у расейскага і беларускага дыктатараў сілы і сродкі на новую вайну?

Гісторыя саркастычна ўхмыльнулася цяперашнім пакаленьням эўрапейцаў і нібы крыху адкруціла скрыпучыя шасьцерні сваёй калясьніцы назад — у эпоху, дзе панавала права сілы, малыя краіны былі безабароннымі перад вялікімі і ніхто ўсур’ёз не лічыў аднойчы вызначаныя дзяржаўныя межы непарушнымі. Чаго чакаць у гэтай новай геапалітычнай рэальнасьці беларусам?

Выявілася, што псыхалёгія дыктатараў мала зьмянілася за апошняе стагодзьдзе. Апанаваныя прагай неабмежаванай улады, яны па-ранейшаму імкнуцца ўвайсьці ў гісторыю вялікімі заваёўнікамі і аднаўляльнікамі страчанай велічы колішніх імпэрый.

«Перастаць безнадзейна чапляцца за камфорт мінулага»

У цяперашніх падзей шмат празрыстых аналёгій з вызначальнымі момантамі эўрапейскай і сусьветнай гісторыі на пераломе 30-х і 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Агульным месцам стала спасылка на фатальную ролю Мюнхэнскай змовы 1938 года, правальную тактыку «залагоджваньня дыктатара», калі тагачасны прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Нэвіл Чэмбэрлен легкадумна паверыў, што можна шчодрымі саступкамі залагодзіць апэтыты Адольфа Гітлера.

Але параўнаньне не зусім карэктнае. Пуціна ўзору 2025 году цяжка параўноўваць з Гітлерам узору 1938-га. Нямецкі фюрэр у канцы 30-х быў акрылены паласой шанцаваньня, суцэльных посьпехаў і поўнай няздольнасьці лібэральных дэмакратый супрацьстаяць ягоным нахабству і сіле.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон вітае прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Кіра Стармэра перад нефармальным самітам эўрапейскіх лідараў для абмеркаваньня сытуацыі ва Ўкраіне і эўрапейскай бясьпекі ў Парыжы 17 лютага 2025

Падабенства сёньняшняй сытуацыі з той, што панавала ў Эўропе пад канец 1930-х — хіба што ў агульнай атмасфэры расслабленасьці, нежаданьня эўрапейцаў ваяваць, у марным спадзяваньні на тое, што неяк усё само разыдзецца і захаваецца звыклая і зручная сытуацыя камфорту. На гэтым акцэнтаваў увагу на нядаўнім экстраным саміце эўрапейскіх лідэраў у Парыжы брытанскі прэм’ер Кір Стармэр:

У цяперашні момант мы павінны прызнаць, што ўступаем у новую эру, і перастаць безнадзейна чапляцца за камфорт мінулага.

Дакладна тое ж маглі сказаць сабе і сваім народам у верасьні 1939-га тагачасныя лідэры Францыі і Вялікай Брытаніі. Не сказалі. Пасьля ўварваньня Гітлера ў Польшчу фармальна вайну Нямеччыне яны абвесьцілі, але фактычна на полі бою Польшча засталася ў адзіноце.

Успамін пра верасень 1939-га

Расчараваньне, падманутыя надзеі, спустошанасьць, адчуваньне безнадзейнасьці — вось якімі пачуцьцямі было апанавана польскае грамадзтва ў тыя тыдні і месяцы, калі дывізіі Вэрмахту імкліва пасоўваліся на ўсход, зьнішчаючы польскую незалежнасьць.

Прыблізна тое ж адчувае сёньня ўкраінскае грамадзтва, вымушанае назіраць за тым, як за яго сьпінай вядзецца вялікі гандаль іхнымі тэрыторыямі і іхнай будучыняй.

Сумесны парад Вэрмахта і Чырвонай арміі ў Берасьці 22 верасьня 1939 году пасьля ўварваньня на тэрыторыю Польшчы войскаў Нямеччыны і СССР. На трыбуне (зьлева направа): генэрал-лейтэнант Морыц фон Віктарын, генэрал танкавых войскаў Гейнц Гудэрыян і савецкі камбрыг Сямён Крывашэін

Ёсьць, аднак, істотная розьніца паміж гэтымі дзьвюма гісторыямі, і яна пакідае пэўную надзею. Гітлеру, як вядома, у 1939-м удаўся бліцкрыг. Калі б фюрэр тады захрас на тры гады дзе-небудзь у прадмесьцях Познані ці Кракава; калі б заходнія саюзьнікі, як абяцалі, падтрымалі Варшаву хуткімі і эфэктыўнымі баявымі дзеяньнямі на захадзе і калі б Польшчы ўдалося захаваць незалежнасьць хаця б ва ўсечаным выглядзе, хто ведае, як бы сябе павёў далей Гітлер.

Прынамсі, захрасшы на ўсходзе, наўрад ці адважыўся б распачынаць атаку на захадзе — супраць Францыі, Бэльгіі, Даніі, Нарвэгіі.

Сёньняшні Пуцін — гэта хутчэй Сталін увесну 1940-га, пасьля цяжкой і крывавай «фінскай кампаніі».

Увосень 1939-га, калі савецкія дывізіі, у адпаведнасьці з таемнымі дамовамі з Гітлерам, без усялякага супраціву займалі сотні тысяч квадратных кілямэтраў чужых тэрыторый (Заходняя Беларусь, Заходняя Ўкраіна, пазьней — Малдова і Паўночная Букавіна), Крэмль таксама быў ахоплены эўфарыяй. Акупацыя суседніх малых краін здавалася простай і лёгкай справай.

Зімовы «паход» на Фінляндыю таксама задумваўся як бліцкрыг («вызваленьне фінскіх працоўных ад капіталістычнага ярма»). Сёньня гэта, відавочна, назвалі б «вяртаньнем Фінляндыі ў родную гавань».

Целы савецкіх вайскоўцаў і падбітая тэхніка пасьля разгромнага нападу фінаў на калёну Чырвонай арміі на Раацкай дарозе ў Фінлядндыі ў студзені 1940 года

Зацяты і даволі эфэктыўны супраціў фінаў ператварыўся для Крамля ў халодны душ, працьверажэньне.

Для ўсіх (у тым ліку для самой Масквы) стала відавочна: да вялікай вайны СССР не гатовы. І ў 1941-м Сталін зусім не плянаваў якіх-небудзь новых захопніцкіх апэрацый у Эўропе: наадварот, верыў у закулісныя дамоўленасьці з Гітлерам і да апошняга не хацеў верыць у тое, што гэтыя дамоўленасьці Гітлер у чэрвені 1941-га парушыць.

Падобным чынам Пуцін быў натхнёны лёгкай анэксіяй Крыму і амаль бяскроўнай акупацыяй Данбасу ў 2014-м. А ў 2022-м у яго было яўнае жаданьне «паўтарыць»: безь вялікіх высілкаў захапіць Кіеў, зрынуць законны ўрад і прэзыдэнта, ператварыць Украіну ў паслухмяную марыянэтку, далучыць да «саюзнай дзяржавы» з пэрспэктывай стварэньня новага адроджанага СССР пад скіпэтрам Масквы.

Вось такі сцэнар быў бы для Эўропы сапраўды найгоршым. Пуцінскія войскі выстраіліся б уздоўж межаў Эўразьвязу ад вусьця Дуная да Кольскага паўвострава. А лёгкія перамогі маглі пераканаць Пуціна ў непераможнасьці ягонай арміі і схіліць да думкі, што «вярнуць NATO на межы 1997 году» — не такая ўжо невыканальная задача.

Калёна зьнішчанай расейскай тэхнікі, Курская вобласьць, 2024

Адгалоскі гэтых думак гучалі, сярод іншага, у некаторых выказваньнях Лукашэнкі ў 2021-2022 гадах:

«У Эўропе будзе прасьцей... Калі яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ля-Манша» (у інтэрвію прапагандысту Кісялёву 30 лістапада 2021 году, за тры месяцы да расейскага ўварваньня).

«Вядома, Эўропа ваяваць ня хоча. Ніякія яны не ваякі. Але і зразумела тое, што Эўропа сёньня нічога не вырашае. Яна цалкам знаходзіцца пад ботам вашынгтонскага куратара. Таму нам, хлопцы, расслабляцца ні ў якім разе нельга» (з выступу перад выпускнікамі вайсковых ВНУ 12 ліпеня 2022 году).

«Напад Расеі на Эўропу? Поўная лухта!»

Ці варта чакаць, што Пуцін, ягоны сьветапогляд могуць зьмяніцца? Вядома, не. Ён бы, верагодна, пасьля Ўкраіны зь вялікім імпэтам працягнуў справу «аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці» і вяртаньня страчаных імпэрскіх ускраін, калі б меў такую магчымасьць.

Але цяжка ўявіць, што патрапаная і значна прарэджаная расейская армія, якая за тры гады ня здолела ўзяць пад свой кантроль ніводнага абласнога цэнтру Ўкраіны, у агляднай будучыні можа быць гатовая да таго, каб праводзіць колькі-небудзь сур’ёзныя і пасьпяховыя апэрацыі ў Эўропе. На гэта патрабуюцца час, грошы і вялізныя людзкія рэсурсы.

Руіны горада Аўдзееўкі Данецкай вобласьці, 2023

Грошы Пуцін знайсьці можа — асабліва калі аслабнуць заходнія санкцыі і зноў зьявіцца магчымасьць добра зарабляць на экспарце нафты і газу. Куды больш складана з рэзэрвай часу.

На аднаўленьне і пераўзбраеньне арміі патрэбны гады і нават дзесяцігодзьдзі. Дзесяцігодзьдзяў у запасе ў Пуціна няма: узрост ня той. Калі Гітлер у 1938 годзе распачынаў сваё заваяваньне сьвету, яму было 49 гадоў. Пуціну сёлета споўніцца 73. Сучасная мэдыцына, вядома, дасягнула вялікіх вышынь, але ўсё ж яна ня ўсёмагутная.

І яшчэ адзін істотны складнік, безь якога немагчымыя вялікія заваёўніцкія паходы. Імпэрская армія павінна ўражваць сваімі памерамі. Цяжка ўявіць, што можна распачынаць ваенную апэрацыю супраць аб’яднанай Эўропы, маючы ў сваім распараджэньні 1 мільён 100 салдатаў (столькі, паводле ацэнак, налічвае ў сваіх шэрагах цяперашняя расейская армія).

Для параўнаньня: на канец Другой сусьветнай вайны ў распараджэньні Сталіна былі Ўзброеныя сілы колькасьцю 11 мільёнаў чалавек. Пазьней яны, праўда, былі скарочаныя, але ўсё роўна іх колькасьць вагалася ў раёне 4 мільёнаў. З магчымасьцю хутка нарасьціць да тых жа 10 мільёнаў. Мабілізацыйны рэсурс у СССР быў вялізны: колькасьць насельніцтва імкліва расла.

Да таго ж СССР меў магчымасьць далучыць да сваіх ваенных апэрацый арміі паслухмяных яму сатэлітаў з арганізацыі Варшаўскай дамовы: а гэта яшчэ прынамсі мільён «штыкоў».

Мабілізаваныя ў Расеі, Надым. 2022

У Пуціна нічога падобнага і блізка няма. Насельніцтва Расеі імкліва скарачаецца, нараджальнасьць падае. Адпаведна, мабілізацыйная рэзэрва зьмяншаецца. І на наступныя дзесяцігодзьдзі гэтая тэндэнцыя захаваецца: на Расею насоўваецца дэмаграфічная катастрофа. Браць новых салдатаў ня будзе адкуль.

Захопніцкія войны не выйграюць тыя, у каго няма стабільнай і няспыннай крыніцы папаўненьня непазьбежных людзкіх страт. Сёньняшняя Расея ў гэтым сэнсе зусім не вызначаецца магутным патэнцыялам. І разьлічваць на людзкія рэсурсы саюзьнікаў таксама не асабліва выпадае: досьвед «баявога братэрства» з паўночнымі карэйцамі (а тым больш з саюзьнікамі-беларусамі) гэта выразна паказаў.

Ці ўсьведамляе гэта Пуцін? Вядома, асабліва давяраць ягоным запэўніваньням і гарантыям не выпадае. Тым ня менш на працягу апошніх гадоў ён ня раз паўтараў, што не зьбіраецца ваяваць з NATO. І прыводзіў зусім слушныя аргумэнты. Напрыклад, год таму, 28 сакавіка 2024 году, выступаючы перад сваімі вайскоўцамі:

«У 2022 годзе ЗША выдаткавалі на абарону 811 мільярдаў даляраў. РФ — 72 мільярды. 72 і 811 — розьніца адчувальная, больш як у 10 разоў... І мы што, маючы на ўвазе гэтыя суадносіны, зьбіраемся ваяваць з NATO, ці што? Ну гэта проста трызьненьне... Размовы пра тое, што мы зьбіраемся пасьля Ўкраіны нападаць на Эўропу — гэта поўная лухта, запалохваньне свайго насельніцтва выключна дзеля таго, каб выбіваць зь іх грошы».

Разьвітаньне з ілюзіямі пра непарушнасьць межаў

Сапраўды, сьвет вяртаецца ў той стан, калі голас маленькіх краін мала што значыць. Як і прынцып непарушнасьці дзяржаўных межаў.

У гэтым сэнсе Эр-Рыяд цалкам можа стаць Ялтай ХХІ стагодзьдзя: што ці хто гэтаму можа перашкодзіць?

Прыгожыя словы «Нічога пра Ўкраіну без Украіны»? Яны ў сёньняшніх умовах могуць мець значэньне толькі тады, калі ў дадатак да іх Украіна здольная будзе сілай зброі выгнаць ворага са сваёй зямлі. Па-іншаму не атрымліваецца.

Ці разглядаць гэта як драму? Напэўна, калі зыходзіць з высокіх ідэалаў справядлівасьці і абавязковага трыюмфу дабра над злом — так.

Вынікі вайны больш-менш зразумелыя ўжо сёньня. Украіна, хутчэй за ўсё, страціць каля 20 працэнтаў сваёй тэрыторыі. Пуцін наўрад ці паўстане перад міжнародным трыбуналам. І зусім няшмат шанцаў на тое, што Масква будзе выплочваць Кіеву нейкія кантрыбуцыі ці рэпарацыі.

Сумная рэальнасьць не супадае са шмат якімі чаканьнямі і ілюзіямі. Але так у гісторыі здаралася вельмі часта на працягу ўсіх мінулых стагодзьдзяў. Многія пакаленьні нашых папярэднікаў неяк жа жылі ў падобных умовах.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на фронце на Данбасе, 2023

У войнах перамагалі мацнейшыя, і гэта былі далёка не заўсёды тыя, на чыім баку былі справядлівасьць і праўда.

Так, у другой палове ХХ стагодзьдзя эўрапейцы і амэрыканцы паспрабавалі пакласьці канец такой завядзёнцы: склалі звод агульных для ўсіх правілаў, якія б засьцерагалі ад войнаў і абаранялі інтарэсы слабейшых. Зьявіліся Хэльсынскія пагадненьні 1975 году.

Тэарэтычна прынцып непарушнасьці пасьляваенных межаў мог стаць засьцерагальнікам ад войнаў і канфліктаў. Калі б гэтага прынцыпу ўсе безумоўна прытрымлівалася і калі б існавала сіла, здольная паставіць на месца парушальніка канвэнцыі. Але ў кожнай эпохі, як выяўляецца, свой Гітлер (ці Пуцін), якім ніякія канвэнцыі, правілы і дамовы ня пісаныя.

У нашай частцы эўрапейскага кантынэнту ўсё больш выразна вымалёўваюцца абрысы новага падзелу, «жалезнай заслоны» ХХІ стагодзьдзя. Шалёная гонка ўзбраеньняў, ідэалягічнае супрацьстаяньне, узаемныя недавер і падазронасьць — вось найбольш адметныя рысы гэтага парадку.

Старэйшыя пакаленьні такія рэаліі добра памятаюць. Маладзейшым, пэўна, давядзецца засвойваць досьвед бацькоў і дзядоў. Што ж, неяк жа жылі і выжывалі: галоўнае, што мір у Эўропе пратрымаўся ў такіх умовах даволі доўга. Некалькі дзесяцігодзьдзяў «трывожнага міру», хутчэй за ўсё, чакаюць Эўропу і наперадзе, пасьля таго, як змоўкнуць гарматы ва Ўкраіне.

Прэзыдэнт Зяленскі ў сваім выступе на нядаўняй Мюнхэнскай канфэрэнцыі, расказваючы, якой ён бачыць на геаграфічнай мапе пасьляваенную «лінію бясьпекі», якая б аддзяляла эўрапейцаў ад агрэсіўнай Расеі, правёў яе па ўсходніх межах Фінляндыі, краін Балтыі, Беларусі і Ўкраіны.

Уключэньне ў гэты пералік Беларусі — надта аптымістычны сцэнар, для рэалізацыі якога не відаць амаль ніякіх падстаў. Куды большая імавернасьць, што Беларусь і Ўкраіна ў выніку гэтага падзелу апынуцца па розныя бакі новай «жалезнай заслоны».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(9)