Ціханоўская: «Калі незалежныя галасы замаўчаць, іх месца тут жа зойме расійская і беларуская прапаганда»
Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі, прысвечанай пытанням рэпрэсіяў, у рамках асноўнай праграмы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Пра што яна распавяла?
Прыводзім асноўныя тэзісы Святланы Ціханоўскай.
Вызваленне палітвязняў – вынік ціску на Лукашэнку
– У сераду тры чалавекі былі вызваленыя з беларускіх турмаў. І мы ўдзячныя новай адміністрацыі Трампа за тое, што гэта стала магчымым. Гэта былі скаардынаваныя намаганні амерыканскага боку і беларускіх дэмакратычных сілаў.
Мы сапраўды ўпарта працуем над вызваленнем людзей. Але трэба разумець: вызваленні адбываюцца не праз гуманнасць Лукашэнкі. Гэта адбываецца праз ціск, які ўвесь час аказваецца на рэжым Лукашэнкі.
Скарачэнне фінансавання беларускіх СМІ пашырыць уплыў расійскай прапаганды
– Скарачэнне фінансавання USAID моцна паўплывала на многія незалежныя СМІ Беларусі. Яны вымушаныя працаваць у выгнанні, бо ўнутры краіны прызнаныя «экстрэмісцкімі» і «тэрарыстычнымі». Сёння гэтыя медыя апынуліся на мяжы знікнення.
Мы павінны разумець, што СМІ – гэта не тыя праекты, якія можна прыпыніць на нейкі час. Супрацьстаянне прапагандзе павінна весціся штодня. Калі незалежныя галасы замаўчаць, іх месца тут жа зойме расійская і беларуская прапаганда.
Ад вынікаў перамоваў па Украіне залежыць будучыня ўсяго рэгіёну
– Існуюць два асноўныя сцэнары перамоваў па Украіне. Першы – справядлівы мір і перамога Украіны. Толькі справядлівы мір у перамовах па Украіне дасць магчымасць Беларусі і многім іншым краінам змяніцца да лепшага, таму што лёс Беларусі і Украіны глыбока звязаны.
Перамога Украіны будзе велізарнай магчымасцю для людзей зноў адкрыта супраціўляцца не толькі ў Беларусі. Гэта таксама дасць шанец Малдове, Грузіі, Арменіі. Таму, дапамагаючы Украіне, вы дапамагаеце ўсяму рэгіёну. Другі варыянт – працяг паўзучай акупацыі нашай краіны з падачы Лукашэнкі, які цяпер служыць інтарэсам Пуціна, а не беларускага народа.
У такім выпадку мы страцім Беларусь на доўгія гады. Калі Украіна не пераможа ў гэтай вайне – гэта ўзмоцніць Пуціна, і нашыя найбліжэйшыя суседзі – Польшча, Літва, Латвія, Эстонія апынуцца пад самай вялікай пагрозай знікнення праз гэта.
Читайте еще
Избранное