«Цырымонія, якая прапісана ў заканадаўстве, але ж сама па сабе ні палітычнага, ні сімвалічнага значэння ўжо не мае»
Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч — пра сёмую інаўгурацыю Лукашэнкі і ўмовы, пры якіх рэжым будзе вымушаны змяніць курс.
25 сакавіка ў Мінску адбылася сёмая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, якую дзейны рэжым наўрад ці выпадкова прызначыў на Дзень Волі. Беларуская прапаганда паспрабавала стварыць карцінку «народнай падтрымкі» гэтай падзеі, але атрымалася зусім не пераканаўча.
Зала ў Палацу Незалежнасці, у адрозненне ад паўпустых сталічных вуліц, была запоўненая людзьмі. Аднак цырымонія інаўгурацыі таксама не выглядала як дэманстрацыя пераканаўчай перамогі, хутчэй, гучала як старыя песні пра галоўнае — захаванне ўлады і «стабільнасці».
Аляксандр Лукашэнка ў сваёй прамове паўтараў старыя тэзісы, завочна спрачаўся з апанентамі, запэўніваў, што «час выбраў нас» і клікаў да новых перамог — і пры тым нічога новага і важнага сваім прыхільнікам не сказаў. Ці ўсё ж такі ў заявах правіцеля ёсць моманты, вартыя ўвагі?
— Я нічога важнага ў інаўгурацыйнай прамове не пачуў, — зазначае ў каментары Филину дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. — Як мне падаецца, увогуле зараз у словах Аляксандра Лукашэнкі нешта важнае і не трэба шукаць, трэба глядзець на паводзіны, на рашэнні, дзеянні.
Усе словы, якія прамаўляюцца апошнімі гадамі — гэта хутчэй спроба ўвесці ўвагу ад нейкіх істотных рэчаў, а не наадварот, паведаміць пра гэтыя рэчы грамадству.
Вось і цяпер нічога вартага грамадскай увагі прынамсі я не пачуў.

— А як у вас уражанні ад атмасферы на вуліцах Мінска, якую прапаганда спрабавала выдаць за святочную?
— На самой справе інаўгурацыя ніколі і не была такім святам, якое людзі неяк заўважалі. Фокус заўсёды быў на выбарах, а інаўгурацыя з 1990-х — пэўная фармальнасць. Таму і тут нічога новага.
Тым больш цяпер і «выбары» былі такія, што ніякай цікавасці і ўласна палітычнага зместу не неслі. Улады задоўга да кампаніі аб’явілі, што яны застаюцца, што паўнамоцтвы ў іх фактычна бясконцыя, і нічога ад «выбараў» залежаць не будзе. Такім чынам і значэнне інаўгурацыі яшчэ меншае: гэта проста цырымонія, якая прапісана ў заканадаўстве, яе трэба выканаць, але ж сама па сабе ні палітычнага, ні сімвалічнага значэння яна ўжо не мае.
— У прамовах чыноўнікаў, перадусім самога Лукашэнкі, па-ранейшаму гучыць 2020 год, апеляцыі да «калі б мы не выстаялі, то о-ёй-ёй». Ці сведчыць гэта аб тым, што ніякай змены курсу, нават частковай лібералізацыі чакаць не выпадае?
— Усе такія змены будуць залежаць ад знешніх умоў, у якіх акажацца Беларусь, а не ад жадання ўладаў.
Мне падаецца, што цягам апошніх пяці год Лукашэнка ў пэўнай ступені рэалізаваў сваю мару, зрабіў тое, што не мог, скажам, у 1990-я, у 2000-я, бо меў шмат абмежаванняў з боку не толькі Захаду, але і Расіі, дый само грамадства не было гатовае да такога жорсткага кантролю. Цяпер жа ён зрабіў тое, што для яго камфортна, што яму падабаецца.
Напэўна, улады лічаць гэта дастаткова эфектыўным, прынамсі з палітычнага гледзішча — хоць і разумеюць, што ёсць эканамічныя страты ад гэтых працэсаў. Таму калі нешта і будзе змяняцца, то ўсё ж пад уплывам знешніх абставінаў.
Першым і найбольш важным фактарам, на думку Андрэя Казакевіча, можа стаць эканамічны. Скарачэнне расійскай падтрымкі — прыкладам, калі вайна ва Украіне скончыцца і значэнне Беларусі як расійскага фарпосту зменшыцца, ці пагоршыцца эканамічная сітуацыя ўнутры самой РФ і не будзе магчымасці інвеставаць вялікія грошы ў Беларусь.
Тады рэжыму давядзецца «шукаць іншыя крыніцы для паляпшэння эканамічнага клімату, што вельмі цяжка зрабіць без паляпшэнне клімату палітычнага».
Другі чыннік, моцна звязаны з першым — гэта неабходнасць паляпшаць стасункі з Захадам, дадае палітолаг.
— Натуральна, гэта будзе патрабаваць пэўных саступак, што тычыцца ўнутрыпалітычнага клімату, — гаворыць Андрэй Казакевіч. — Нават адміністрацыя Трампа, хоць для яе каштоўнасць дэмакратыі выглядае крыху па-іншаму, чым для папярэдніх амерыканскіх прэзідэнтаў — але, тым не менш, пакуль мы не бачылі прыкмет таго, што яны цалкам гатовыя зняць гэтае пытанне з парадку дня.
Таму для нармалізацыі стасункаў, напэўна, усё-ткі давядзецца гэта рабіць.
І вось пад уздзеяннем гэтых двух знешніх чыннікаў змены могуць адбыцца. Але жадання ісці на іх унутры дзеючай улады, маю на ўвазе вышэйшае кіраўніцтва і самога Аляксандра Лукашэнку — няма.
Прынамсі мы бачым, што і Лукашэнка, і тыя, хто знаходзіцца ля яго, заўсёды знаходзяць аргументы, каб паказаць: усё было зроблена правільна, тыя, хто пратэставаў — «ворагі». А таму трэба працягваць ціск, праводзіць «прафілактыку» супраць патэнцыйна нелаяльных груп насельніцтва.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное