Филин

Юлія Кот

Фрыдман: Беларусь знаходзіцца ў эпіцэнтры эскалацыі — таму маўчаць у Лукашэнкі не атрымаецца

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у інтэрв’ю Филину — пра тое, чаму мілітарысцкую рыторыку прапагандыстаў нельга прапускаць міма вушэй і якая небяспека прыляцела лукашэнкаўскаму рэжыму.

Пуцін можа напасці на адну з краін Балтыі — тэза, актуальная не толькі для вайсковых аналітыкаў. Днямі старшыня Марской калегіі, памочнік прэзідэнта РФ Мікалай Патрушаў прыгразіў «знішчальным адказам на любую агрэсію датычна Калінінграда» — і ў гэтым папярэджанні некаторыя эксперты ўбачылі падрыхтоўку да «прабівання» Сувалкскага калідору.

Ці варта прымаць усур’ёз прапагандысцкія заявы і гульні на запалохванне. Беспілотнік, які імаверна заляцеў з Беларусі на тэрыторыю Літвы — гэта «пробны дрон» (і ўжо не першы) ці гульня на нервах? І што працяг эскалацыі значыць для Беларусі, дзе неба ўсё больш перастае быць мірным? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.

Аляксандр Фрыдман

— Ці ўзрастае небяспека для краін Балтыі, паўтор украінскага сцэнару, калі расійскія войскі зайшлі з тэрыторыі Беларусі, ці заявы і пагрозы з РФ — частка стратэгіі запалохвання?

— Прынцыпова ўсе тыя заявы, якія робяцца, трэба ўспрымаць усур’ёз — у тым сэнсе, што ад іх нельга адмахвацца і лічыць, што гэта бязглуздіца. Такую раскошу мы сабе дазволіць больш не можам, — зазначае палітычны аглядальнік.

— Пры гэтым трэба задаваць пытанні: чаму зараз, па якіх каналах ідуць гэтыя заявы і ці ёсць у іх канкрэтны падмурак? Што да падмурка — мы бачым цьмяныя гісторыі з дронамі. Думаю, тыя службы, якія гэтым займаюцца і адсочваюць, усё разумеюць. Іншая рэч, чаму ў публічную прастору трапляюць вельмі няўпэўненыя рэакцыі, чаму такая камунікацыйная палітыка.

Разам з тым, акрамя дронаў, мы не бачым нейкай канцэнтрацыі войскаў на мяжы, тых рэчаў, якія неабходныя з вайсковага гледзішча і якія могуць сведчыць аб тым, што нешта рыхтуецца.

Пакуль не бачым. Гэта можа з’явіцца наступнымі тыднямі, выключаць нельга і трэба ўважліва сачыць за тым, што адбываецца. З боку НАТО пра такія рэчы паведамляюць нават у тых выпадках, калі ўпэўненасці ў рэальнай небяспецы няма.

Аднак змены ў бягучым раскладзе, мяркуе Аляксандр Фрыдман, могуць адбыцца раптоўна. Бо наступ ва Украіне, відавочна не дае тых вынікаў, на якія разлічваў Крэмль, пазіцыя ЗША застаецца незразумелай — магчыма, варта чакаць узмацнення санкцый, а Еўропа дэманструе, што працягне падтрымліваць Украіну. І ўсё гэта можа падштурхнуць расійскага агрэсара пайсці ва-банк.

Логіка расійскай ваеннай аперацыі, якая можа быць праведзеная супраць Літвы ў верасні, палягае не ў падрыхтоўцы маштабнага ўварвання, а ў тым, каб знайсці развязку ў вайне з Украінай і расставіць кропкі над «і». Гэта значыць — пайсці на рызыкоўны, але не немагчымы крок: абмежаваная ваенная аперацыя супраць адной з краін Балтыі.

— Сэнс у тым, каб захапіць пэўны кавалак тэрыторыі Літвы, Латвіі альбо Эстоніі і прымусіць НАТО і вялікіх гульцоў да перамоў, да прыняцця расійскіх умоваў, — гаворыць аналітык.

— Бо ў такім выпадку ёсць дзве магчымасці. Альбо паспрабаваць выбіць расійскія войскі з захопленай тэрыторыі, але гэта вялікая вайна, у якой, як шматкроць кажа РФ, можа быць выкарыстаная і ядзерная зброя. Альбо паспрабаваць дамовіцца і выканаць патрабаванні Крамля (перадусім, спыніць падтрымку Украіны праз Еўропу).

Калі глядзець менавіта з гэтай перспектывы — становішча небяспечнае.

— У такіх варунках як выглядае на сёння чарговы дрон, які заляцеў з Беларусі на тэрыторыю Літвы — гэта праверка рэакцыі, ці гульня на нервах суседзяў?

— Я ўпэўнены, што Расія зараз усё ж не збіраецца весці вайну, гэта не той момант, у іх абмежаваныя рэсурсы і магчымасці. Але паказытаць нервы — зразумела, яны будуць выкарыстоўваць гэтую магчымасць цалкам.

Ім трэба, каб на Захадзе — і ў Вашынгтоне, і ў Берліне, і ў балтыйскіх сталіцах — зыходзілі з таго, што можа пачацца вайна. Таму і адбываюцца «апошнія папярэджанні». Маўляў, глядзіце, мы сур’ёзна. Мы зусім сур’ёзна. Бачыце — ужо дроны лётаюць, а можа быць і яшчэ горш. І думаю, такога кшталту правакацый будзе ўсё больш.

Але ж яны абмежаваныя. Каб паглядзець, што будзе, разам з тым праверыць сістэму супрацьпаветранай абароны, а яшчэ больш цікава — паглядзець, як рэагуе грамадства і палітыкі. Не выключаю, што ў сацыяльных сетках ідзе інфармацыйная кампанія па запалохванні: паглядзіце, што можа быць.

Гэта аперацыя, якая складаецца з мноства чыннікаў. Калі яны палічаць, што рэакцыя абмежаваная, стрыманая — могуць паспрабаваць два дроны, тры дроны, потым — нешта на мяжы, потым — напрыклад, парушыць паветраную прастору.

Гэта ўсё крокі правакцый, абмежаванай эскалацыі, якая мае пэўны псіхалагічны эфект, але наўрад ці выклікае ваенную і палітычную рэакцыю.

І яны будуць падвышаць градус: чым бліжэй будуць вучэнні «Захад-2025», тым часцей будуць гучаць розныя, нават супярэчлівыя, заявы. Цікава, ці падключыцца да кампаніі Лукашэнка. Пакуль на беларускім узроўні на гэты конт выказваюцца спікеры не вельмі сур’ёзныя.

— Затое падвышэнне градусу напружання беларусы ўжо адчулі на сабе. Дроны лётаюць над Гомельшчынай, як дома. У ноч на 29 ліпеня БПЛА упала у спальным раёне Мінска.

Рэакцыя Мінабароны паказальная: «быў перапынены палёт неапазнанай паветранай цэлі», як быццам дрон можа проста ўзяцца ніадкуль над сталіцай. Улады ж робяць выгляд, што нічога такога — да першай ахвяры?

— У чым слабасць дыктатуры — у спосабах камунікаці. Бо ў адкрытым грамадстве, нават калі ўлады імкнуцца нейкую інфармацыю прыхаваць, гэта вельмі цяжка: ёсць незалежныя медыі, ёсць апазіцыя, грамадскія актывісты, якія жадаюць высветліць, што адбылося.

У беларускім выпадку ўсё выглядае інакш. Улады рэагуюць толькі таму, што інфармацыя ўжо трапіла ў публічную прастору. Прычым патрапіла вельмі непрыемным чынам, яе распаўсюдзілі ў сацсетках і актыўна падхапілі незалежныя СМІ.

Трэба рэагаваць — а ўлады не ведаюць, як, бо яны вельмі абмежаваныя ў тым, што могуць паведаміць. Таму з’яўляюцца сумнеўныя прэс-рэлізы: Мінабароны прызнае факт падзення дрона, бо не прызнаць гэта немагчыма, але ніхто не адказвае на пытанні людзей, асабліва тых, хто жыве ў непасрэднай блізкасці ад месца падзення.

Для Лукашэнкі гэта выключна непрыемна. Бо ўся яго стратэгія ў дачыненні да вайны была скіраваная на тое, што мы на гэтай вайне зарабляем, мы скарыстоўваем тэму вайны як палітычны капітал на міжнародным узроўні, але адначасова даводзім грамадству: там вайна, жахі, а ў нас спакойна і нічога такога няма. І цяпер гэтая канструкцыя проста ламаецца.

— Якое ж «мірнае неба», калі з яго падаюць дроны…

— Менавіта. Таму яны імкнуцца гэтую тэму неяк замыліць, каб яе не было. Калі ж падобныя выпадкі будуць паўтарацца, іх будзе многа — прыйдзецца выходзіць Лукашэнку. Бо калі ён будзе маўчаць, людзі толькі больш упэўняцца, што сітуацыя дрэнная і цьмяная.

Беларусь знаходзіцца ў эпіцэнтры эскалацыі — таму маўчаць не атрымаецца. Знаходзячыся, умоўна, побач з землятрусам, які адбываецца штодня, вельмі цяжка рабіць выгляд, што яго не заўважаеш. Праз такія падзеі вайна прыйшла ў Беларусь. Людзі могуць не заўважаць узаемасувязі з вучэннямі, з агульнай эскалацыяй — але пачуццё небяспекі нарастае.

Для Лукашэнкі, для беларускіх уладаў і для Беларусі ўвогуле галоўны непрыемны момант у тым, што лёс краіны не вырашаецца самой Беларуссю. З гледзішча Расіі, Беларусь — гэта рэсурс, які можна выкарыстаць у патрэбным накірунку.

Што да самога Лукашэнкі — думаю, ніхто так не жадае, як ён, каб у жніўні-верасні ў Беларусі ўсё было ціха і спакойна, каб вучэнні як мага хутчэй скончыліся і без наступстваў.

Не таму, што ён жадае лепшага для краіны, не. Проста ён не зацікаўлены, на мой погляд, у новых выкліках і новых рызыках — ён ужо вывучыў пэўныя ўрокі і не хацеў бы паўтараць. Дыктатар, які разумее, што галоўная частка яго палітычнага жыцця прайшла, не хоча новых страсенняў.

Лукашэнка неяк прынаравіўся жыць ва ўмовах заходніх санкцый, жыць побач з вайной, — хай бы ішло так і далей. Рызыкаваць, лезці на ражон — не выглядае ён тым, хто на такое гатовы.

Ён ужо і немалады чалавек, мае адмоўны досвед, і ў яго куды менш амбіцый, чым у ягоных расійскіх сяброў. Аднак калі Расіі вельмі спатрэбіцца, мяркую, міндальнічаць з Лукашэнкам ніхто не будзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(64)