Филин

Юлія Кот

Фрыдман: «Пазіцыя Лукашэнкі ў пэўным сэнсе страўсіная»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары Филину — пра тое, ці з’явіцца «вакно магчымасцей» для Лукашэнкі ў перамоўным працэсе па Украіне. І які цяжкі выбар давядзецца рабіць Еўропе.

New York Times паведаміў са спасылкай на шэсць крыніц, што Трамп змяніў пазіцыю датычна вайны ва Украіне і заявіў: Украіна і Расія мусяць дамовіцца самі.

Пра дасягненне міру за 24 гадзіны гаворка, відавочна, ужо даўно не ідзе — але выглядае на тое, што ЗША робяць усё, каб цалкам выйсці не толькі з перамоўнага працэсу, але і з ролі завадатара ў калектыўнай бяспецы.

Пакуль незразумела, ці гэта спантанная рэакцыя Белага дому, ці трывалая афіцыйная пазіцыя ЗША. У любым разе, што такі расклад значыць для Беларусі: у Лукашэнкі і ягонай «міратворчасці» з’яўляецца новае вакно магчымасцей, альбо наадварот, ад Расіі адпятляць няма куды? І ці могуць у гэтых варунках нешта зрабіць апаненты рэжыму?

На гэтыя пытанні «Филину» адказаў палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

— Я звярнуў бы ўвагу на тое, што гэта — пазіцыя Трампа ў моманце, — падкрэслівае аглядальнік, — то бок, яна можа змяніцца. Цяпер ён пайшоў на гэты крок, таму што не бачыць выйсця з тупіковай сітуацыі, што адзначалі раней і Вэнс, і Рубіё.

 Аляксандр Фрыдман

Не выключаю, што ў гутарцы з Пуціным абмяркоўваўся мемарандум — каб у ім прагучала нешта вартае абмеркавання, а не тое, што Еўропа і Украіна адкінуць у бок. Калі Пуцін выйдзе са сваім так званым мемарандумам і зноў вылучыць традыцыйныя патрабаванні — то гэта як наліць старое віно ў новыя мяхі, макулатура, і там няма пра што гаварыць.

Калі ж там будзе нешта больш кампраміснае (але, па шчырасці, мне цяжка гэта сабе ўявіць) — то цалкам магчыма, што амерыканская пазіцыя зменіцца.

Бо калі Трамп пабачыць для сябе магчымасць зноў зайсці ў актыўныя перамовы і паказаць, маўляў, ён той чалавек, дзякуючы якому спынілася вайна, — ён скарыстаецца гэтым. Тое ж тычыцца і перамоў, якія могуць адбыцца ў Ватыкане. Калі там будзе хаця б нейкі поспех, мы пачуем ад Трампа, што гэта была ягоная ініцыятыва, а паколькі Папа Леў XIV амерыканец, што без амерыканцаў увогуле не магло абысціся.

Для еўрапейскіх партнёраў ЗША, канешне, гэта пэўны шок: Трамп зрабіў зусім іншае ,чым абяцаў, але ж гэта не ш першы і не ў апошні раз. Таму я б не перабольшваў значэнне слоў Трампа. Пакуль яны не бачаць выйсця, але паглядзім, што будзе цягам тыдня-двух, які і дзе будзе новы раўнд перамоў.

Ці зможа скарыстацца кан’юнктурай Лукашэнка? Аналітык нагадвае, як паводзіў сябе афіцыйны Мінск на мінулым тыдні, і мяркуе: беларускі рэжым працягне паводзіць сябе асцярожна, бо ён прызвычаіўся існаваць ва ўмовах вайны, у яго атрымліваецца зарабляць у расійскай эканоміцы і адначасова не ўцягвацца ў вайну, а ўсякія перамены нясуць рызыкі.

— Статус-кво, як мне падаецца, Лукашэнку цалкам задавальняе, — гаворыць Аляксандр Фрыдман. — У той час як прарывы, якія могуць адбыцца ў любым накірунку, для яго небяспечныя. Калі будзе дасягнутае мірнае пагадненне па Украіне — імаверна, што на яго пачнуць больш ціснуць, схіляючы да шчыльнай інтэграцыі. Калі, наадварот, будзе эскалацыя — а я лічу, такая верагоднасць з боку Расіі датычна суседзяў Беларусі падвысілася, — для гэтага можа быць выкарыстаная і тэрыторыя, і нават беларускія вайскоўцы.

Для Лукашэнкі ўсё гэта небяспечныя выклікі. Мне падаецца, ён хацеў бы застацца на сённяшнім узроўні і адначасова спрабаваць паляпшаць стасункі з ЗША. Але мы бачым, што апошняе пакуль не дае вынікаў. Грамадзян ЗША вызвалілі — але пакуль няма ні вяртанні амерыканскага амбасадара, ні прыезду амерыканскіх чыноўнікаў, якія вялі б з Лукашэнкам перамовы, ні паляпшэння эканамічных стасункаў.

Адпаведна, зазначае аналітык, і амерыканская тэма знікла з беларускай павесткі. Правіцель, які раней нахвальваў патэнцыйнага сябра Дональда Трампа, маўчыць. Прадстаўнікі рэжыму падчас перамоў у Стамбуле таксама пераважна маўчалі, кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў выказаўся толькі праз дзень і ў прарасійскім накірунку, а сам Лукашэнка да сёння нічога не каментуе.

Адзіная рэпліка пра тое, што Беларусь гатовая стаць пляцоўкай перамоў, належала прэс-сакратарцы правіцеля Наталлі Эйсмант.

— Лукашэнка за дужкамі працэсу, ніякім чынам у ім не ўдзельнічае. Ягоная пазіцыя ў пэўным сэнсе страўсіная: трэба сядзець ціха, не высоўвацца і чакаць, бо кожны крок можа быць рызыкоўным.

Таму ён не выказваецца і наконт перамоў у Ватыкане — чакае, як будзе рэагаваць Расія. За Стамбул расійскай прапагандзе ўжо давялося апраўдвацца. І для Пуціна будзе непрыемная гісторыя, калі зараз яго асабіста запросіць Папа Рымскі — рыторыка пра «не той узровень2 не спрацуе. А з боку Ватыкана можа быць вельмі прыгожы крок. Аднак Лукашэнка ў гэтым кантэксце ніякай ролі адыгрываць не будзе.

Што да апанентаў рэжыму, — на думку Аляксандра Фрыдмана, магчымасцей паўплываць на сітуацыю цяпер у іх няма. Пытанні, якія маглі б быць рэлевантнымі для Беларусі, наогул не знаходзяцца сёння на стале, бо да контураў міру і нават трывалага перамір’я вельмі далёка.

— Беларускай апазіцыі застаецца толькі нагадваць пра сябе, звяртаць на сябе ўвагу — што, уласна, Ціханоўская і рабіла на саміце ў Тыране.

Новых санкцый пакуль чакаць не выпадае. Хаця еўрапейскі дыскурс на гэты конт мяняецца, але новыя абмежаванні тычацца Расіі — беларускай тэматыкі ў гэтых абмеркаваннях няма.

На думку аналітыка, Еўропе давядзецца рабіць вельмі складаны, але непазбежны выбар: альбо працягваць спробы «зацягнуць» за стол перамоў Трампа і пераканаць, каб той рана ці позна выступіў на правільным баку, а не падыгрываў расійскаму агрэсару — альбо разлічваць толькі на сябе і прымаць сур’ёзныя рашэнні.

— Уключыць яшчэ 5 чалавек у санкцыйны пакет — гэта замала. Калі еўрапейцы хочуць, каб з імі лічыліся і ўспрымалі сур’ёзна, ім давядзецца дзейнічаць рашуча і прымаць жорсткія санкцыі, — гаворыць Аляксандр Фрыдман. — Можа паўстаць зноў пытанне пра ракеты Taurus для Украіны.

А з другога боку, усё адно трэба размаўляць з амерыканцамі. Бо ЗША — вельмі важны фактар для еўрапейскай палітыкі і для падтрымкі Украіны, а іх зыход — тое, што дапаможа Расіі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(40)