Общество

Геніяльны ход, які мог бы зрабіць вярхоўны галоўнакамандуючы РБ

Лявон Вольскі на Budzma.org малюе неверагодны сцэнар, які мог бы прывесці да развалу расейскай імперыі, ды разважае пра тое, што мы можам супрацьпаставіць расейскім гістарычным міфам.

Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada

Ці сьвяткаваць Дзень беларускае вайсковае славы?

Ці напраўду пад Воршай мы зьдзяйсьнілі агаламшальную перамогу над маскалямі? І хто «мы»? Тады ж не існавала ані беларусаў, ані расейцаў. А тая вайна была адно сутычкай фэадалаў. Таму, нібыта, і сьвяткаваць няма чаго.

Так можна казаць і пра Грунвальд. Вось яшчэ нядаўна Вітаўт карыстаўся тэўтонцамі дзеля вырашэньня міжусобных канфліктаў, а сёньня ўжо разам з братам выступіў супраць Ордэну. Бо так легла палітычная карта.

Сёньня — адно, заўтра — іншае. Сёньня Вітаўт паганец, заўтра — каталік. І, насамрэч, невядома, колькі там было войскаў. Можа, як у распіяраным Лядовым пабоішчы — жменька рыцараў і натоўп ліцьвінаў з парай сотняў наймітаў-кантрактнікаў?

Дык ці варта сьвяткаваць?

Чаму вучаць нашых дзяцей?

Пакуль мы спрачаемся над мэтазгоднасьцю гэтых сьвятаў, нашыя дзеці вучаць гісторыю па агульных з расейцамі «адзіных» падручніках. А там усё тое ж — гераічны Аляксандр Неўскі, вялікі Петр 1, Сувораў ды Кутузаў.

Мы горача спрачаемся, ці дбаў Каліноўскі пра інтарэсы беларусаў, ці можна прылічаць да нас Касьцюшку, а ідэолягі-русафілы ўсё ўжо прадумалі і разьмеркавалі: Касьцюшка і Каліноўскі — палякі-нацыяналісты і да Беларусі ніякага дачыненьня ня маюць.

І гэтае аўтарытэтнае меркаваньне будзе стоадсоткава ўлічана пры складаньні «адзіных падручнікаў». І нам давядзецца тлумачыць дачцэ (сыну), што насамрэч усё было ня так, а яна (ён) скептычна пытацца: «Ты хочаш сказаць, што ведаеш гісторыю лепей за тых, хто складаў падручнік? І, калі гэта сапраўды так, навошта я хаджу ў гэтую школу на гэтыя заняткі?». І што тут адказаць?

Нам пакінулі вайну і пасьляваенныя дасягненьні гераічнага беларускага народу. З усёй шматвекавой гісторыі. А мы й ня супраць! Літоўскія князі— ня нашыя, Княства — таксама літоўскае, Грунвальд — супярэчлівы, цяпер ужо й бітва пад Воршай поўная сур’ёзных пытаньняў...

Расейцы ствараюць гістарычныя міты, якія часьцяком ня маюць дачыненьня да рэчаіснасьці, пішуць кнігі, здымаюць фільмы, майструюць падручнікі — і ўсё ажывае — перамога расейскае зброі пад Барадзіном, рэфарматар Пётр і тактык Аляксандр Неўскі. Ня кожны здатны пераасэнсаваць гэтую ўсмактаную ў дзяцінстве інфармацыю.

Што супрацьпаставіць расейскім гістарычным мітам?

Што мы можам супрацьпаставіць? Псэўдаінтэлігентныя спрэчкі і скепсыс? Шматлікасьць поглядаў на гістарычныя падзеі? І так пераможам? Ці мы ня хочам перамагаць, адно атрымліваем асалоду ад сябе, такіх эрудыяваных, начытаных, абазнаных, сучасных, прыгожых і, як прынята, дзіўнаватых і парадаксальных?

Тым часам набліжаюцца так званыя «вучэньні», Польшча зачыняе памежныя пераходы (невядома, на які тэрмін), Літва зьбіраецца зрабіць тое ж самае, патыхае чымсьці зусім нядобрым...

Геніяльны ход

Вось тут бы вярхоўнаму галоўнакамандуючаму РБ і зрабіць геніяльны ход, якога ад яго ніхто не чакае, і ў адказ на словы: «Ну, что, Александр, теперь твоя очередь. Вступай в войну, с тебя Сувалкі і весь корідор!», разьвярнуцца на 180 градусаў і абвясьціць:

«Дарагая Яўропа! Мы, беларусы, з табой! Прымі нас назад у сям’ю еўрапейскіх народаў! Нас вынудзілі быць з Расіяй, но вы не прадстаўляеце, какое даўленіе на мяне аказвалася, как мяне ўніжалі, чым мне ўгражалі, какой быў шантаж! Но вот цяпер у нас есьць ядзернае аружые і «Арэшнік», і мы гатовы прымяніць гэта ўсё проціў расійскага агрэсара. Наша армія ў поўнай баявой гатоўнасьці! Дарагая Урсула, ждзём тваіх прамых указаній».

Вось тут бы пачалося! Пуцін замітусіўся б, а вольных войскаў няма, каго накіроўваць на Паўночна-Заходні напрамак? Пачалася б татальная дэмаралізацыя: «Мы думалі, «батька» назаўжды з намі, а яны ўсе здраднікі, аказваецца! Дык хто нашыя сапраўдныя саюзьнікі? Толькі гэтыя вузкавокія? Ды пайшло яно ўсё!». Дэзэртырства, здача ў палон, развал імпэрыі...

Але ці здольны на такія нетрывіяльныя хады той, для каго Масква — «сталіца нашай родзіны», хто вучыў гісторыю па савецкіх падручніках і ніколі ў жыцьці не сьвяткаваў Дзень беларускай вайсковай славы?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(22)