«Каб пакістанцы прыехалі, ім трэба плаціць ня менш за $800. І што тут павінны сказаць шараговыя беларусы?»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў — пра тое, чаму ў Беларусь не прыедць работнікі з Пакістана.  

1. Калі даводзілася ў розных СМІ выказвацца нейкім бокам і пра эканоміку, то ўсе апошнія месяцы я казаў, што ўладзе прыйдзецца запрашаць мігрантаў, – піша Цыганкоў. – Бо відавочны недахоп кадраў у Беларусі, дэмаграфічная катастрофа, сотні тысяч маладых і адукаваных зьехалі пасьля 2020, тым, хто застаўся, плацяць усё больш, але істотна падвышаць заробкі ўжо няма магчымасьці.

Таму заставалася два варыянты — альбо прасіць вярнуцца тых, хто зьехаў, і ствараць для гэтага ім спрыяльныя ўмовы (у тым ліку адмову ад рэпрэсіяў), альбо запрашаць мігрантаў. Для мяне было відавочна, які шлях выбярэ ўлада.

Віталь Цыганкоў

2. Сярэдні заробак у Пакістане прыблізна 250-300 даляраў (розныя спасылкі даюць рознае). Для чаго пакістанцу ехаць за мяжу? Каб зарабляць істотна больш, каб нейкія сумы альбо адкладваць альбо адсылаць у сям’ю.

Адсюль — якім павінен быць у яго заробак у Беларусі, каб гэта мела хоць які эканамічны сэнс? Ня менш за 800 даляраў. Бо на 300-400 ён зможа пражыць (жывучы ў інтэрнаце і вельмі сьціпла харчуючыся), і тады хаця б 400 ён можа адкладаць (адсылаць дадому).

Так што каб яны добраахвотна сюды прыехалі, ім трэба плаціць ня менш за 800 даляраў. І што тут павінны сказаць шараговыя беларусы? Сярэдні заробак у лёгкай прамыловасцьі ў Беларусі каля 1700 рублёў (550 даляраў). Але гэта з улікам начальства, простым працаўнікам ня больш за 500.

Узьнікне лагічнае пытаньне — чаму нам плацяць 500, а прыезжым пакістанцам будуць плаціць больш?

3.Калі адчынялі з помпай «Вялікі камень», то людзі таксама баяліся, што прыедуць сотні тысяч кітайцаў. Тым больш што ўлада пра такое заяўляла. Не прыехалі. Дакладней, пачалі прыязджаць, але потым звалілі назад. Бо Кітай за апошнія дзесяцігоддзі зрабіў вялікі рывок у сярэдніх даходах, а Беларусь толькі дэградавала.

Дэградавала — гэта не метафара. У канцы 2010 году ў Беларусі быў сярэдні заробак 500 даляраў. Зараз — 700 даляраў, дзякуючы таму, што беларускі рубель узмацніўся за апошнія месяцы — але гэта відавочна часовы эфэкт.

У любым выпадку, з-за інфляцыі даляра ў сьвеце (прыблізна 70 працэнтаў з 2010га) — на 500 даляраў у 2010 у Беларусі можна было больш купіць, чым на 700 зараз. То бок статыстычна беларусы жывуць зараз бядней чым у 2010-м. У такую бедную краіну мігранты масава не езьдзяць. Гэта нас і ратуе)

Таму ўзьнікаюць вялікія сумневы ў рэалістычнасьці абвешчанага пакістанскага дэсанта. Мне ўвогуле падаецца, што Лукашэнка ляпнуў гэта, каб спадабацца пакістанскаму прэм’еру — ён усё жыцьцё так робіць, гаворыць тое, што прыемна суразмоўцу.

Праўда, кажуць і пра такі варыянт — што гэтыя пакістанцы будуць разглядаць Беларусь проста як перавалачны пункт для пераезду ў Эўропу. Але навошта такая складаная схема, калі яны могуць легальна па працоўных візах прыязджаць у Эўразьвяз. Малаверагодна.

4. Лёгкая дыскусія, якая прайшлася з гэтай нагоды па беларускіх сацсетках, чарговы раз паказала, што ёсьць вельмі спецыфічныя людзі, якія пакутуюць на «прагрэсізм галаўнога мозга».

Існуюць словы-трыгеры, сітуацыі-трыгеры, якія ўключаюць для іх пэўны механізм рэакцыі — ня гледзячы на абставіны, канкрэтную сітуацыю, рэальнасьць. І яны пачынаюць крычаць «ура, мігранты» і «вы ўсе чаго-та там фобы» — проста таму, што, на іхнюю думку, гэта правільна і справядліва, бо мігранты (ня толькі яны, вядома, тут некалькі «прагрэсіўных» словаў-трыгераў) апрыёры прыгнечаныя, і іх трэба абараняць.

Мы гэта ўжо назіралі ў 2021 годзе, калі некаторыя зацята абаранялі тых мігрантаў, якія добраахвотна сталі зброяй у гібрыднай памежнай вайне Лукашэнкі супраць Эўразьвязу. Што ж, нічога новага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(26)