Политика

Карбалевіч: «Беларускія ўлады сталі ахвярай уласнай прапаганды»

Інфармацыя пра 150 тысяч пакістанцаў як тэст для грамадзтва і ўлады. Аналіз Валера Карбалевіча на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

На сёньня нічога невядома пра практычную рэалізацыю ідэі завезьці ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў. Цалкам магчыма, што гэты праект не закончыцца нічым. Аднак сама тэма выклікала вялікія жарсьці — абмеркаваньні ў сацыяльных сетках, мэдыя. Улады былі вымушаныя рэагаваць у сваім звычайным стылі.

З пачатку было зразумела, што сама ідэя прывесьці ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў замест выгнаных з краіны соцень тысяч беларусаў ня выкліча вялікага энтузіязму ў грамадзтве. Тым ня менш, нэгатыў, які выплюхнуўся ў сацыяльныя сеткі, стаўся нечаканым для ўладаў.

Інфармацыя пра 150 тысяч пакістанцаў стала своеасаблівым тэстам, які шмат што выявіў і для грамадзтва, і для кіроўнага рэжыму.

Найперш, улады былі ўпэўненыя, што ў выніку жорсткіх рэпрэсій у краіне ўсё закатана ў асфальт, любая несанкцыянаваная грамадзкая актыўнасьць зьнішчана, усе «схаваліся ў бульбу» і будуць маўчаць, што б не здарылася.

Аднак улады не ўлічылі, што мы жывем у эпоху інтэрнэту. Сацыяльныя сеткі — гэта такая шчыліна, аддушына, праз якую так ці інакш праточваюцца грамадзкія настроі, як бы гэтую віртуальную прастору не імкнуліся кантраляваць

З іншага боку, шырока распаўсюджаныя ўяўленьні пра «інтэрнацыяналізм», «талерантнасьць» беларусаў — хутчэй міты. Гэта такія ідэалягічныя канструкцыі, якія моцна разыходзяцца з рэальнасьцю. Той факт, што на чале Беларусі 30 гадоў стаіць чалавек зь вельмі агрэсіўным стылем паводзін, якія ніяк нельга атаясаміць з талерантнасьцю, шмат пра што кажа.

Акрамя таго, беларускія ўлады сталі ахвярай уласнай прапаганды. Шмат гадоў прапагандысты апавядалі, як пакутуе Эўропа ад мігрантаў, якія кашмараць тамтэйшых жыхароў. Маўляў, яны там спарадзілі крымінал, бясконца гвалцяць жанчын, ад іх адны праблемы. І цяпер, калі Аляксандр Лукашэнка аб’явіў, што прывязе дзясяткі тысяч гэтых самых мігрантаў у Беларусь, то рэакцыя абывацеляў была адпаведнай.

Да таго ж улады апынуліся закладнікамі той самай ідэалягемы «стабільнасьці», якая зьяўляецца ці не галоўным стаўпом лукашэнкаўскага ідэалягічнага канструктару. Маўляў, жылі ціха сабе, спакойна і раптам вось «панаехалі тут».

Нарэшце выявілася ці не самая галоўная праблема аўтакратый — адсутнасьць зваротнай сувязі з грамадзтвам. Дыктатарскі рэжым разбурае ўсе мэханізмы, з дапамогай якіх насельніцтва магло б даводзіць да ўладаў свае інтарэсы, праблемы, настроі. Гэта выбары, прадстаўнічыя органы, партыі, прафсаюзы, НДА, незалежныя мэдыя і інш.

У Беларусі ўсе гэтыя інстытуцыі зьліквідаваныя. Іх зусім няма. У выніку ўлады ня ведаюць дакладна, што адбываецца ў грамадзтве. Таму часта перабольшваюць пратэстныя настроі, як тое было падчас апошніх выбарчых кампаній, а іншым разам проста не фіксуюць назапашваньне нэгатыву, бо няма адпаведных радараў. Менавіта гэта адбылося цяпер.

І тут важна зьвярнуць увагу на яшчэ адзін момант. Сам Лукашэнка перастаў адчуваць грамадзтва. Доўгі час ягоны талент як палітыка выяўляўся ў вострай палітычнай інтуіцыі, інстынктыўным адчуваньні грамадзкіх настрояў, у здольнасьці быць люстэркам калектыўнага бесьсьвядомага соцыюму, адлюстроўваць ягоныя мэнтальныя імпульсы і архетыпы.

Аднак калі шмат гадоў не камунікаваць з рэальным народам, то ўсе гэтыя прыродныя якасьці прытупляюцца. Лукашэнка даўно знаходзіцца ў інфармацыйным пухіры, у прасторы, моцна скажонай ягоным атачэньнем. Таму пэрыядычна робіць памылкі. Ягоны папулізм не спрацоўвае. Клясычны прыклад — 2020 год, калі Лукашэнка нарабіў столькі памылак, што сам у значнай ступені справакаваў народны выбух.

То бок дыктатарскі рэжым па самой сваёй прыродзе рэгулярна «падстаўляецца», робіць крокі, якія выклікаюць абурэньне людзей. Гэта непазьбежны працэс ва ўмовах адсутнасьці зваротнай сувязі з грамадзтвам. У аўтакратыях па-іншаму і не бывае. Таму цяпер Лукашэнка па ходу вымушаны апраўдвацца, абвінавачваць ворагаў, якія «народ спрабуюць палохаць».

Адказ уладаў на нэгатыўныя камэнтарыі беларусаў у сацыяльных сетках быў чаканы, стандартны. Гэта рэпрэсіі. Людзей сталі затрымліваць, прымушаць выступаць у «пакаяльных відэа». Рэжым па-іншаму ня ўмее.

Улады ня хочуць размаўляць з грамадзтвам, ня лічыць гэта патрэбным. Яны не разумеюць, навошта трэба некаму нешта тлумачыць, калі ёсьць ГУБАЗіК. На ўсе праблемы, якія ўзьнікаюць у грамадзтве, рэжым дае ўнівэрсальны адказ — гвалт. Пакуль гэта дае эфэкт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(8)