Кароўнік, сьвінарнік, гандаль крыптай. Як беларускія IT-спэцыялісты прафэсійна дэградуюць падчас зьняволеньня «за палітыку»
Праграмісты на «хіміі» працуюць у кароўніках і сьвінарніках, а ў калёніях іх уціскаюць і трымаюць ў ШЫЗА і ПКТ, піша Радыё Свабода. За ахвяраваньні IT-спэцыялістам прысуджаюць шалёныя тэрміны. Ці здолеюць яны пасьля вярнуцца да інтэлектуальнай працы?
Паводле зьвестак праваабаронцаў, каля сотні беларускіх ІТ-спэцыялістаў асуджаныя ў крымінальных справах. Тэрміны розныя — ад пары гадоў папраўчых работ за нібыта хуліганства і ўдзел у пратэстах да 10–12 гадоў за ахвяраваньні і падтрымку «экстрэмісцкай дзейнасьці».
Расказваем, з якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца беларускія праграмісты за кратамі і пасьля вызваленьня.
5-7 праграмістаў на адну камэру
Масава затрымліваць ІТ-спэцыялістаў у Беларусі пачалі яшчэ да выбараў жніўня 2020 году. 15 ліпеня 2020 году, пасьля адмовы ЦВК зарэгістраваць кандыдатам у прэзыдэнты Віктара Бабарыку, у Менску пачалі выстройвацца вялікія чэргі, каб падаць скаргі. У горадзе адразу ж пачаўся хапун.
З іроніі лёсу, тады ў адным аўтазаку апынуліся двое братоў Куўшынавых, якіх затрымалі ў розных месцах: Аляксандар Куўшынаў — дырэктар Wialon, флягманскага прадукту беларускай ІТ-кампаніі Gurtam, якая распрацоўвае праграмнае забесьпячэньне для GPS-маніторынгу, і ягоны брат Віктар — таксама праграміст, кіраўнік кампаніі PandaDoc, зарэгістраванай у Каліфорніі.
На наступны дзень іх асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу — Аляксандра на 10 дзён, Віктара — на 11. Сядзелі браты ў адной камэры на Акрэсьціна.

Віктару Куўшынаву ўлады адпомсьцілі яшчэ раз: 2 верасьня 2020 году затрымалі паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу нібыта за «махлярства, зьдзейсьненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры».
Тады PandaDoc запусьціла інцыятыву «Protect Belarus» для дапамогі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія пакінулі працу, адмовіўшыся выконваць злачынныя загады.
Пасьля пачатку пратэстаў сотні супрацоўнікаў ІТ-сэктару за ўдзел у іх былі асуджаныя ў адміністрацыйных справах. Людзі атрымлівалі пераважна максымальны на той час прысуд — 15 дзён арышту.
— У адной камэры на Акрэсьціна адначасова сядзелі па 5-7 праграмістаў. Мы нават жартавалі, што можам правесьці працоўны meeting абмену досьведам ці праводзіць курсы рыхтаваньня тэставальнікаў для астатніх, — узгадваў Ягор (поўнае імя не называем з прычын бясьпекі. — РС), які ў той час працаваў кіраўніком групы ў ЕРАМ і адбываў 15-дзённы арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.
Пазьней ён вымушаны быў рэлякавацца з сваёй камандай у Польшчу.

Ягор мяркуе, што менавіта масавыя рэпрэсіі супраць IT-спэцыялістаў у 2020-21 гадах сталі прычынай рэлякацыі тысяч ягоных калегаў.
— Кіраўніцтва многіх ІТ-кампаніяў ляяльна ставілася да асуджаных на «суткі», хлопцы вярталіся на працу, ім кампэнсавалі заробак. Але калі затрыманьні пайшлі на дзясяткі — кампаніі вырашылі паступова рэлякаваць супрацоўнікаў. Многія не хацелі зьяжджаць, бо заробкі ў Беларусі ў ІТ-сфэры былі прыстойныя, людзі пачалі будаваць уласнае жытло. Давялося ставіць жорсткія ўмовы: альбо рэлякацыя, альбо звальненьне. Пагатоў на IT пачалі заводзіць ужо і крымінальныя справы, а гэта ўжо не 15 дзён, — расказвае Ягор.
Суд, «хімія», эміграцыя
Адным зь першых праграмістаў, затрыманых за ўдзел у пратэстах у крымінальнай справе, быў вядучы інжынэр-праграміст буйной ІТ-кампаніі Сьцяпан Чыкілёў. 15 лістапада 2020 году, калі ў Менску праходзіў «Марш сьмелых» памяці Рамана Бандарэнкі, ён на праспэкце Пушкіна нібыта кінуў штосьці ў бок міліцэйскага мікрааўтобуса. І ў той момант на яго наехаў другі бус, які рухаўся з боку Прытыцкага.
Мужчыну жорстка затрымалі, пабілі ў пастарунку так, што ён трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Мэдыкі дыягнаставалі спалучаную траўму, страсеньне мозгу, шматлікія сьляды ўдараў, драпіны, пашкоджаньне ныркі. Аднак яго хутка вярнулі ў СІЗА.
На пачатку лютага 2021 году Чыкілёва асудзілі паводле артыкулу 339, частка 2 — «злоснае хуліганства». Праграмісту прысудзілі 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (гэта так званая «хімія») і вызвалілі ў залі суду. Чыкілёў меркаваў, што на «хіміі» яму дазволяць працаваць у спэцыяльнасьці дыстанцыйна, але калі даведаўся, што гэта немагчыма, пасьпеў выехаць зь Беларусі.
Праграміста Віктара Пархімчыка затрымалі 16 лістапада 2020 году за тое, што ён нібыта раскідваў самарэзы на праезнай частцы. Судзілі яго таксама за «злоснае хуліганства» паводле 339 артыкулу КК. Прысудзілі 2 гады «хіміі», якую пазьней замянілі на калёнію, дзе Пархімчык правёў чатыры месяцы.

На прымусовыя працы ў Камянецкі раён Віктар паехаў разам з кіраўніком ІТ-кампаніі, у якой працаваў. Той прывёз хадайніцтва, каб асуджанаму праграмісту далі магчымасць працаваць дыстанцыйна, кіраўнік быў гатовы нават бытоўку для кантралёраў паставіць. Але Віктаравага шэфа там нават не прынялі, не пусьцілі на парог. А самога асуджанага паставілі працаваць у кароўніку. На яго думку, асноўная задача «сыстэмы» — прымусіць чалавека на працы пакутаваць.
— Кароўнік для чалавека, які ніколі не працаваў у сельскай гаспадарцы, — гэта пакута. Я вымушаны быў падпісаць кантракт аб тым, што мяне ўладкоўваюць жывёлаводам 5 разраду. У першы ж дзень мне выпісалі «парушэньне тэхналёгіі кармленьня кароваў».
Потым было яшчэ адно парушэньне, замаячыла трэцяе — мяне хацелі зрабіць злосным парушальнікам. І я падаў скаргу ў камісію працоўных спрэчак аб тым, што не адпавядаю займанай пасадзе. Бо ў кантракце было напісана, што я павінен умець прымаць роды ў каровы. А я ж ня ўмею!
Карацей, з кароўніку мяне адправілі працаваць у сьвінарнік. Фактычна ўзялі ў рабства — на час адсутнасьці нейкага працаўніка, У сьвінарніку я адпрацаваў месяц, потым вярнуўся асноўны работнік, — узгадвае Віктар.
Мужчына добра вывучыў Крымінальна-выканаўчы кодэкс: выявілася, што ён мае права падчас «хіміі» вучыцца.
— Я запісаўся на курсы ЕРАМ, меў дакумэнт, што мяне прымаюць, нават была квітанцыя аб аплаце тых курсаў. Ім было б выгадна даць справаздачу, што чалавек хоча вучыцца, павышаць кваліфікацыю, стаў на шлях выпраўленьня. Але яны доўга кансультаваліся і ўрэшце далі адказ, што, маўляў, ня маюць права дазволіць мне кампутар, бо няясна, як электрычнасьць за падключэньне кампутара будзе аплочвацца. І мне адмовілі ў навучаньні.
Тады «хімікам» былі дазволеныя тэлефоны, і я, седзячы ў бараку, гандляваў крыптавалютай. Уводзіць коды я ня мог, бо экран замалы, але крыптай гандляваў. Нават некаторым сяржанцікам, якія да мяне нармальна ставіліся, паказваў прынцыпы трэйдынгу, — прызнаецца былы палітвязень.
Потым ІТ-спэцыяліста накіравалі ў Высокае, на прадпрыемства «БелМінэралГруп» — завод базальтавага валакна. Дырэктар даведаўся, што Віктар адмыслоўца ў стварэньні сайтаў і даручыў яму зрабіць сайт арганізацыі.
— Ну дзе ён яшчэ знойдзе бясплатнага спэцыяліста, які распрацуе яму сайт? Я сядзеў у кабінэце, працаваў. Але неяк прыйшоў сяржант мяне правяраць — а я за кампутарам сяджу! Хоць яго не павінна хвалявяць, што я раблю, — галоўнае, што я працую і што цьвярозы. І мяне перавялі на цяжкую фізычную працу.
Адлегласьць ад бараку да месца працы была 25 кілямэтраў. Транспарт туды не хадзіў, і мне загадалі ісьці пешшу 25 км празь Белавескую пушчу на працу. Я паспрабаваў пару разоў прайсьці. Потым перастаў. Ну і адправілі ў ШЫЗА. А потым за шматлікія парушэньні замянілі «хімію» рэальнай калёніяй, — кажа Віктар.
Кампутарныя курсы для забойцаў
Чатыры апошнія месяцы Віктар Пархімчык правёў у папраўчай калёніі № 17, што ў Шклове. Менавіта там Інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Магілёўскага ўнівэрсытэту арганізаваў дыстанцыйнае навучаньне зьняволеных, іх вучылі апрацоўваць выявы ў Photoshop і CorelDraw, выкладалі асновы распрацоўкі сайтаў і web-праграмаваньне.
— Але гэта было толькі для крымінальнікаў — палітычным у ПК-17 немагчыма ня тое каб на кампутарныя курсы трапіць, а нават на турнікі, на стадыён хадзіць. Забойцам, крымінальнікам, наркатычным можна, а палітычным — не.
Так, у калёніі была кампутарная кляса. Я нават кансультаваў аднага хлопца, які сядзеў за наркатычны артыкул і вучыўся ў той праграме. Ды я сам мог бы іх вучыць на тых курсах. Не онлайн, як там нейкія студэнты выкладалі, а офлайн. Але мяне не дапусьцілі, натуральна, — кажа Віктар Пархімчык.

З іроніі лёсу, менавіта ў Шклоўскай калёніі адбывалі пакараньне шмат ІТ-спэцыялістаў. Акрамя Віктара Пархімчыка, у той час у ПК-17 сядзеў вядомы бізнэсовец, заснавальнік кампаніі Astronim, якая распрацоўвае сайты, сузаснавальнік Міжнароднага фэстывалю маркетынгу і рэклямы «Белы квадрат» Багдан Каравец. Ён ужо выйшаў на волю, цалкам адбыўшы прысуджаныя паводле 342 артыкулу КК 2 гады калёніі.
Былы вязень Наваполацкай калёніі № 1 Георгі (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) расказаў Свабодзе, што менавіта да зьняволеных ІТ-спэцыялістаў і журналістаў вельмі жорстка ставілася адміністрацыя.
— Па-першае, праграмістаў, якія пераважна не вылучаліся атлетычным складам і фізычнай сілай, ставілі на самую цяжкую і шкодную працу — выцягваць дрот з кабэляў. Адзін кантралёр зьдзекаваўся: «Гэта табе не па клявішах лупіць і ў экран вытарашчвацца!»
Іх увесь час беспадстаўна каралі штрафным ізалятарам і ПКТ. Проста нейкая клясавая нянавісьць была ў вертухаяў да разумных і адукаваных! Я засьпеў час, калі да нас заехалі першыя два асуджаныя за данаты. Іх проста абражалі: «мільянэры кончаныя, будзеце цяпер 10 гадоў баланду хлябтаць, а не па рэстаранах швэндацца», — узгадвае Георгі.
Ад 5 да 12
Калі ў 2020–21 гадах за пратэсты людзі атрымлівалі прымусовыя працы ці 2-3 гады калёніі, то пазьней ІТ-спэцыялістаў сталі асуджаць на вялікія тэрміны.
Праграміста Арцёма Мазаніка затрымалі ў пачатку 2022 году за ўдзел у дзьвюх акцыях пратэсту. Яго абвінавацілі ў «незаконным зборы і распаўсюдзе пэрсанальных зьвестак» (ч. 3 арт. 203-1 КК), «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» (ч. 3 арт. 361 КК), у «распальваньні варожасьці» (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК).
Выявілася, у 2020 годзе Арцём распрацаваў мабільную аплікацыю Belscan, з дапамогай якой распаўсюджваў інфармацыю аб прыватным жыцьці і пэрсанальныя зьвесткі сілавікоў і прадстаўнікоў улады. Акрамя таго, яна дазваляла праз штрых-код вызначаць вытворцаў тавараў і правяраць іх дачыненьне да прадпрыемстваў, што падтрымліваюць дзейную ўладу.
У выніку Арцёма Мазаніка пакаралі 8 гадамі турмы.
Юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва кажа, што дакладна вядомыя 85 імёнаў ІТ-адмыслоўцаў, што трапілі пад крымінальны перасьлед (у тым ліку завочна — у межах спэцыяльнага вядзеньня). Зь іх 83 чалавекі ўжо асуджаныя. Хтосьці адбыў свой тэрмін, хтосьці яшчэ адбывае, а хтосьці за мяжой. Але гэта далёка ня поўная інфармацыя, многія спэцыялісты і іхныя сваякі ня хочуць розгаласу.
— Пра 14 чалавек вядома, што іх асудзілі на даволі вялікія тэрміны — ад 5 да 12 гадоў. Гісторыі і абвінавачаньні розныя, то і падставы для такіх вялікіх тэрмінаў розныя. Найдаўжэйшы тэрмін — 12 гадоў — прысуджаны завочна Вераніцы Цапкале. Яна адна з тых, хто стаў абліччам поствыбарных пратэстаў 2020 году, плюс суд завочны, таму і такі вялікі тэрмін.
Найбольшы тэрмін сярод затрыманых — у праграміста Дзьмітрыя Маставога, які атрымаў 10 гадоў у справе аб падрыве расейскага самалёта ў Мачулішчах.
Таксама можна вылучыць выпадкі, зьвязаныя з раскрыцьцём зьвестак дзяржаўных службоўцаў — балючае пытаньне для дзяржавы, тут вялікія тэрміны, напэўна, маюць мэту паказаць, што дзяржава сваіх абараняе, — мяркуе юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва.
Пры гэтым нават адносна невялікі тэрмін зьняволеньня можа значна паўплываць на прафэсійныя якасьці праграміста. Ягор (поўнага імя не раскрываем у мэтах бясьпекі. — РС), кіраўнік групы ў адной вядомай ІТ-кампаніі, кажа, што многае залежыць ад саміх людзей, ад іхнага жаданьня, здольнасьцяў. Ён прыводзіць прыклад маладога хлопца, які раней працаваў тэставальнікам у іхнай кампаніі, але быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня. Цяпер выйшаў на волю.
— Мы спачатку размаўлялі зь ім дыстанцыйна. Чалавек быў разгублены, дэзарыентаваны — мы не пазналі раней вясёлага, іранічнага, жартаўлівага маладога чалавека. Сказалі: ачуняй, выдахні, давай скантактуемся празь месяц. Ужо праз 3 тыдні ён зноў зьвязаўся з намі. Вядома, ён адстаў, бо тэхналёгіі вельмі хутка разьвіваюцца. Але хлопец стараецца. Мне здаецца, у яго атрымаецца, бо ён упарты, мае шанец хутка аднавіцца, — выказвае надзею Ягор.
Віктар Пархімчык, які на ўласным досьведзе спазнаў, што азначае амаль паўтарагадовы перапынак у працы, кажа, што пераломным момантам было зьяўленьне штучнага інтэлекту.
— Гэта на працу ІТ вельмі моцна паўплывала. Структура працы зьмянілася. Зараз палову працэсаў, якія выконваў я, выконвае штучны інтэлект. Я ўжо ўручную не раблю таго, што рабіў 5 гадоў таму. Гэта паўплывае і на тых, хто зараз ня мае магчымасьці працаваць. Бо тэхналёгіі вельмі імкліва разьвіваюцца.
Чым даўжэй спэцыяліст сядзіць, тым цяжэй будзе ўзнаўляць веды. Калі 2-3 гады, то, мне здаецца, гэта яшчэ некрытычна. Нагоніць за месяцы 3-4 вельмі напружанай працы. Калі 8-10 гадоў, то гэта ўжо незваротна. Чалавек адстане назаўсёды і наўрад ці навярстае страчанае, — мяркуе Віктар Пархімчык.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное