Кавалеўскі: «Сёння ў Лукашэнкі ёсць умоўнае алібі перад Крамлём: вы ж там таксама дамаўляецеся»

Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва — пра дзеянні Трампа адносна вайны ва Украіне і магчымы дыялог паміж Беларуссю і ЗША.

— Сітуацыя незвычайная, але не сказаць, што не прадказальная. Бо Трамп заўсёды з павагай і з пэўным прыярытэтам ставіўся да Пуціна. Ён адчуваў, што размаўляе з роўным, а можа нават і больш дасведчаным аўтарытарным лідарам, — кажа Валер Кавалеўскі ў праграме Мне тоже не нравится. — Пры гэтым з Украінай яго звязваў негатыўны досвед.

Першы імпічмент, які адбыўся з Трампам падчас першага тэрміна прэзідэнцтва, быў звязаны менавіта з Украінай і спробай выкарыстаць украінскія справы сям'і Байдэна дзеля таго, каб націснуць на Зяленскага. То бок, ёсць пэўная негатыўная гісторыя, і гэта можа адбівацца на поглядах Трампа на Украіну і на Зяленскага.

Валер Кавалеўскі

Трамп часта гаворыць пра сумы грошай, якія ўжо патрачаныя на Украіну, але ён называе лічбы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці — яны значна завышаныя.

Тое, што была прапанавана такая няроўная здзелка на доступ да карысных выкапняў ва Украіне як канцэсія, выглядае, мякка кажучы, каланіяльна. Калі, фактычна, дзеля таго, каб табе дапамаглі, ты павінен развітацца з часткай свайго эканамічнага суверэнітэту.

Усё гэта выглядае незразумела: гэтыя спробы адштурхнуць Еўропу ад размовы, тое, што сам пераможны працэс будуецца не праз Кіеў, а праз Маскву, то бок, праз галаву сваіх саюзнікаў. Мне ўсё гэта нагадвае тое, як Трамп вёў перамовы па Афганістане: фактычна ён размаўляў з ворагам, а не са сваімі сябрамі.

Ён пераходзіў праз галаву цэнтральнага афганскага ўрада і праз сваіх саюзнікаў НАТА, якія дапамагалі ЗША ў гэтай аперацыі. І былі спробы разгойдвання ўнутрыпалітычнага поля, каб яго паслабіць.

І мы памятаем, да чаго прывялі тыя дамоўленасці па Афганістане, якія заключаліся менавіта Трампам. Катастрафічным быў выхад амерыканскіх войскаў з Афганістану, але пачыналася гэта з таго, як ён дамовiўся з талібамі.

Важна не дапусціць, каб падобная формула была выкарыстана ва Украіне. Бо зараз Трамп размаўляе з ворагам, і ён спрабуе ў пэўным сэнсе ўплываць на сітуацыю ва Украіне, таксама не ўлічваючы інтарэсы ні Кіева, ні Еўрапейскага Звязу.

Апроч таго, Кавалеўскі паразважаў, як перамовы паміж рэжымам Лукашэнкі і адміністрацыяй Трампа могуць быць успрынятыя ў Крамлі.

— Я думаю, кантэкст у гэтым сэнсе на баку Лукашэнкі, бо Расія размаўляе з Вашынгтонам на самым высокім узроўні, які для Лукашэнкі пакуль недасяжны. І рашэнне, якое было прынята ў Саудаўскай Аравіі, што аднаўляецца дыпламатычная прысутнасць Расіі ў ЗША, — гэта вельмі сур'ёзны крок наперад, ён вельмі хуткі.

Я такога не чакаў, бо для расіян гэта і магчымасць вядзення шпіянажу на сістэмным узроўні. Тое, што яны адваявалі гэту магчымасць, — гэта вельмі прыязны жэст да Масквы з боку Вашынгтона.

І ў гэтым сэнсе амерыканская амбасада ў Мінску, якая пустуе, і там сёння няма ніводнага дыпламата, — гэта вельмі значны кантраст. То бок гэты бар'ер павінен быць зняты, бо ён існаваў таксама і таму, што мінскія ўлады не пагаджаліся дазваляць амерыканскім дыпламатам вярнуцца, таму што баяліся магчымай рэакцыі з боку Масквы.

Але сёння ў Лукашэнкі ёсць умоўнае алібі перад Крамлём: вы ж там таксама дамаўляецеся, вядуцца размовы пра зняцце санкцый. То бок кантэкст вельмі лукашэнкаўскі. Насамрэч, у яго палітычнай гісторыі было нямала такіх вельмі зручных момантаў, якімі ён карыстаўся і даволі ўдала.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)