Скандалы

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужб з пашпартам прыкрыцця

Разам з 32-гадовым Аляксеем Лабеевым (для Анжалікі ён быў Аляксей Гардзееў) яна адпачывала на Кубе, а пасля і ў Шры-Ланцы. Пра гэта расказваецца ў новым расследаванні The Insider і Polityka (дапамагалі таксама Беларускі расследавальніцкі цэнтр і «Байпол»), піша Наша Ніва.

Анжаліка Мельнікава

Польская сяброўка Мельнікавай распавяла, што ў 2023 годзе Анжаліка пачала больш актыўна сачыць за сабой, павялічыла вусны, набіла татуіроўкі і пайшла ў залу, каб скінуць лішнюю вагу. На адной з татуіровак намаляваны ронін-японскі самурай-найміт, які страціў гаспадара.

У студзені 2024 года, пасля паездкі на Шры-Ланку, яна выглядала шчаслівай і распавяла сяброўцы пра заручыны з мужчынам, «які жыве ў Беларусі, які не можа прыязджаць у краіны Еўрасаюза, таму яны сустракаюцца ў экзатычных краінах».

«Яна паказвала мне яго фота і заручальны пярсцёнак. Казала, што ён з Беларусі, што ён спартовец і што яна ў яго закаханая», — кажа сяброўка Анжалікі.

З калегамі па апазіцыі Мельнікава гэтымі навінамі не дзялілася. Сяброўкам яна распавядала, што муж забараняў ездзіць на сустрэчы з жаніхом разам з дзецьмі, не хацеў, каб яны размаўлялі.

У канцы 2024 года, калі сяброўкі пацікавіліся ў Мельнікавай, як ідуць справы з яе заручынамі, яна толькі махнула рукой. Знаёмыя кажуць, што са студзеня 2025 года яна была чымсьці вельмі засмучаная, у яе здараліся нервовыя зрывы. Яна набрала вагу, плакала і казала, што ў яе праблемы, але на працы гэтага амаль ніхто не заўважыў.

Тһе Insider атрымалася вызначыць палюбоўніка Анжалікі Мельнікавай: гэта 32-гадовы Аляксей Вітальевіч Лабееў, супрацоўнік беларускіх спецслужбаў, які лётаў па пашпарце на імя Аляксея Гардзеева.

Аляксей Лабееў

Яны пачалі сустракацца не пазней за 2023 год — ва ўсякім выпадку, з 26 жніўня па 5 верасня яны ўжо разам лёталі на Кубу. Цікава, што Лабееў тады планаваў ляцець на Кубу разам з Анжалікай з Масквы, але, мабыць, яна не рызыкнула ляцець праз Расію і адправілася на востраў з Еўропы: мяркуючы па пасажырскім маніфесце, Анжаліка ў выніку не скарысталася гэтымі квіткамі, затое на тых жа рэйсах з Масквы на Кубу і назад лётала яе мама, Аксана Саўчанка.

Сумеснае браніраванне Анжалікі Мельнікавай і Аляксея «Гардзеева»

Мяркуючы па базе перасячэння мяжы, з 16 па 21 студзеня 2024 года Лабееў лётаў на Шры-Ланку, і ў тыя ж дні там была і Анжаліка. Менавіта тады ён і зрабіў ёй прапанову і падарыў пярсцёнак.

Лабееў нарадзіўся ў сям'і беларускага вайскоўца ў 1993 годзе і скончыў ваенны факультэт БДУ. У апошнія гады Лабееў заставаўся непублічнай персонай, не вёў сацсетак і засвяціўся толькі аднойчы на мерапрыемстве з удзелам беларускіх вайскоўцаў у ваенным шпіталі ў Гродне ў 2019 годзе. На тым жа фота апынуўся тагачасны кіраўнік ГРУ Беларусі Руслан Касыгін.

Аляксей Лабееў выглядае з-за падбародка кіраўніка ГРУ Руслана Касыгіна

У сваім старым акаўнце «Укантакце» Лабееў пазначыў, што скончыў Новасібірскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, але невядома, ці сапраўды ён там вучыўся (сяброў з Новасібірска ў гэтым акаўнце ў яго чамусьці няма).

Яшчэ адзін важны для гэтага сюжэту момант: Лабееў з 2017 года ў шлюбе з выпускніцай БДУ Марынай Лабеевай (у дзявоцтве Міхнавец). Абодва сябра Лабеева на фота з вяселля — Артур Грыгаран і Анатоль Жалноў — вайскоўцы з таго ж факультэта.

Лабееў з жонкай

Ваенны факультэт БДУ рыхтуе кадры як для ГРУ, так і для КДБ, і абодва ведамствы могуць выдаваць дакументы прыкрыцця, таму адназначна ўсталяваць афіліяцыю складана (як і ў Расіі магчымы і прамежкавы варыянт — ваенная контрразведка).

З большай ступенню ўпэўненасці можна сцвярджаць, што заручыны Анжалікі вяселлем не завершацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.1(14)