Я лічу, і заўжды казаў пра гэта яшчэ падчас першых дыялогаў Захаду з рэжымам, што трэба праводзіць палітыку двух келіхаў. Ты наліваеш у адзін развіццё стасункаў з рэжымам, памятаючы, што гэты рэжым дыктатарскі, ён трымае ў закладніках 9,5 мільёнаў беларусаў. Але ў той жа час наліваеш у другі келіх — трэба развіваць і падтрымліваць той складнік беларускага грамадства, які з’яўляецца фундаментальна праеўрапейскім, адстойвае дэмакратычныя каштоўнасці.
Лагвінец: У адносінах з Беларуссю Захаду варта праводзіць палітыку двух келіхаў
Магістр паліталогіі Алесь Лагвінец — пра тое, якой павінна быць стратэгія заходніх краін адносна рэжыму Лукашэнкі.
Калі Захад хоча мець стратэгію адносна Беларусі, ён мусіць разумець, што рэжым сёння кантралюе краіну, зазначае праграмны дырэктар Свабоднага беларускага ўніверсітэта, магістр паліталогіі Алесь Лагвінец у эфіры Еўрарадыё.
– З гуманітарнага гледзішча важна ўвесь час казаць пра вызваленне палітвязняў. Толькі за мінулы месяц з’явілася 89 новых палітычных асуджаных, і за кожным кейсам — чалавечы лёс, і арышты ідуць няспынна, рэпрэсіі працягваюцца. Таму трэба, каб гуманітарны складнік <у стратэгіі па Беларусі> абавязкова быў.
Тады ў пэўны момант, які мы не можам запланаваць, гэта спрацуе.
Калі казаць пра тое, ці адміністрацыя Рэйгана вяла перамовы аб вызваленні палітычных вязняў у Польшчы на пачатку 1980-х гадоў — хутчэй за ўсё, такая размова вялася. Але адначасова была падтрымка і «Салідарнасці», і тых палякаў, якія з’язджалі ад пераследу.
Іхныя асабістыя гісторыі, гісторыі поспеху ў еўрапейскіх краінах, таксама ўплывалі на сітуацыю ў Польшчы.
Трэба было чакаць у рэшце рэшт тэктанічных змен у міжнароднай сістэме, калі Савецкі Саюз пачаў развальвацца, прычым з галавы. Гэтая антычалавечая сістэма была няздольная рэфармавацца, да таго ж эканамічна няжыццяздольная.
Калі ў яе ўвялі крышку элементы гуманнасці, усё развалілася само па сабе. І толькі тады можна было сказаць, што стратэгія Захаду была паспяховай, а Польшча далучылася да клубу заходніх краін.
Сёння яна мае нашмат большыя гарантыі бяспекі, і калі параўноўваць 90-я гады і цяперашні час, сярэдні паляк жыве ў тры разы лепш за сярэдняга беларуса. Гэта канкрэтны вынік прыналежнасці да цывілізаваных, развітых краін.
Алесь Лагвінец падкрэслівае: без Еўрасаюза ў «аднаўленні дыялогу» беларускіх уладаў з Захадам нічога не адбудзецца.
— Што б ні прымалі амерыканцы адносна калію, калі не зменіцца палітыка Літвы, то нічога не будзе. У любым выпадку гэта доўгі працэс.
Відавочна, што Беларусь можа апынуцца па іншы бок новага Берлінскага муру, жалезнай заслоны — вось чаму патрэбная будзь-якая камунікацыя з рэжымам, трэба знаходзіць кропкі ўзаемадзеяння. Але доўгатэрмінова тое, што будзе гарантаваць бяспеку і самой Беларусі, і іншых еўрапейскіх дзяржаў — гэта дэмакратычныя змены.
Гэта беларуская, адкрытая Беларусь, якая цудоўна ўсведамляе свой нацыянальны інтарэс і як яго можна бараніць адносна іншых краін – відавочна, праз унутраныя дэмакратычныя спосабы прыняцця рашэнняў, а не праз дыктатуру, рэпрэсіі і запалохванне.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное