Филин

Наталля Север

Лаўрухін: «У тэлефоне будуць правяраць не толькі падабайкі і падпіскі, але і спасылкі на анлайн-заняткі»

Эксперт у сферы адукацыі Андрэй Лаўрухін — пра новаўвядзенні для рэпетытараў.

Урад прадставіў на грамадскае абмеркаванне законапраект, які тычыцца дзейнасці самазанятых: канкрэтна рэпетытараў і ўсіх, хто займаецца навучаннем.

Праект «Аб парадку ажыццяўлення самастойнай прафесійнай дзейнасці па навучанні» прадугледжвае істотныя абмежаванні.

Напрыклад, прапануецца пры аказанні паслуг карыстацца інфармацыйнымі сеткамі, сістэмамі і рэсурсамі толькі нацыянальнага сегмента інтэрнэту, размешчаных на тэрыторыі Беларусі і зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку.

Таксама патрабуецца, каб змест рэпетытарскіх паслуг адпавядаў праграмам дзяржаўных навучальных устаноў. А самі паслугі ажыццяўляліся з вучнем выключна індывідуальна, а не ў групах.

Чыноўнікі тлумачаць такія меры неабходнасцю прадухіліць «негатыўныя сацыяльныя наступствы», такія як неналежнае забеспячэнне бяспекі аказваемых паслуг, адсутнасць патрабаванага ўзроўню адукацыі, трансляцыю дэструктыўнай інфармацыі пры аказанні паслуг, навучанне ведам, якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа.

Яны лічаць, што самастойная прафесійная дзейнасць быццам бы нясе рызыкі для асобы, грамадства і дзяржавы, якія могуць нават паўплываць «на захаванне жыцця, здароўя і дабрабыту грамадзян, а таксама духоўных каштоўнасцей беларускага народа».

Пракаментаваць магчымыя адбыцца новаўвядзенні Филин прапанаваў эксперту ў сферы адукацыі, research director інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (IDSM) Андрэю Лаўрухіну.

— Інфармацыйныя рэсурсы, якімі карыстаюцца амаль усе рэпетытары, — гэта Zoom, Google Meet і іншыя падобныя, — нагадвае Андрэй Лаўрухін. — Гэта свабодная прастора, дзе ніхто нікога не кантралюе і ніхто на яе не можа ўплываць.

Таму мэта тут толькі адзіная — неабходнасць кантраляваць. Бо каб працаваць на нацыянальнай платформе, спасылкі на якую яны разаслалі, трэба будзе зарэгістравацца, увесці свае дадзеныя, а пасля можна будзе не толькі слухаць, што вы там вывучаеце, але і запісваць. І да якой крымінальнай справы гэта потым могуць прычапіць, невядома.

— Ці суадносіцца гэта неяк з якасцю адукацыі?

— Не, да якасці адукацыі гэта ніякага дачынення не мае. Да таго ж тыя пляцоўкі, якія я назваў, значна больш якасныя, чым той кантраляваны, больш прымітыўны прадукт, які прапануе беларусам дзяржава.

Акрамя гэтага яны хочуць забараніць групавыя заняткі. Па іх разуменні вучыцца больш якасна – толькі адзін на адзін? Не, гэта таксама не спрыяе якасці.

Бо калі дрэнны выкладчык, то група хутчэй зможа даказаць узровень паслуг. Калі ты адзін на адзін, то атрымліваецца, што твае словы супраць маіх.

— А што тычыцца рызыкі для сацыяльнай бяспекі. Улады баяцца, што, напрыклад, рэпетытар па польскай мове пагражае жыццю, здароўю і дабрабыту?

— Прычым дабрабыту, у першую чаргу. Калі сур'ёзна, я раю звярнуць увагу на ўзровень кантролю, пра які ідзе гаворка.

То-бок улады хочуць мець кантроль ужо не толькі над канкрэтнымі дзеяннямі, але і над магчымымі, і нават над думкамі! Бо ніхто не ведае, што там будуць абмяркоўваць падчас заняткаў.

Гэта даволі красамоўная прыкмета таталітарнага кантролю, калі дзяржава хоча сачыць нават за ходам думак грамадзян.

Іх галоўны жах пасля 2020 года — гэта непрадказальнасць. Бо яны ж лічаць, што ўсё было так добра, роўна і стабільна, а тут бац — і выбух. Калі знешне яны нічога не заўважылі, значыць, штосьці адбывалася ў галовах.

Але як гэта кантраляваць? Вядома, праз сістэму адукацыі і вось зараз праз сектар самазанятых выкладчыкаў.

То-бок, гэта жаданне татальнага кантролю таксама сігналізуе аб узроўні іх жаху.

Бо ўлады ведаюць, што ідэі, якія блукаюць недзе паміж людзьмі, могуць стаць матэрыяльнай сілай.

— Ці можа законапраект быць скіраваны супраць высокапрафесійных педагогаў, якія з'ехалі?

— Рэжым камунікацыі праз анлайн-рэсурсы — галоўная дзірка ў іх забаронах. Яе хочуць прыкрыць, наколькі тое магчыма.

Канешне, наогул забараніць стасавацца праз месэнджэры (а гэта быў бы самы жаданы для іх варыянт) улады не здолеюць тэхнічна, прынамсі сіламі Беларусі гэта амаль немагчыма.

Але закон прыняць могуць лёгка. І тут узнікае пытанне, на каго гэта скіравана.

Цяпер, калі да сілавікоў трапіць чалавек, у яго тэлефоне будуць правяраць не толькі падабайкі ў сацсетках і падпіскі на СМІ, але і спасылкі на анлайн-заняткі. З'явіцца больш нагоды для завядзення розных спраў.

У першую чаргу, канешне, будуць адсочваць тых, хто зарэгістраваўся як самазаняты, як чалавек, які аказвае рэпетытарскія паслугі.

У той жа час самі рэпетытары і іх вучні пачнуць выдаляць, апрача каментароў і спасылак, яшчэ і свае анлайн-сесіі. Зноў вернецца «сарафаннае радыё» замест афіцыйнай рэкламы, бо, вядома, што сілавікі будуць рабіць правакацыі і прадстаўляцца вучнямі, каб выявіць парушальнікаў.

Яшчэ адно верагоднае наступства: самазанятыя выкладчыкі яшчэ раз зразумеюць, што з гэтай дзяржавай лепш не мець нічога агульнага. Большасць з іх адзінае, што ўмее, гэта выкладаць. І зараз менавіта дзякуючы тым самым пляцоўкам у іх ёсць свае аўдыторыі. І вось гэтых людзей прымусяць працаваць таемна і хавацца.

Дзяржава не давала ім працу, яны самі знайшлі, чым займацца, самі зараблялі і плацілі падаткі. А зараз ім за гэта пагражаюць. Такая сабе матывацыя. Але людзі не могуць застацца без сродкаў для існавання, таму некаторыя сыдуць у шэрую зону і не будуць плаціць падаткі.

— Разглядаецца яшчэ адна забарона — на тое, каб не выходзіць за межы адукацыйных праграм.

— Гэты сектар і з'явіўся менавіта таму, што людзі жадалі мець штосьці па-за праграмамі.

Ёсць, канешне, тыя, хто непасрэдна рыхтуе да экзаменаў па школьнай праграме. Але шмат і тых, хто ў розных сферах дае нешта новае. Гэта інавацыйны сектар, які не ўваходзіць у адукацыйныя стандарты, які ствараўся менавіта для таго, каб пашыраць веды па-за праграмай.

Дзеля гэтага людзі выдумвалі свае спосабы як прыцягнуць вучняў, як утрымаць увагу і г.д. Гэта ўсё мастацтва выкладчыка.

І зараз можа стацца так, што ўвесь гэты сектар крыміналізуецца, а выкладчыкі стануць патэнцыйнымі злачынцамі.

У выніку яны прапануюць зрабіць такую адукацыю, якая не будзе мець ніякага інавацыйнага кампаненту. І кошт такога татальнага кантролю будзе высокім.

Мы атрымаем кантроль, але згубім амаль увесь сектар «белай» самазанятасці, згубім магчымасць абменьвацца досведам. Усё гэта яшчэ больш узмацніць ізаляцыю і дэградацыю.

Улады зачынілі амаль усе прыватныя школы, дзе таксама хацелі выйсці за абмежаваныя рамкі школьнай праграмы. Зараз хочуць зраўняць анлайн-навучанне.

Гэта ўсё паслядоўныя крокі, каб зрабіць рай для сілавікоў. Выбудоўваецца такі «оруэлаўскі свет». Спачатку ў іх увазе быў фізічны лагер, а зараз яны перайшлі да лічбавага.