Лябедзька: Не выключаю, што інаўгурацыю спалучаць з усенародным беларускім «хуралам»
Дырэктар цэнтра «Еўрапейскі Дыялог» Анатоль Лябедзька — пра тое, чаму сучасная Беларусь не жыве па канстытуцыі, і ў які сумны трэнд трапіла наша краіна.
На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка ляціць у Маскву з афіцыйным візітам. Перамовы з Уладзімірам Пуціным адбудуцца ўжо 13 сакавіка, паведаміла прэс-служба беларускага правіцеля.
Прабачце, а так можна было? Паводле беларускай канстытуцыі (артыкул 83), «прэзідэнт заступае на пасаду пасля прынясення прысягі». Заканадаўства адводзіць на гэта два месяцы пасля фінішу электаральнай кампаніі. Але з моманту «выбараў» прайшло ўжо 1,5 месяцы, а фармальнай працэдуры інаўгурацыі не было — нават таемнай і паспешлівай, як рэжым арганізаваў у 2020-м — і ніякай прысягі Лукашэнка не прыносіў.
Тады ў якасці каго ён зрабіў кадравыя перастаноўкі ва ўрадзе, прыняў даверчыя граматы замежных паслоў, нарэшце, ляціць на сустрэчу ў Крэмль? «Салідарнасць» спытала пра гэта дырэктара цэнтра «Еўрапейскі Дыялог» Анатоля Лябедзьку.
Анатоль Лябедзька
— У прававой краіне ўсе адбываецца па букве закону, а ў дыктатуры — можна і так, можна і сяк. І гэта не залежыць ад таго, што напісана ў Канстытуцыі, што зафіксавана ў законах — толькі ад таго, з якой нагі ўстане той, каго нават афіцыйная прапаганда калі-нікалі называе дыктатарам, — зазначае палітык. — На жаль, гэта спецыфіка, адметнасць і сённяшняй Беларусі.
Узгадваць у такіх абставінах Канстытуцыю, дадае Анатоль Лябедзька, нават напісаную па лекалах для адной канкрэтнай асобы — не выпадае.
Калі б сёння арганізаваць экзамен на веданне Канстытуцыі Беларусі — я вас запэўніваю, што 99% беларускіх чыноўнікаў завалілі б цалкам гэты іспыт.
Бо іх 30 гадоў ніхто не прывучаў узгадняць свае дзеянні ў прававым полі з Канстытуцыяй, з заканадаўствам наогул.
— Зноў жа, гэтую канстытуцыю пісалі пад нейкі сюжэт, але не для таго, каб па ёй жылі краіна і грамадства. Ну, напісана і напісана — і што? У нас жа няма структуры, якая кантралюе выкананне Канстытуцыі ўсімі грамадзянамі Беларусі, незалежна ад іх пасады.
У нармальных краінах для гэтага ёсць судовая галіна ўлады, Канстытуцыйны суд, парламент, незалежная прэса і палітычныя партыі як інструмент уплыву — але гэта не пра нас. Таму ўсё нармальна. Я хутчэй здзівіўся б, калі б краіна жыла па Канстытуцыі, нават па той, якая была напісаная пад Лукашэнку.
— На вашу думку, цяпер інаўгурацыя можа наогул выпасці, як непатрэбны этап, ці яе ўсё ж вымушаныя будуць правесці ў нейкім фармаце, хоць патаемна, як пяць год таму?
— Так у нас жа і няма класічнай інаўгурацыі. Ёсць «каранаванне пахана», нешта такое. Таму ніхто не будзе глядзець на фармальны тэрмін, што цягам двух месяцаў павінная гэта працэдура адбыцца. Калі палічаць патрэбным, тады і правядуць.
Не выключаю, што гэта спалучаць з усенародным беларускім «хуралам», які плануецца на красавік. Так, не трапляюць у фармат Канстытуцыі, ну і што? Галоўнае ж, каб гэта адпавядала бачанню аднаго чалавека.
Сёння ў Беларусі не тое што не да законаў, а вяршэнства «правового беспредела», і наша Джамалунгма далёкая ад цывілізаванай Еўропы. Але ж на гэта ёсць попыт.
Як паказваюць апошнія рэйтынгі дэмакратыі, толькі 20% свету жыве ў тых краінах, дзе пануе вяршэнства права, дзе да законаў і да канстытуцыі. А 40% — дыктатуры і аўтарытарныя рэжымы. На вялікі жаль, там плёскаецца і Беларусь.
Калі б было 3-4% такіх краін — магчыма, быў бы больш дыскамфорт і для беларускіх чыноўнікаў, а калі 40% свету — гэта ўжо не выглядае як нейкая катастрофа і выключэнне з правіл. Такія трэнды якраз ствараюць матывацыю ў падобных рэжымаў заставацца такімі, якія яны ёсць.