Мы былі і ў Расійскай імперыі і не мелі сваёй дзяржавы, была і нацысцкая акупацыя. У міжваенны час Заходняя частка была ў складзе Польшчы. І глядзіце — усё адраджаецца.
Мілінкевіч: «Меркель заўсёды казала: «Аляксандр, я вас прашу, не кажыце так шмат пра незалежнасць, таму што нельга пакідаць Расію адну»
Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч — пра галоўную памылку Захаду.
— Я не выключаю пагрозу страты суверэнітэту і дзяржаўнасці Беларусі і баюся яе, — прызнаўся Аляксандр Мілінкевіч на Еўрарадыё. — Але я ўпэўнены, што яна будзе часовай.
Зараз Лукашэнка ліквідуе беларускасць, хоча знішчыць нацыянальную свядомасць, але ўсё роўна мы адраджаемся. Проста выраслі людзі, якія нават калі і застануцца за мяжой, будуць дбаць пра тое, каб у Беларусі быў свой дом, свая культура і мова.
Усё адраджаецца, таму што гэтага хочуць людзі.
Мілінкевіч упэўнены, што незалежнасць нашай краіны грае вялікую ролю ў еўрапейскай бяспецы.
— На Захадзе ёсць розныя палітыкі. Ёсць, безумоўна, тыя, якія лічаць, што Беларусь прайграна, што яна ўжо знаходзіцца амаль цалкам пад уплывам Расіі, і тая вырашае найбольш важныя праблемы Беларусі ў палітыцы, вайсковай справе, сацыяльным жыцці.
Але большасць заходніх палітыкаў, нават калі яны не так многа ведаюць пра Беларусь і не зусім разумеюць, наколькі важна наша незалежнасць для Еўропы, глядзяць на мапу і разумеюць, што, калі наша краіна далучыцца да Расіі, атрымаецца такі клін у дэмакратычную цывілізаваную Еўропу.
Гэта небяспечна — і для нашых суседзяў перш за ўсё, і нават для тых краін, якія знаходзяцца далей. А пытанне бяспекі — галоўнае для ўсіх палітыкаў ва ўсе часы. Палітыкі прыходзяць да ўлады і абяцаюць, што будзе бяспечна.
І Беларусь адыгрывае вялізарную ролю для бяспекі не толькі ва Усходняй Еўропе, а ўвогуле ў Еўропе.
Вось як зараз Трамп спрабуе адарваць Пуціна ад Кітая, бо лічыць Кітай найбольшым ворагам, таксама і Захад хацеў бы аслабіць залежнасць Беларусі ад Расіі, але ў гэты момант тое не проста зрабіць.
Аднак менавіта такая палітыка ў цэлым будзе праводзіцца. Вельмі важна, каб Беларусь была мінімум нейтральнай дзяржавай, — падкрэсліў Мілінкевіч.
Палітык расказаў пра галоўную памылку ў ранейшым стаўленні Захаду да Пуціна і Лукашэнкі, якая паўплывала на сённяшнія падзеі.
— Калі пасля выбараў, на якіх я прадстаўляў аб’яднаную апазіцыю, я ездзіў у Еўропу, то ўвесь час казаў пра незалежнасць, пра адраджэнне, пра еўрапейскі шлях.
А некаторыя палітыкі, напрыклад, Меркель, з якой я шмат сустракаўся, заўсёды казала: «Аляксандр, я вас прашу, не кажыце так шмат пра незалежнасць, таму што нельга пакідаць Расію адну. Калі вы ўсе пабяжыце ў Еўропу, то нам цяжэй будзе прывесці сюды і Расію».
Тады верылі, што Расія пасля ліберальных рэформ, якія там адбыліся, усе ж такі ідзе да цывілізаванага свету.
А мы казалі, што гэта не так, што яна да сённяшняга дня імперыя, вельмі небяспечная, што яна пагроза. І так лічыў не толькі я, але і палякі, літоўцы, чэхі, эстонцы.
Але Старая Еўропа думала зацягнуць да сябе Расію дыпламатычнымі метадамі, дабром, гандлем і пакупкай нафты. Гэта была іх памылка.
Думаю, што зараз некаторыя з тых, хто тады выступаў на такіх пазіцыях, кажуць: маўляў, мы хацелі адкласці гэты момант, калі Расія пачне агрызацца і можа пачаць вайну.
Але і з Лукашэнкам было таксама, была спроба зрабіць з яго дэмакрата, еўрапейца. У 2015-2017 гады нават палякі гэтым займаліся. Усе спрабавалі паказаць яму, глядзі, як файна ў Еўропе, цябе могуць выбраць і на еўрапейскім шляху.
Тое самае і з украінцамі. Калі абралі Зяленскага, ён прыйшоў да ўлады з надзеяй, што зможа дамовіцца з Масквой, і большасць украінцаў тады не хацела рваць адносіны з Расіяй.
Сёння ўжо ўсе разумеюць, што Расія не можа быць іншай. Як Савецкі Саюз не рэфармаваўся, так і сённяшні Крэмль на чале з Пуціным не рэфармуемы. Ён будзе агрэсарам, — упэўнены Мілінкевіч.
Читайте еще
Избранное