«Мінсктранс» пракаментаваў абвесткі ў грамадскім транспарце на рускай мове
Мінчукі заўважылі, што на маршрутах грамадскага транспарту стала гучаць больш рускай мовы. З пытаннем, чаму абвесткі загучалі па-руску, Наша Ніва звярнулася ў «Мінсктранс» як звычайныя грамадзяне.
Там адказалі, што «ў нас дзве афіцыйныя мовы» (хутчэй, мелася на ўвазе, што яны маюць статус дзяржаўных), таму абвесткі могуць гучаць на любой з іх.
«Што да таго, што ўсё абвяшчаецца на рускай, — трошкі з вамі не згодны. Назвы прыпынкаў адназначна абвяшчаюцца на беларускай мове, а інфармацыя агульнага характару, кшталту «Праходзьце ў сярэдзіну салона» ці «Здымайце заплечнікі», на адным прыпынку можа гучаць па-руску, а праз некалькі прыпынкаў — па-беларуску», — патлумачылі па тэлефоне.
У «Мінсктрансе» дадалі, што дубляваць аб'явы на дзвюх мовах не хапіла б часу, таму было прынята такое рашэнне.
Аднак там не змаглі патлумачыць, чаму раней хапала абвестак толькі на беларускай, а цяпер вырашылі дадаць рускую мову. Толькі чарговы раз паўтарылі, што ў Беларусі дзве афіцыйныя мовы, таму цяпер будзе так.
Нагадаем, што напрыканцы мінулага года прарасійская даносчыца Вольга Бондарава патрабавала ад дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс», каб прыпынкі ў грамадскім транспарце аб’яўлялі не толькі на беларускай, але і на рускай мовах.
Тады праўладная блогерка атрымала адказ за подпісам кіраўніка арганізацыі, што аб’явы на дзвюх мовах немагчымыя. Транспарт на прыпынках стаіць не больш за хвіліну — умясціць у гэты адрэзак паведамленні на рускай і беларускай складана. Акрамя таго, «Мінсктранс» згадаў і інфармацыю на рускай мове, якая гучыць на маршрутах.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное