Навумчык: «Кожны ўкраінскі дэпутат, які прагаласуе за адмову ад тэрыторый, аўтаматычна зьдзейсьніць палітычнае харакіры»

Палітычны аналітык Сяргей Навумчык — пра падводныя камяні «мірнага плана» Трампа.

— Дык што мы маем, так бы мовіць, у «сухой рэшце» — і ў дачыненьні да «мірнага плану», і да новай канцэпцыі бясьпекі ЗША? — піша Сяргей Навумчык. — Канстытуцыя Украіны забараняе перадачу тэрыторый іншым дзяржавам.

Крым, нагадаю, па Канстытуцыі лічыцца ўкраінскім (роўна як і іншыя акупаваныя Масквой тэрыторыі). Кожны дэпутат, які прагаласуе за адмову ад тэрыторый, аўтаматычна зьдзейсьніць палітычнае харакіры.

Сяргей Навумчык

Вось толькі наўрад ці будзе ў яго магчымасьць для такога самурайскага акту: тэрытарыяльныя зьмены магчымыя выключна ў выніку Усеўкраінскага рэфэрэндуму, і ўявіць, што ўкраінскі народ пагодзіцца аддаць палітыя крывёю і сьлязьмі землі, можна хіба толькі ў фантазіях.

Магчыма, гэта дзіўна прагучыць для некаторых прадстаўнікоў цяперашняга вашынгтонскага істэблішмэнту, але ў украінцаў ёсьць каштоўнасьці, якія не прадаюцца.

Існуе адна прававая норма, на якую могуць спаслацца прыхільнікі выгоднага для Масквы «мірнага плану» (лепш бы называць яго «плянам ўміратварэньня», па аналёгіі з падпісанай у Мюнхэне ў інтарэсах Гітлера дамовай): міжнародныя дакумэнты маюць прыярытэт над нацыянальным заканадаўствам краіны.

Але для гэтага адпаведны акт мусіць быць ратыфікаваны парлямэнтамі краінаў, лідэры якіх паставілі пад ім свае подпісы. Пра Украіну мы ўжо сказалі, цяпер паглядзім, наколькі рэальна гэта ў Кангрэсе ЗША.

60% амэрыканцаў стабільна падтрымліваюць Украіну, лічба не зьмяншаецца, прычым гэта ўласьціва прыхільнікам як рэспубліканцаў, гэтак і дэмакратаў.

Прагаласаваць за адкрыта прамаскоўскую дамову — значыць, пайсьці супраць большасьці выбаршчыкаў напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс, якія пройдуць менш чым праз год.

Вынікі ж ужо цяперашніх выбараў па вакантных акругах і на вакантныя месцы мэраў зусім несуцяшальныя для рэспубліканцаў.

Падтрымка гаспадаром Белага дому «сваіх» кандыдатаў дзейнічае як «чорная адмеціна»: днямі ў Маямі стаўленіца Трампа прайграла дэмакратцы, пры тым што рэспубліканцы там стабільна перамагалі два апошнія дзесяцігодзьдзі.

Да гэтага варта дадаць, што ў ЗША дзейнічае заканадаўчы акт, які абавязвае выканаўчую ўладу падтрымліваць Украіну; і калі б Белы дом пажадаў цалкам спыніць дапамогу Кіеву, ён мусіў бы нейкім чынам дамагчыся скасаваньня гэтага закону. Таксама нерэальна.

Словам, сёньня мы бачым клясычны палітычны (і ў большай ступені — псыхалягічны) ціск Вашынгтону на Кіеў, і тут пытаньне — у якой ступені ў украінскіх палітыкаў хопіць сілаў яго вытрымаць і не саступіць.

Што тычыцца новай канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі ЗША, якую ўжо пасьпеў пахваліць прэс-сакратар Пуціна, дык гэты дакумэнт ня мае сілы закона. Ён не прагаласаваны ў Кангрэсе.

Наўрад ці маюць рацыю тыя, хто з гэтай прычыны называе яго ня вартым увагі — канцэпцыя ўжо цяпер рэалізоўваецца ў канкрэтных кроках выканаўчай улады, зьяўляецца інструкцыяй для дыпляматычных структураў ЗША.

Але яна ня зможа выконвацца там, дзе будзе ўступаць у супярэчаньне з заканадаўствам; прызнаць жа ў такіх выпадках адпаведнасьць заканадаўству можа толькі суд. У Амэрыцы прынцып падзелу ўладаў (заканадаўчай, выканаўчай і судовай) гарантаваны ў Канстытуцыі.

Але ня менш важным гарантам зьяўляецца і абавязковасьць рэгулярных дэмакратычных і свабодных выбараў, на якіх улада, што не паважае Канстытуцыю, можа быць зьмененая амэрыканскім народам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)