Общество

Ірына Верабейчык

«Не было людажэраў, як зараз»

Што адбываецца ў беларускай івент-сферы. І чаму арышты арганізатараў канцэртаў не зменяць сітуацыі. Адмысловец распавёў «Салідарнасці» пра стан індустрыі забаў у Беларусі: горш, чым за савецкім часам.

Нядаўна стала вядома, што сілавікі «пайшлі» па арганізатарах канцэртаў. Сярод затрыманых — дырэктар Палаца Рэспублікі Максім Прыхадоўскі, а таксама прыватнікі: дырэктар кампаніі тэхнічнага абсталявання для мерапрыемстваў Blackout Studio Ілля Пятроўскі і Аляксандр Манышаў, які меў дачыненне да агенцтваў «Атам Інтэртэймент» і «Анбрэйкбл».

Адзін з чытачоў «Салідарнасці», які шмат год працаваў у івент-галіне, звярнуў увагу, што гэта не першыя ластаўкі: так, каля паўгода правёў у СІЗА кіраўнік канцэртнага агенцтва Ягор Маркаў — ён прывозіў у Беларусь, напрыклад, Стаса Міхайлава, Ірыну Круг, расейскіх гумарыстаў.

«Мяркую, яго так доўга трымалі, пакуль усе грошы не вытраслі», — заўважае наш суразмоўца.

Зрэшты, ён дадае, што не спачувае ніводнаму з канцэртных арганізатараў, хто цяпер звёў занадта блізкае знаёмства з беларускімі сілавікамі:

— Ведалі, што рабілі і з кем рабілі. Спадзяваліся, што з кімсьці з моцных «там» можна домовіцца ці атрымаць нейкі «дах». Але ж не, вегатарыянскі час даўно скончыўся. І калі нешта здарыцца — таго ж Стаса Міхайлава так сама прывязуць, але ўжо другія людзі.

2022 год, канцэрт «Песня года Беларусі». Архіўнае ілюстрацыйнае фота

На думку нашага суразмоўцы, сёння абстаноўка ў беларускай сферы забаў — горшая, чым была нават за савецкім часам.

— Пры тым, што я крыштальны антысаветчык, але я добра памятаю, як было там, і бачу, што зараз — горш і цынычней. Тады былі хоць нейкія правілы, законы, якіх цяпер няма.

— І ўсё скацілася зноў да эстрады…

— «Эстрада» — толькі вяршыня праблемы ў мастацтва. Рэч у тым, што яны пахавалі ўсё добрае, што было — няхай нават па-савецку кандовае, але прафесійнае і шчырае. Гаворка нават не пра цэнзуру, яна заўсёды ў гэтай сферы была і будзе, хоць замест FM-хваляў і тэлебачання прыйшоў ТікТок.

Але вырадзіўся нешта зусім пачварнае, і галоўнае — што забілі ў артыстаў жаданне нешта ствараць, шукаць, рабіць.

— А хіба гэта не лагічна ва ўмовах, калі мастацтвам кіруюць ідэолагі?

— Няхай бы ідэолагі — яны заўсёды там былі пры кіраўніцтве, ужо сто год як. Але зараз, паўтаруся, горш: бо прыйшлі цынічныя дзяльцы, якім няма ніякай справы да мастацтва, ні да чаго няма, акрамя грошай у іх уласных кішэнях.

І вось за гэтыя грошы — асабліва ва ўмовах, калі іх у насельніцтва і ва ўлады з кожным годам усё менш — яны і грызуць у смерць цяпер адзін аднаго.

Адмысловец у івент-сферы  зазначае, што ў «вегетарыянскія» часы шоу-бізнес у Беларусі ўсё-ткі быў — «няхай маленькі і шчыры, але прафесійны»:

— Там не было людажэраў, як зараз.

Калі ты рабіў нешта добра, нешта лепей, чым іншыя — табе былі рады і на ТБ, і на FM-станцыях. Без усякіх грошай. Зараз такая схема ўжо не працуе.

Што да тых, хто сёння ўзняўся на ўмоўны эстрадны алімп — суразмоўца «Салідарнасці» канстатуе, што пра творчасць, ці нават проста якасны музычны прадукт весці гаворку не выпадае:

— Ніводны маральны і прафесійны артыст не выйдзе на адну сцэну з тымі, хто сёння дзярэ глоткі «пра радзіму». А тыя, хто выходзіць — не маюць ні прафесійнай самапавагі, ні маралі. Бо гэта крынж ад пачатку да канца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(13)