Новы апостальскі нунцый у Беларусі: хто ён?
Ватыкан даслаў у Беларусь дасведчанага дыпламата. Ігнацыё Чэфалія з’яўляецца доктарам кананічнага права і мае амаль 20-ці гадовы стаж дыпламатычнай службы Святога Пасаду.
Пра гэта піша партал Царква і палітычны крызіс у Беларусі.
Працаваў у шэрагу нунцыятур і ў розных кантэкстах – на яго вачах адбывалася лібералізацыя ў М’янме і ён выконваў ролю часовага паверанага Ватыкана ў Венесуэле падчас апошняга прэзідэнцкага крызісу.
Сіцыліец з італа-албанскай каталіцкай Царквы візантыйскага абраду
Ігнацыё Чэфалія нарадзіўся на востраве Сіцылія належыць да мясцовай італа-албанскай каталіцкай Царквы візантыйскага абраду. Статус італа-албанскай Царквы падобны да грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі – вернікі моляцца на Літургіях візантыйскага абраду і прызнаюць уладу рымскага папы.
У 2005 Чэфалія абараніў доктарскую дысертацыю ў Латэранскім універсітэце на тэму кананічнага статуса візантыйскіх супольнасцяў Італіі. Праз год быў прыняты на дыпламатычную службу Ватыкана.
Служба ў Дзяржсакратарыяце Святога Пасаду
Першай пляцоўкай Чэфаліі стала нунцыятура ў Эквадоры (2006-2010 гг.). Пасля гэтага святар быў сакратаром нунцыятуры для Камбоджы, Лаоса, М’янмы і Тайланда (2010-2013 гг.), часовым павераным і намеснікам пастаяннага назіральніка Святога Пасаду пра Савеце Еўропы ў Страсбургу, дарадца 2-га аддзелу (па адносінах з дзяржавамі) Дзяржсакратарыяту (2015-2020 гг.). Аднак найбольшым выклікам для Чэфаліі стала місія ў Каракасе.
Часовы павераны апостальскай нунцыятуры ў Венесуэле
Чэфалія быў скіраваны ў Венесуэлу ў 2020 г. Краіна ўжо некалькі год была ў глыбокім палітычным крызісе. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2018 г., была абвешчана перамога Нікаласа Мадуры.
Апазіцыйныя кандыдаты абвінавацілі ўладу ў фальсіфікацыях, а Еўрапейскі Саюз, Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў, ЗША і шэраг іншых дзяржаў не прызналі вынікаў выбараў. У сваю чаргу, Расія, Кітай, Куба, Балівія і шэраг іншых дзяржаў прызналі мандат Мадуры.
Неўзабаве пасля прыбыцця Чэфаліі ў Каракас, тагачасны нунцый Альда Джардана быў назначаны нунцыем пры Еўрапейскім саюзе. Новага нунцыя не было яшчэ чатыры гады – ў гэты перыяд Ігнацыё Чэфалія выконваў функцыю часовага паверанага, а фактычна нунцыя.
Адносіны каталіцкага Касцёла і Нікаласа Мадуры ў гэты перыяд заставаліся складанымі. Шэраг венесульэскіх біскупаў адкрыта крытыкавалі Мадура за фальсіфікацыю выбараў і рэпрэсіі, намаганні ўладаў кантраляваць назначэнні ў касцёльнай іерархіі, эканамічны крызіс. Нягледзячы на складанасці, Ватыкан працягваў палітыку «пазітыўнага нейтралітэту» і працягваў дыялог з уладамі.
З лета 2024 г, пасля назначэння Альберта Артэгі Марціна новым апостальскім нунцыем у Венесуэле, Ігнацыё Чэфаліні працягнуў службу дарадчыкам у гэтай жа пляцоўцы.
Читайте еще
Избранное