Памёр Уладзімір Карызна

Народнаму паэту Беларусі было 87 гадоў.

5 сакавіка пайшоў з жыцця Уладзімір Карызна — паэт, перакладчык, аўтар слоў дзяржаўнага гімна Беларусі. Пра смерць творцы паведамілі ягоныя блізкія.

Уладзімір Карызна. Фота: museum.by

Уладзімір Карызна нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Закружка пад Мінскам. Скончыў філфак БДУ, працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школе і адначасова кіраваў літаратурным аб’яднаннем у мясцовай газеце. Пасля шмат год працаваў у журналістыцы і выдавецкай справе.

Найбольш вядомым творам Карызны многія называюць сучасны дзяржаўны гімн на аснове верша Міхася Клімковіча — першапачатковы варыянт гімну БССР быў перапрацаваны ў 2002 годзе, Карызна прыбраў са старога тэксту спасылкі на Леніна і камуністычную партыю і мадыфікаваў верш.

Але творчая спадчына паэта нашмат шырэйшая і цікавейшая. Ён напісаў каля 200 песень, сярод якіх нямала сапраўдных хітоў, што гучалі ў выкананні «Песняроў», «Верасоў», «Сяброў», «Бяседы» і іншых вядомых артыстаў і калектываў. Многія песні на вершы бацькі напісаў Уладзімір Карызна-малодшы.

«Усё маё дзяцінства і юнацтва прайшло пад няспынныя песні на ягоныя словы праз усюдыісныя тады радыёкропкі: «Азёры дабрыні», «Люблю цябе, Белая Русь», «Зорачка мая», — згадвае гісторык Аляксандр Пашкевіч. — У свой час гэта было знакам эпохі, і не самай горшай».

Акрамя таго, Карызна — аўтар больш дзесяці паэтычных зборнікаў: «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (вершы і паэма, 1972),  «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Хвіліна святла» (Выбранае, 2003) ды іншых. Таксама ён шмат перакладаў, напісаў некалькі кніг вершаў для дзяцей.

Дарэчы, гэтыя вершы трапілі і ў падручнікі па беларускай літаратуры для малодшых школьнікаў. А зусім нядаўна адзін з вершаў Карызны нечакана праславіўся праз TikTok. Жанчына выклала ў сеціва ролік са скаргамі на «занадта складаны» для вывучэння ў другім класе верш, але паразумення сярод беларусаў не знайшла.

У 2024 годзе Уладзімір Карызна атрымаў званне народнага паэта Беларусі. Раней ён таксама быў адзначаны ордэнам Францыска Скарыны і шэрагам іншых дзяржаўных узнагарод.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(1)