Общество

«Рэстарацыю ацяплялі буржуйкай». Кіраўніца кампаніі «Годна» расказала, як выйшла замуж ва Ўкраіне

Аліна Герашчанка кіруе кампаніяй «Годна», якая прасоўвае беларускую культуру і гісторыю, ейны муж — украінскі вайсковец і прадзюсар YouTube-праектаў пра ўкраінскую гісторыю і культуру. Нядаўна пара ажанілася ў Кіеве. Радыё Свабода расказвае іх гісторыю.

Вясельле Аліны і Андрэя ў Кіеве, фота з прыватнага архіву

Аліна Герашчанка і Андрэй Капранаў расьпісаліся ў Кіеве, у гістарычным месцы Падол, у самым цэнтры гораду. У будынак, дзе яны заключылі шлюб раней трапіў шахед, таму ягоная частка была прыкрытая фанэрай, расказвае пара.

«У нас было сапраўднае ўкраінскае вясельле. У будынак РАГС Падольскага раёну, дзе мы распісваліся ў кастрычніку трапіў шахед, таму ён быў закрыты фанэрай, частка пашкоджаная, але яны працуюць. У рэстаране, дзе мы сьвяткавалі за два тыдні да гэтага праз атаку расейцаў загарэлася эклектраправодка, там быў пажар. Вясельле мы сьвяткавалі на генэратарах, а цяпло было ад каміну, там паставілі буржуйку, але прыгожую», — расказваюць Аліна і Андрэй.

Іх вясельле — адно з першых сьвятаў, якія адбыліся ў будынку рэстарацыі пасьля аварыі. На вясельлі прысутнічала 40 чалавек.

Вяселле Аліны Герашчанкі і Андрэя Капранава, фота з прыватнага архіву

«Дапамог Трамп»

Аліна пазнаёмілася з Андрэем падчас сумеснай працоўнай сустрэчы ў Кіеве, дзе розныя ініцыятывы з Украіны і Беларусі, якія працуюць з кантэнтам на YouTube абменьваліся досьведам. Гэта быў лістапад 2024 году і спачатку ў будучай пары склаліся выключна працоўныя адносіны, кажа Аліна.

«Арганізатары запрашалі са свайго боку тых, хто нам быў патэнцыйна цікавы. І адзін з іх — гэта адзін з буйнейшых гістарычных каналаў — гістарычны YouTube-канал імя Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі, на які падпісаны амаль мільён чалавек», — прыгадвае Аліна.

Андрэй тады не ведаў пра праект «Годна».

«Мне спадабалася тады гэта ініцыятыва, спадабалася, што яны займаюцца беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьцю. Мы доўга размаўлялі на канфэрэнцыі пра магчымасьць гэтай нішы, абменьваліся досьведам, працоўна вельмі добра пагаварылі», — расказвае Андрэй.

Пасьля Аліна і Андрэй дамовіліся на дадатковыя кансультацыі, гэта былі камандныя сустрэчы. Пара пачала перапісвацца і пасьля новага году працоўныя адносіны сталі не толькі працоўнымі. Сужэнцы жартуюць, што стварыць іх сям’б дапамог Дональд Трамп. Бо пасьля спыненьня фінансаваньня многіх праектаў у Аліны і Андрэя стала больш часу на асабістае жыцьцё.

«Гэта ўсё праз падтрымку прэзыдэнта Трампа», — жартуе Андрэй.

Нацыянальныя сьцягі ў вясельнай залі

Паміж сабой Андрэй з Алінай размаўляюць кожны на сваёй мове. Ён па-ўкраінску, яна — па-беларуску. Андрэй спрабуе вучыць беларускую, Аліна — украінскую.

«Я намагаюся, але цяжка, бо шмат падобных словаў. То бок ты не заўжды разумееш, дзе ты перакруціў украінскае слова, а дзе сапраўды сказаў беларускае. Гэта прам трэба сядаць і вучыць, а зараз праблематычна з часам», — прызнаецца Андрэй.

«Намагаўся рабіць камплімэнты па-беларуску»

Аліна прыгадвае, што Андрэй на самым пачатку намагаўся рабіць камплімэнты па-беларуску. Аліна жыла ў Вільні, але вырашыла пераехаць ва Ўкраіну. Аднак, у Вільню езьдзіць даводзіцца, бо там застаецца працаваць частка каманды кампаніі «Годна». Фактычна, беларусцы даводзіцца жыць на два гарады.

«Андрэй перажывае, каб я захавала сваю беларускую ідэнтычнасьць. Калі я ў гаворцы пачынаю ўстаўляць украінскія словы, то ён выпраўляе», — прызнаецца Аліна.

Да знаёмства з Алінай, Андрэй крыху ведаў беларускую гісторыю, бо займаўся ейнай папулярызацыяй.

«Шмат сумеснай гісторыі, шмат падзеяў перагукваецца, якія адбываліся паралельна ва Ўкраіне і на землях Беларусі. Так у галаве ўжо выбудоўваецца нейкі лягічны ланцужок», — гаворыць Андрэй.

Сябры і сваякі пераезду Аліны не зьдзівіліся. Суразмоўца прызнаецца, што добра сябе адчувае ва Ўкраіне.

«Мы калі першы раз прыехалі на працоўную сустрэчу, то ў сябровак было ўражаньне, што да беларусаў дрэнна ставяцца. Мы прыйшлі ў кавярню, я размаўляю па-беларуску, а сяброўкі просяць размаўляць цішэй. А ў мяне думка — а што такое? У мяне добрае стаўленьне да Ўкраіны, я тут добра сябе адчуваю. Бацькі перажывалі, яны пішуць пасьля навінаў пра абстрэлы, але яны прынялі гэта», — дзеліцца Аліна.

Андрэй дадае, што ніводнага разу з тым, што Аліна размаўляе па-беларуску праблем і пытаньняў не было. Гэта наадварот успрымаецца пазытыўна.

Пара займаецца адной тэмай — прасоўваньнем сваёй культуры ў сваёй краіне. Аліна параўноўвае, што беларускую культуру прасоўваць цяжэй, на гэта ўплываюць рэпрэсіі ў Беларусі, доўгае вынішчэньне беларускай мовы.

«За апошнія гады закрываюцца беларускія школы, садкі, пастаянныя ператрусы і праблемы ў беларускіх суполках і пляцоўках. Калі ты ноч сядзіш у бомбасховішчы ў цябе так ці інакш фармуецца адрыньваньне ўсяго расейскага. У Беларусі досьвед іншы — расейскае нібыта нашае, у Расеі сваё расейскае, а ў нас сваё, яно таксама можа быць беларускім», — заўважае Аліна.

Аліна плянуе далей займацца праектам «Годна!», каманда ўжо зрабіла экспэрымэнт — платная лекцыя пра традыцыйнае беларускае сьвята. Гэты досьвед у плянах пашырыць.

«Мы зараз больш сыстэмна і шырэй пачалі працаваць у сацыяльных сетках. Мы зрабілі тэставую лекцыю пра беларускія Каляды, гэта была платная лекцыя, якую можна набыць праз пляцоўку bymeacofee за данат. Экспэрымент атрымаўся ўдалы і мы будзе рабіць падобныя рэчы яшчэ. З праектам усё будзе добра», — упэўненая Аліна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)