«Што важней: вызваленне палітвязняў ці тое, што пры гэтым адбудзецца легалізацыя Лукашэнкі як суб’екта палітыкі?»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў — пра магчымыя перамовы адміністрацыі Трампа з рэжымам Лукашэнкі.

— Разважаючы пра беларускую тэму ў кантэксце апошніх падзей, у прыватнасці ўзаемадзеяння з новай адміністрацыяй Белага дома, мы ступаем на слізкую сцяжыну суадносін рэалізму і маралі, слушнасці нейкіх падыходаў і вынікаў, — кажа Віталь Цыганкоў на Еўрарадыё пра магчымыя перамовы паміж беларускім рэжымам і адміністрацыяй Трампа. — Можна нагадаць Чэрчыля, які больш за ўсіх заходніх палітыкаў не любіў бальшавізм і шмат пра гэта выказваўся.

Але ў яго не было іншага варыянту, чым саюз са Сталіным, паколькі трэба было перамагчы большае зло — Гітлера.

І вось перад намі паўстае такое ж маральнае пытанне: у дадзеным выпадку што важней: вызваленне палітвязняў ці тое, што пры гэтым адбудзецца пэўная легалізацыя, ці нават пэўнае прызнанне Лукашэнкі як суб’екта палітыкі?

І калі правесці апытанне па гэтай тэме сярод беларусаў у краіне і ў эміграцыі, мне здаецца, яго вынікі будуць дастаткова відавочнымі. Думаю, што ўсё ж такі большасць за вызваленне палітвязняў любымі сродкамі.

Дарэчы сам Лукашэнка, кажа палітычны аглядальнік, нават у выпадку нейкай магчымай легалізацыі баяцца свой народ не перастане.

— У яго рэальная траўма 2020 года. Упэўнены, што ў яго ёсць інфармацыя, ён ведае рэальны настрой насельніцтва. Таму яму ёсць чаго баяцца.

Два разы Лукашэнка дапускаў лібералізацыю: да «Плошчы-2010», потым да 2020 года. Мяркую, ён думае: больш ніколі зноў ніякай лібералізацыі – нават у невялікай ступені.

Можа быць, калі дамовіцца з амерыканцамі, ён вызваліць палітвязняў, але з умовай каб яны адразу з’ехалі. Бо Лукашэнка баіцца, што нават людзі, столькі адседзеўшыя, калі застануцца, то падымуць нейкае паўстанне.

Толькі гэтым можна патлумачыць такую ўмову: каб яны ўсе з’ехалі за мяжу. Бо Лукашэнка рэальна баіцца, што зноў пачнуцца хваляванні.

Зразумела, што менавіта з-за гэтага і ўсе рэпрэсіі, і ўся ідэалагічная праца, — заключае Цыганкоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)