«Страх прымушаў беларусаў мімікраваць пад расейцаў, гаварыць па-расейску і адмаўляць сабе быць сабой — народам»
Сяргей Дубавец на Радыё Свабода — пра актуальнасьць Францішка Багушэвіча.
Францішак Багушэвіч на графіці ў Беларусі. Архіўнае фота
28 красавіка спаўняецца 125 гадоў як пакінуў гэты сьвет Францішак Багушэвіч, клясык беларускай літаратуры, паўстанец Каліноўскага, стваральнік канцэпту сучаснай беларускай нацыі і краіны Беларусі.
Хто «прыдумаў» Беларусь?
Кожнага разу, калі даводзіцца чуць, што Беларусь і беларусаў «прыдумала» ці то расейская імпэратрыца з мэтай русыфікацыі, ці то Ленін з бальшавікамі — дзеля нашага самавызначэньня, альбо што нас «няправільна» назвалі і мы «правільна» павінны называцца літоўцамі, я думаю пра тое, што аўтары гэтых тэзаў не чыталі (не прачыталі) ў школе «Прадмову» Францішка Багушэвіча, які ў 1890-м годзе даў адназначны і вычарпальны адказ на ўсе гэтыя фэйкі і сумневы.
Уявіце сабе агульны кантэкст падзеяў. У ХІХ стагодзьдзі на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Польшчы і Ўкраіны адбываецца працэс стварэньня сучасных нацыяў і, натуральна, высьпявае патрэба кожнай нацыі мець сваю дзяржаўнасьць.
Усё, як ва ўсіх, як па ўсім сьвеце ў той час, нічога ўнікальнага. Сваіх дзяржаваў яшчэ няма і іх стварэньню перашкаджае Імпэрыя.
У гэтых умовах Кастусь Каліноўскі, кіраўнік паўстаньня супраць Імпэрыі ў Беларусі і Літве, аддзяляе сваё паўстаньне ад паўстаньня ў Варшаве, тым самым абазначыўшы палітычную суб’ектнасьць Беларусі ў новай канфігурацыі рэгіёну. Ягоны галоўны запавет гучыць так: «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе».
Сказана і напісана ў 1864 годзе. Рэзкія словы, праўда?
Здаецца, і сёньня гэты «маскаль» гучыць рэзка і нэрвова. Многія нават думаюць што гэтае слова абражае расейцаў і стараюцца яго не ўжываць.
Але ў гэтай нэрвовасьці ёсьць сур’ёзная гістарычная прычына, з гледзішча якой «маскаль» — цалкам сабе паліткарэктнае вызначэньне, пра што я скажу ніжэй.
У 1890 годзе Францішак Багушэвіч піша сваю «Прадмову» да зборніка вершаў «Дудка беларуская», у якой канчаткова замацоўвае назвы беларусы і Беларусь за нашай сучаснай нацыяй і краінай. Чаму так упэўнена і адназначна? Таму што рэаліст Багушэвіч, ніяк ня схільны да выдумак, зьвяртаецца да канкрэтнай нацыі, якая сама сябе назвала беларускай:
«Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусьцілі яе на зьдзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахотней гавораць па-француску, як па-свойму. Нас жа ня жменька, а з шэсць мільёнаў».
У 1897 годзе праходзіць першы ў гісторыі перапіс насельніцтва Расейскай Імпэрыі, дзе беларусамі назваліся каля шасьці мілёнаў (5 885 547) чалавек усіх саслоўяў. Гатовая нацыя.
Пра нацыянальнасьць той перапіс не пытаўся, пытаўся пра мову і празь яе вызначаў прыналежнасьць да нацыі. Перапіс быццам адгукаўся на Багушэвічавы словы: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!»
Такім чынам канцэпт нацыі быў завершаны — без сумневаў, спрэчак і альтэрнатываў. Сучасны этнонім зусім натуральна стаў і палітонімам. Ліцьвінства як ранейшае падданства грамадзян Вялікага Княства Літоўскага засталося ў гісторыі і памяці. У сучаснасьці нацыі патрэбная была новая свая незалежная дзяржава — як мэханізм самазахаваньня і ўсебаковага разьвіцьця.
Гэтым заняўся наступны ідэйны лідэр беларушчыны Антон Луцкевіч. Ягоная праграмная брашура «Беларусы», якая выйшла ў 1909 годзе ў Санкт-Пецярбургу, між іншым, апэлявала ўжо да таго перапісу насельніцтва 1897 году.
А ў 1918 годзе, калі створанай у Менску Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі бракавала рашучасьці абвясьціць поўную незалежнасьць (многія спадзяваліся на існаваньне ў складзе «новай дэмакратычнай Расеі»), толькі прыезд зь Вільні беларускай дэлегацыі на чале з братамі Луцкевічамі давершыў справу. Разам зь імі прыехала і тая палітычная воля, і была абвешчаная поўная незалежнасьць БНР. Далей на аслупаваным ёю месцы змогуць мяняцца дзяржавы БССР, нарэшце Рэспубліка Беларусь.
Важная дэталь у справе нараджэньня і самасьцьверджаньня беларускае назвы і волі — увесь гэты працэс ад самага пачатку адбываўся менавіта ў Вільні і толькі там. Астатняя Беларусь збольшага заставалася пад моцным уплывам мімікрыі і генэтычнага страху, які нават у сёньняшнія часы крыўляе лёсы людзей і змушае іх ці хавацца, ці эміграваць, ці перапісваць школьныя падручнікі пра «Леніна, які прыдумаў Беларусь»…
Чаму «маскаль» гучыць рэзка?
Вобразна ролю Багушэвіча ва ўсёй гэтай справе стварэньня і пайменаваньня Беларусі і беларусаў ацаніў іншы літаратурны клясык Янка Брыль:
«І зьдзіўленьне, і недаўменьне, і пашана да таго, хто блізу сто гадоў таму назад упарта, як парастак паміж плітамі тратуара, пралез паміж дзьвюма стыхіямі, рускай і польскай, насуперак усім, уключаючы і сваіх найбліжэйшых, пралез і вырас са сваім і зрэбным, і глыбока, па-народнаму, па-хлебнаму сьвежым беларускім словам…»
Брыль, калі пісаў гэтыя словы, адразу наводзіў часавыя масты. Багушэвіч у яго — амаль на сто гадоў раней. Для нас сёньняшніх тое думалася і рабілася ім ужо блізу 150 гадоў таму.
І мы шмат чаго ведаем пра часы паўстаньня Каліноўскага, удзельнікам якога быў Багушэвіч. Ён нарадзіўся ў 1840 годзе і, у сваю чаргу, памятаў і ведаў пра падзеі 200-гадовага часу, пра якія сёньня даўно забыліся, а страх на генэтычным узроўні працягвае жыць у беларускай несьвядомасьці.
Гэта была самая страшная вайна ў гісторыі Беларусі — трынаццацігадовая агрэсія Масковіі, якую ніхто яшчэ не называў ні Расеяй, ні Расіяй, а жыхароў яе — ні рускімі, ні расейцамі, а толькі маскалямі.
Вайна была яшчэ й самай нялюдзкай і самай стратнай для беларусаў, яна глыбока, на пакаленьні наперад усяліла ў іх перакананьне, што нікога страшней за маскаля на сьвеце няма, а таксама што перамагчы яго немагчыма.
Гэта вельмі стары страх з часоў той вайны (1654-1667). Адбывалася ня толькі татальнае забойства беларусаў, асаблівай «атракцыяй» у акупантаў было забойства немаўлят, якіх жыўцом кідалі ў студні, пакуль не запаўнялі даверху. Былі разрабаваныя, зьнішчаныя і спаленыя ўсе беларускія гарады, у Масковію пагналі 300-тысячны палон. У выніку беларускі народ скараціўся ў колькасьці напалову.
Як пісаў Уладзімер Караткевіч, шмат дзе людзей не засталося нават дваіх — на развод. Напэўна, параўнаць афэкт ад той трагедыі можна толькі з Галакостам мінулай вайны, пасьля якой у многіх беларускіх габрэйскіх сем’ях старэйшыя людзі не казалі пра Галакост дзецям і ўнукам ні слова. Памяць зьнямела.
Багушэвіч памятаў і ведаў гэта таксама, як мы цяпер памятаем і ведаем пра яго самога. Ён бачыў і ведаў пра тую вайну, як мы сёньня бачым яе наступствы, хоць гістарычных фактаў амаль ня ведаем. Маўчаць пра яе супольныя беларуска-расейскія падручнікі гісторыі.
Страх прымушаў беларусаў мімікраваць пад расейцаў, гаварыць па-расейску, стаць больш «русскими» — са знакам якасьці, адмаўляцца ад сваёй мовы і адмаўляць сабе быць сабой — народам.
Як у мэтафары гэты страх увасоблены ў выбары прэзыдэнтам Лукашэнкі і ў самім Лукашэнку, літаральна ва ўсім, што і як ён робіць.
Не высоўвайся, не паказвайся, не «тырчы». Перамагчы маскаля немагчыма. Паглядзі на ўкраінцаў — яны «тырчаць» са сваёй мовай, незалежнасьцю, дэмакратыяй і іх забіваюць. А наша стратэгія выжываньня — ніяк не выяўляць сваёй самабытнасьці. Ідэя пра замену «няўдалай» назвы краіны і нацыі — з таго самага самаедзтва, якое некаторым падсілкоўвае іх ілюзорную надзею на выжываньне.
Ад таго, што мы б пераназваліся, імпэрыя ня зьменіцца і мы ад яе не схаваемся. Бо пераназвацца мусіць яна, а ня мы. І гэта ўсьведамляў Багушэвіч. Старыя кнігі і законы, пісаныя беларускай мовай, што дамінавала ў Вялікім Княстве, шмат важнейшыя для нас за тое, каб нам перастаць быць беларусамі.
Такім чынам, ад Францішка Багушэвіча мы маем цалкам лягічную і гарманічную гісторыю свайго зьяўленьня як сучаснай нацыі зь вялікай гісторыяй, дзе няма незразумелых прабелаў ці хоць якой альтэрнатывы.
«Спрадвеку, як наша зямелька зь Літвой злучылася, як і з Польшчай зьядналася дабравольна, дык усе яе «Беларусяй» звалі, і недарма ж гэта! Не вялікая, не малая, не чырвоная, ня чорная яна была, а белая, чыстая; нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася».
У «Прадмове» Францішка Багушэвіча можна знайсьці месцы, яшчэ не прадуманыя і надавывучаныя беларускімі гісторыкамі, але ўвесь гэты тэкст ня проста пра Беларусь, а пра краіну і народ, пра якія сёньня можна марыць, якой ганарыцца, бяз страху і мімікрыі перад Расеяй, але прагных свабоды, волі і праяваў сваёй самабытнасьці. Гарантыяй гэтага будзе адзіная дзяржаўная беларуская мова — гарантыяй ад сьмерці нацыі. «Каб ня ўмёрлі».