Скандалы

Стрыжак: «Мельнікава прапанавала 5000 еўра, але ж хацела ўдзельнічаць у ацэнцы заявак»

Кіраўнік Фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак расказаў пра прапанову супрацоўніцтва, якую атрымаў ад зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады.

Па яго словах, гэта адбылося пасля мінулагодняй канферэнцыі Новай Беларусі, што прайшла ў Вільні.

— Мы ўпершыню ўжывую перасякліся з Анжалікай. Падчас размовы яна прапанавала далучыцца да фінансавання ініцыятыў у межах праграмы BYSOL. Мельнікава прапанавала EUR5000, але ж хацела удзельнічаць у ацэнцы заявак ад ініцыятыў, якія мы прымаем і з Беларусі, і ад структур па-за яе межамі, — расказаў Андрэй Стрыжак.

Ён запэўнівае, што такая практыка ў межах BYSOL немагчымая і «нельга прыйсці з вуліцы з грашыма і атрымаць доступ да заявак».

— EUR5000 у межах праектнай дзейнасці — гэта невялікая сума, дастатковая, хіба, для фінансавання мікрапраекта маленькай ініцыятывы. Мяне троху здзівіла, што пасля напаміну пра справу, Анжаліка паабяцала вярнуцца да яе пазней, але ж больш ніколі не вярнулася. Але ж, так бывае ў грамадскім сектары — ідэі і праекты хутка нараджаюцца і так жа хутка паміраюць нерэалізаванымі, — адзначае Стрыжак.

Ён кажа, што не ведае, ці гэта была праватная ініцыятыва Мельнікавай, ці агульная ад Каардынацыйнай Рады і тая выступала як спікерка.

— Але ж калі, напрыклад, КР нічога ня ведае пра гэтыя грошы, то чые яны маглі быць? — задаецца пытаннем кіраўнік BYSOL. — І калі пафантазаваць, то для спробы атрымаць доступ да заявак, што прыходзяць у BYSOL, і дадзеных пра людзей, што іх падаюць, такая «інвестыцыя» выглядае як цалкам сабе пад'ёмныя траты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(13)