Женщины

Ірына Дрозд

«У Беларусі апошнім часам увесь мой заробак быў меншым, чым тут я наўпрост аддаю на прыгажосць»

Любімая праца, добрая зарплата, хоббі і вучоба ў 55. Настаўніца, вымушаная з’ехаць з краіны, распавяла «Салідарнасці» пра жыццё ў Польшчы.

Ілюстрацыйны здымак

«Два гады ў Польшчы — любімая праца, добрая зарплата, шмат сяброў, заняткі ў хоры і джазавым ансамблі і вучоба ў 55», — напісала ў сацсетках беларуска Святлана (імя зменена — С.).

«Салідарнасць» вырашыла даведацца, як гэта атрымалася ў беларускай эмігранткі.

«Вёска амаль вымерла, а колькасць вучняў скарацілася ў пяць разоў»

— Шмат гадоў я працавала ў беларускай сельскай школе настаўніцай музыкі, хоць і не мела профільнай адукацыі, — расказвае Святлана. — На вёсцы і раней не хапала настаўнікаў, а я зразумела, што гэта маё. Вельмі любіла тое, чым займалася.

Дадаткова стварыла з дзецьмі фальклорны гурт, мы шмат вывучалі культуру сваіх мясцінаў, выступалі з канцэртамі. Наогул мы, былое пакаленне, займаліся менавіта выхаваннем дзяцей, якія будуць любіць сваю вёску і сваю краіну.

З часам да нас сталі прыходзіць маладыя настаўнікі. Яны мелі спецыяльную падрыхтоўку, але ў школу ішлі ўжо не столькі дзеля дзяцей, колькі дзеля кар'еры, амбіцый, грошай.

Да таго ж, апошнім часам установы адукацыі замучылі праверкамі з розных ведамстваў і справаздачамі.

На жаль, змяніліся не толькі ўмовы працы. І вёска мая стала ўжо не тая, якую я любіла, да якой была прывязана сэрцам. Яна амаль вымерла, а колькасць вучняў у школе за гады маёй працы скарацілася ў пяць разоў.

Тым не менш, я дапрацавалася нават да настаўніка вышэйшай катэгорыі і з’язджала з роднага дому не па сваёй волі. Асабліва цяжка было пакідаць дзяцей. А да мяне ўжо мае вучні прыводзілі сваіх дзетак.

Пакінула Беларусь Святлана ў 53 гады. Узрост, шчыра кажучы, не самы прыдатны для эміграцыі, тым больш вымушанай.

— У Польшчы, куды я трапіла, у мяне ёсць родныя. Яны мяне і прытулілі на першы час. Працу пачала шукаць амаль адразу. Напачатку думала, што застануся ў Варшаве, дзе магла пайсці традыцыйным для мігрантаў шляхам, то-бок прыбіральшчыцай у гандлёвы цэнтр ці на які склад.

Але я вырашыла з’ехаць з Варшавы ў маленькі гарадок, усяго на 13 тысяч чалавек, і паспрабаваць там знайсці занятак, згодна з маёй кваліфікацыяй і тым, што я люблю рабіць. Гарадок мне таксама дапамаглі знайсці родныя, але такіх мястэчак у Польшчы хапае.

У гэтым горадзе з мігрантаў апынулася бадай толькі я — цалкам польскі асяродак. Таму звярталася за дапамогай, каб зрабіць партфоліа на польскай мове.

Партфоліа сама насіла па школах і дзіцячых садках, іх тут няшмат. І вось у адным з садкоў дырэктарка адразу сказала, што гатова мяне ўзяць, але не можа аформіць выхавальніцай, бо ў мяне няма адпаведнай адукацыі.

Па дакументах я лічылася памочніцай выхавацеля, але выконваць мне прапанавалі тое, што я ўмела. Я вучыла дзетак музыцы.

Таксама спатрэбіліся і мае іншыя творчыя здольнасці, я люблю маляваць, рабіць нейкія мастацкія работы рукамі — гэта ўсё маё.

«У 55 гадоў нарэшце я пайшла на агульную педагагічную падрыхтоўку»

Галоўныя цяжкасці ў першы час, кажа Святлана, тычыліся мовы, якой яна не валодала. Для вывучэння знайшла нетрывіяльны спосаб.

— Адразу ў мяне быў моўны стрэс, бо, як і шмат беларусаў, я амаль усё разумела, але з сябе слова выціснуць не магла. І тады я шчыра прызналася дзеткам, якія да мяне прыходзілі, што не ведаю мову, і папрасіла іх мяне навучыць. І тыя сапраўды аказаліся добрымі настаўнікамі, — смяецца суразмоўца «Салідарнасці». — Яны даставалі свае азбукі і па літарах вучылі мяне складваць словы.

Пасля яны прыносілі свае кніжкі з казкамі: я чытала, а яны мяне папраўлялі ды падказвалі. Напрыклад, я скажу слова няправільна — «тут», а яны: «Пані, не «тут», а «тутай» (tutaj)».

Першыя паўгады я працавала ў гэтым садку на стаж за мінімальны заробак, на той момант 1500 злотых (350 еўра). У той час магла здымаць маленькі пакойчык і ледзь аплачваць камунальныя.

Харчавацца можна было ў садку. Час ад часу мне дапамагалі грашыма родныя, якія таксама жывуць у Еўропе.

Праз нейкі час мяне праз бацькоў выхаванцаў знайшлі і запрасілі працаваць у прыватную школу. Дарэчы ў ёй я працую дагэтуль.

Калі прыйшла першы раз, дырэктар здзівіла: «Пра вас гавораць у горадзе». А мае дзеці сапраўды ўжо пачалі выступаць з народнымі спевамі і танцамі.

У гэтай дырэктаркі нават было відэа аднаго з канцэртаў. І яна прапанавала мне рабіць тое самае.

Наша школа базавая — да восьмага класа. У Беларусі, напрыклад, у прыватныя школы раней хадзілі тыя, хто хацеў даць лепшую адукацыю дзецям і плаціў за гэта немаленькія грошы.

У школе, дзе працую я, ёсць розныя дзеці. Але большасць з іх тыя, хто няўтульна адчувае сябе ў звычайнай школе па розных прычынах.

Хтосьці мае няўстойлівую псіхіку, хтосьці проста не знайшоў агульнай мовы ў вялікім калектыве. І навучанне ў нас даступнае па кошце. Аплата суадносіцца з дзяржаўнай дапамогай на дзяцей. На іх кожны месяц плацяць 800 злотых (190 еўра).

Спачатку там я таксама пачала працаваць як памочніца настаўніцы на святліцу, гэта нешта накшталт нашай прадлёнкі.

Да таго ж у гэтай школе адзін настаўнік можа весці пачатковыя класы і, напрыклад, матэматыку ў старэйшых. І пакуль ён выкладаў матэматыку, я займалася з яго дзецьмі з пачатковай школы.

І ўжо ў той першы год, калі я павінна была проста дапамагаць прыглядаць за дзецьмі, я пачала з імі займацца, мы рыхтавалі святы, рэпеціравалі выступленні. Рабіла тое, што магу, абапіраючыся на мясцовы фальклор.

Як памочнік, атрымлівала самую нізкую зарплату — каля 3000 злотых (700 еўра). Але ўжо змагла сама зняць маленькую кватэрку, праўда, за два кіламетры ад працы.

Аднойчы дырэктарка сказала, што такое становішча яе не задавальняе, і дапамагла мне зрабіць настрыфікацыю майго беларускага дыплома.

Дзякуючы гэтаму, мяне афіцыйна прызналі кваліфікаваным спецыялістам са ступенню магістра. Я была шакаваная. Прызнанне дыплома ў Польшчы дало мне права пайсці вучыцца далей, на постдыпломную адукацыю.

І ў 55 гадоў нарэшце я пайшла на агульную педагагічную падрыхтоўку. З самага пачатку навучання мяне аформілі настаўнікам.

Вучуся я ў анлайн-універсітэце і скончыла ўжо два з трох семестраў. Адукацыя платная, каштуе 3000 злотых (700 еўра). Мая дырэктарка, канешне, прапанавала ўсё аплаціць, але я адмовілася, таму што не ведаю, ці буду далей працаваць у гэтай школе.

Дарэчы, зараз я магу сабе дазволіць такі выдатак. Бо як настаўнік музыкі маю нашмат большую зарплату, плюс прэміі.

«Правяраючыя яшчэ не прыехалі, яшчэ нават ніхто не ведае, хто едзе і адкуль, але ўся школа ўжо стаіць на вушах»

— І колькі можа атрымліваць настаўнік музыкі ў прыватнай школе ў Польшчы?

— Стаўка тут вялікая — 30 гадзін. А ў мяне яшчэ пяць зверху. За гэта я атрымліваю 5-6 тысяч злотых (да 1400 еўра). Але ж па мясцовых мерках я толькі пачатковец, у мяне яшчэ няма адмысловага стажу.

То-бок прыкладна столькі атрымліваюць і маладыя выпускнікі вузаў. І ўсё ж я вельмі задаволеная і цаню гэтую працу.

— Што можа дазволіць сабе пачынаючы настаўнік у Польшчы?

— Цяпер я здымаю ўжо даволі добрую кватэрку, у якую магу нават запрасіць гасцей. Раз на месяц хаджу да касметолага, раблю дарагія працэдуры. Да таго ў мяне добры цырульнік, два разы ў месяц манікюр-педыкюр.

У Беларусі апошнім часам увесь мой заробак быў меншым, чым тут я наўпрост аддаю на прыгажосць.

Нарэшце дазваляю сабе любыя вітаміны, дадаткі, ежу для свайго здароўя. У Беларусі часам не магла купіць нават неабходныя мне лекі.

Калі трэба, магу дазволіць сабе платную медыцыну. У мінулым годзе пасля аперацыі паехала на тыдзень у Сопат на мора, нягледзячы на тое, што перад аперацыяй не працавала і назапашаных грошай у мяне не было. Летась таксама планую адпачыць.

Ужо казала, што магу аплаціць сабе вучобу. Зараз збіраюся пайсці яшчэ на адзін курс — непасрэдна «настаўнік музыкі», каб у мяне з дакументамі ўвогуле ўсё было ў парадку.

І ўжо сама дапамагаю родным.

— А як у польскай школе справы з праверкамі?

— Яны бываюць, пажарныя, ведаю, дакладна. Але гэта справа дырэктара. У Беларусі было так: правяраючыя яшчэ не прыехалі, яшчэ нават ніхто не ведае, хто едзе і адкуль, але ўся школа ўжо стаіць на вушах.

Ужо ўсіх прымусілі прагледзець, ці ўсе кропкі пастаўлены ў журналах, ці ўсе рысачкі падведзеныя, ці ўсе справаздачы напісаныя. Тэхработнікі мыюць калідор, дзеці ціхенька сядзяць па кабінетах.

А тут ты проста нічога не заўважыў, і нават пасля дарэктар не будзе збіраць сход, каб зрывацца на ўсіх. Наогул там запужванне было пастаяннае.

Адно тое, што школу перыядычна правярала пракуратура. Здавалася б, дзе школа, а дзе пракуратура. Але іх вельмі цікавіла наведвальнасць вучняў, маглі нават патэлефанаваць бацькам, каб спраўдзіць.

Пры гэтым, напрыклад, адсутнасць у школы грошай на музычныя інструменты, касцюмы для вучняў, неабходныя рамонты нікога не турбавала.

У Польшчы такіх праблем проста не існуе. Наадварот, мне пастаянна прапануюць, толькі знайдзі, што табе патрэбна для працы, мы ўсё купім. Але ў гэтай школе і так ёсць усё неабходнае для маіх заняткаў.

Адрозніваюцца і самі адносіны кіраўніцтва з падначаленымі. Ужо расказвала, як дырэктарка дапамагала мне з дакументамі, прычым гэта была яе ўласная ініцыятыва.

І ва ўсім я адчуваю вялікую падтрымку. Абсалютна нармалёва, калі яна падыдзе і спытае, ці ёсць яшчэ якія праблемы. Дзеля гэтага нават можа запрасіць і да сябе ў кабінет. І ты ведаеш, што ніякіх прэтэнзій да цябе там выказваць не будуць, а спытаюць, што яшчэ можна зрабіць, каб было лепш.

Мне тут вельмі хочацца працаваць, бо мае ідэі ўважліва слухаюць, падтрымліваюць і дзякуюць.

Уразіла і стаўленне да вучняў. Калі хтосьці з дарослых убачыць, што на калідоры стаіць дзіця, самотнае, не ўсміхаецца, да яго адразу падыдуць і спытаюць, што здарылася, чым дапамагчы.

Тут жа з'явіцца карэкцыйны выхавацель, псіхолаг, усе, хто зможа даведацца, чаму ў дзіця такі настрой. Бачыла, як дырэктарка аднойчы ў такой сітуацыі падышла і кажа хлопчыку: «Хочаш пасядзець у маім дырэктарскім крэсле?». Завяла яго ў кабінет, пасадзіла ў сваё крэсла, сама села насупраць і выведала ўсё, што таму дзіцёнку бракавала.

І яшчэ маленькі штрых — у кожным класе стаяць канапы. Любы вучань падчас заняткаў, калі яму надакучыла сядзець на стуле, можа пайсці і сесці на канапу.

— Уражвае і тое, як яны ставяцца да творчых асобаў. Вы іншаземка, эмігрантка, нават без спецыяльнай адукацыі былі, але за вашай працай уважліва назіралі і ацанілі.

— Менавіта так я трапіла ў мясцовыя калектывы. Мяне знайшлі з хору для дарослых і прапанавалі далучыцца. А я чалавек сцэны, мне гэтага не хапала.

Зараз спяваю ўжо польскія песні, што вельмі цікава, гэта вельмі карысны вопыт. Выпадкова з'явіўся ў маім творчым жыцці і джазавы ансамбль.

У іх пайшоў адзін музыка, яны ўбачылі мяне на сцэне з дзецьмі, кіраўнік падышоў і спытаў, ці не хацела б я паспрабаваць сябе ў гэтым жанры.

Я ўсё жыццё працавала з фальклорам, таму мне вельмі цікава, і я спрабую. Таксама мяне запрашалі і ў мясцовы тэатральны калектыў музыкай. Я сапраўды адчуваю тут вялікую запатрабаванасць і мяне гэта, шчыра кажучы, падтрымлівае і натхняе.

«Можа, калі б я засталася тады ў вялікім горадзе, замкнулася ў сабе, пайшла працаваць прыбіральшчыцай, усё было б інакш»

— Вы сказалі, што вам тут рабілі аперацыю. Можаце расказаць, як гэта было?

— За апошнія гады мне давялося перажыць дзве аперацыі на суставах. Першую яшчэ ў Мінску. Там я пашкодзіла руку, некалькі месяцаў прамучылася.

Калі б знаёмыя не дапамаглі трапіць у РНПЦ Траўматалогіі і артапедыі, не ведаю, можа б, страціла частку рукі. Аперацыю мне рабілі нібыта бясплатна, але пасля папрасілі аплаціць нятанныя матэрыялы — 400 еўра.

Калі пачула кошт, памятаю, што аж заплакала, бо не ведала, дзе ўзяць такія грошы з зарплатай 600 рублёў. Звярнулася да прафсаюза, мне далі 100 рублёў. Урэшце дапамаглі знаёмыя.

У Польшчы я ўпала і пашкодзіла нагу. Запісалася на прыём артапеда па дзяржаўнай страхоўцы толькі праз тры месяцы. А нага баліць, я кульгаю.

Не вытрымала мая дырэктарка. Сама знайшла тэрмін на МРТ у прыватную клініку, запісала мяне, адвезла, і ўсім калектывам яны аплацілі. Мне патрабавалася замена каленнага сустава.

Беларусы падказалі і нашага лекара-артапеда, і спецыялізаваную клініку. У Польшчы не трэба знаёмстваў, ты сам можаш па скіраванні запісацца да любога доктара ў любую клініку краіны.

Мяне паставілі ў чаргу на аперацыю па страхоўцы туды, куды я хацела, толькі праз тры месяцы. Увесь гэты час мае калегі згрупаваліся і па чарзе вазілі мяне на працу і з працы, забіралі з дому і чакалі пасля заняткаў, ні воднага разу не пакінулі.

Дарэчы, сустаў мяняць мне ўсё ж не сталі, зрабілі артраскапію калена і ўсё вычысцілі. Ужо на другі дзень я магла станавіцца на гэтую нагу і не адчуваць болю.

Зараз зноў хаджу пешшу некалькі кіламетраў на працу і нават танчу.

— Як у вас хапае на ўсё часу, сіл, а, галоўнае, жадання. Бо шмат каго ў эміграцыі накрывае так, што не хочацца наогул нічога рабіць, некаторыя не выходзяць з дэпрэсіі, ледзь спраўляюцца, каб зарабіць нешта на ежу і жытло.

— У мяне таксама была дэпрэсія пасля вымушанага ад'езду. Але я пражыла такое жыццё ў Беларусі, столькі ўсяго нацярпелася, што калі прыехала сюды, зразумела, тут не можа быць горш.

Калі мяне, як кажуць, накрывала, я проста казала сабе: ты тут працуеш на адной працы і атрымоўваеш больш, чым там на трох.

Цябе тут не дапякаюць праверкамі, даюць волю для тваёй творчасці. Ты не баішся хадзіць па вуліцы. У цябе няма 25 сотак зямлі, каровы, свіней і качак, не трэба саджаць агарод, нарыхтоўваць сена, каб выжываць і карміць сям'ю.

Мне не шкада таго жыцця, той працы за капейкі дзеля выжывання. У матэрыяльным плане я тут не страціла, а набыла. Дык на што мне скардзіцца?

Можа, калі б я засталася тады ў вялікім горадзе, замкнулася ў сабе, пайшла працаваць прыбіральшчыцай, усё было б інакш, можа, і я б скацілася ў дэпрэсію.

Але я ўжо абжылася ў сваім гарадку. Часам мне ўвогуле здаецца, што я тут пражыла ўсё жыццё, настолькі ён стаў мне родным, настолькі гэтыя людзі сталі мне блізкімі.

Ідзеш па вуліцы, з аднаго боку: «Дзень добры, пані Святлана!», з другога боку: «Пані Святлана, добрага дня!». Я ні разу не пачула тут ганебнае стаўленне да сябе як да чалавека з іншага краю.

Гэта ў Беларусі ніколі не любілі актыўных і ініцыятыўных людзей, а тут менавіта за гэта мяне цэняць.

Не магу скардзіцца на сваё жыццё. Не сумую па беларускіх сырках і зефіру, бо тут вельмі добрая кухня. Нават свой дом, які будавала, стараюся ўжо не ўспамінаць. Адрэзала — і пайшла далей.

Так, мае знаёмыя з Беларусі не вераць, што мне тут добра. Пытаюць, а як ты там працуеш, у цябе ж ні мовы, ні адукацыі. Але ж я працую, і ўсё ў мяне добра.

Калі я толькі прыехала, адзін наш таксама вымушаны эмігрант з Амерыкі, дзе ён дарэчы жыве ўжо дзесяць гадоў, падзяліўся такім лайфхакам: «Зараз ты павінна сказаць сабе, што вяртання назад няма. Не думай, што вернешся, пачынай жыццё быццам з нуля, будуй, уладкоўвай і не азірайся назад».

І гэтыя яго словы мне вельмі дапамаглі.

Зараз я прашу ў Бога, каб даў мне даўжэйшае жыццё, бо я хачу як мага больш жыць так, як цяпер.