Усё было б безнадзейна, каб ня інтэрнэт. Цяпер ужо ня трэба ехаць на іншы канец гораду, каб перапісаць са шпулі на касэту «сапраўдную» музыку ці браць на ноч (на болей не давалі) скапіяваную кнігу пісьменьніка-дысыдэнта.
Вольскі: «Бездапаможныя кінавырабы, стэрылізаваныя спэктаклі, шэрая безнадзейная літаратура, у якой няма спажыўца»
Скроліш сацыяльныя сеткі і раз-пораз натыкаесься на воклічы: «Вой, якія добрыя фільмы здымалі за савецкім часам! Вой, якія жыцьцясьцьвярджальныя песьні сьпявалі! Якія добрыя гуманістычныя раманы пісалі!», піша Лявон Вольскі на Budzma.org.

Якія фільмы насамрэч здымалі ў СССР
Тыя пару фільмаў, якія праскочылі праз нажніцы цэнзуры дзякуючы таму, што на папярэднім праглядзе спадабаліся Леаніду Ільлічу, ці то ўдалыя дзіцячыя раманы-казкі, якія потым выявіліся вольнымі перакладамі з ангельскае ды італійскае моваў, ня ёсьць паказьнікам вялікае савецкае культуры. Наадварот, гэта выключэньні.
Ведаеце, колькі фільмаў здымалі на кінастудыях СССР? Процьму, безьліч. І пра што былі гэтыя фільмы? Пра завод, пра калгас, пра шчасьлівае дзяцінства, пра годную службу ў войску, пра герояў рэвалюцыі і, натуральна, пра подзьвіг народу ў вайну.
Ваенныя фільмы для савецкага хлапчука яшчэ можна было глядзець, рэвалюцыйныя — асабліва тыя, дзе шмат батальных сцэнаў — таксама болей-меней, а ўсе астатнія — вы самі разумееце. Шэрая панурая нудота.
Савецкія песьні
Пра савецкія песьні я шмат казаць ня буду. Можа быць, для кагосьці яны асацыююцца з рамантычнымі момантамі юнацтва й маладосьці і таму блізкія і дарагія.
Але (за рэдкімі выключэньнямі) гэта былі альбо «салодкагалосыя» (гэтыя галасы ў народзе называлі «казьлятон») вакальна-інструмэнтальныя скавытаньні пра тое, што «любовь стороной прошла» ці то «снег кружится, летает и тает» пад акампанэмэнт нязьменных пяці акордаў ці мабілізацыйна-патрыятычныя — пастаўленым барытонам пад аркестар — «соловей российский, славный птах» і «Поле, русское поле»...
Паэты-пісьменьнікі і ўнутраны цэнзар
Усе паэты-пісьменьнікі ведалі, пра што можна пісаць, а пра што — нельга. Адразу на стадыі напісаньня твору ўключалі ўнутранага цэнзара. Таму што ўсе хочуць друкавацца, а гэта можна рабіць толькі пры ўмове, калі ты ня будзеш закранаць пэўныя тэмы. І што ў цябе атрымаецца ў фінале, калі ты ўключыў цэнзара на самым пачатку? Вось такое і выходзіла.
Трэба засьведчыць ляяльнасьць да ўлады Плюс да ўсяго — калі ты спадзяесься зрабіць кар’еру, дык мусіш засьведчыць ляяльнасьць да ўлады.
Гэта значыць, трэба напісаць, стварыць, прасьпяваць, прачытаць, сыграць, выканаць штосьці (кнігу, песьню, араторыю, п’есу, фільм) пра Леніна, партыю, камсамол — патрыятычнае. Ці то, наадварот, крытычнае — пра сьвет чыстагану, дзе чалавек чалавеку — воўк, пра фальшывыя заходнія каштоўнасьці і падвоеную мараль.
Культура ў таталітарным сьвеце
У таталітарным сьвеце культура і мастацтва амаль ня маюць шанцаў. Яны ўспрымаюцца ўладамі як штосьці са сфэры абслугі: «Ты мастак? То намалюй нам Леніна на браневіку. Ці то намалюй бярозавы гай. І каб быў як жывы, як на фотаздымку! А калі не — тады які ж ты мастак?».

І так і з паэтам, зь пісьменьнікам, са сьпеваком — «Давай, прасьпявай так, каб душа згарнулася, а потым разгарнулася!». Такое стаўленьне да ўсіх дзеячаў культуры і мастацтва. Невялікі шанец мае хіба што сымфанічная музыка — і тое пажадана даваць сваім інструмэнтальным творам патрыятычныя назвы.
Культура і мастацтва ў цяперашняй РБ
У таталітарна-дыктатарскім грамадзтве РБ сытуацыя падобная. Толькі маштабы ня тыя. Здрабнела ўсё дашчэнту. Іншы бюджэт, іншы размах. Іншы кшталт тых, хто кіруе краінай. Іншая колькасьць творцаў (калі іх можна так назваць), якія абслугоўваюць рэжым. Іншая ступень іхнага таленту.
Ня надта ўпэўнена грае аркестар, акампануючы сьпеваку, які зусім не віртуозна выконвае патрыятычную песьню, тэкст якой напісаны паэткай-графаманкай, а музыка — «адным расейскім шансанье» («шансонам» яны цяпер называюць тое, што раней звалася проста й ёміста — «блятняк»).
Бездапаможныя кінавырабы, стэрылізаваныя спэктаклі, шэрая безнадзейная літаратура, у якой няма спажыўца... Гэта культура і мастацтва цяперашняе РБ.
І — паралельна — вечныя чорныя сьпісы. Сьпіс неляяльных выканаўцаў, сьпіс экстрэмісцкае літаратуры...
Забароненыя ў РБ «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча атрымліваюць прэстыжную Ляйпцыгскую прэмію — беспрэцэдэнтная рэч для беларускага літаратурнага твору!

У РБ пра гэта ці то звыкла прамаўчаць (усё тое, што адбываецца на Захадзе — ня мае дачыненьня да Беларусі), ці то зьдзекліва й бескультурна, як яны ўмеюць, пракамэнтуюць, што гэтая прэмія — наскрозь палітызаваная (усё, што адбываецца на Захадзе — накіраванае супраць Беларусі).
Дык а дзе ён — ваш літаратурны адказ? Дзе гэты, таленавіты, бліскучы, пераканаўчы твор, які ўхваляе беларускую рэчаіснасьць?
Чамусьці ніхто з соцень літаратараў — чальцоў праўладнага «пісьменьніцкага» саюзу за ўсе гэтыя бясконцыя дзесяцігодзьдзі так і ня здолеў нарадзіць яго. Магчыма, недастаткова сродкаў укладалі ў яго, у гэты саюз? Каб болей на коне стаяла кватэраў, дамоў адпачынку, літпрэміяў — дык і матывацыя была б большай? Як за савецкім часам.
Проста — клік! — і глядзіш спэктакль «Купалаўцаў», слухаеш новую песьню выканаўца з чорнага сьпісу, чытаеш «экстрэмісцкі» раман забароненага літаратара.
І нам таксама проста быць у рэчышчы Рбшнае культуры і мастацтва. Клік! — і ты глядзіш праўладны канцэрт у чарговым Палацы Незалежнасьці Рэспублікі Пераможцаў — а там артыст-вакаліст другой катэгорыі зь неабходным вібрата выдыхае звыклыя словы: «Бацька у нас герой, мы за яго — гарой!». Уся заля паднялася, пляскае ў ладкі, на пярэдніх шэрагах — дзяржаўная эліта — прадстаўнікі ўлады, міністры, генэралы — пляскаюць, робяць выгляд, што падпяваюць...
І робіцца і гідка, і сорамна, і шкада ўсіх гэтых дзяржаўных балванчыкаў, якія ўкруціліся ў гэтае безгустоўнае шапіто...
А ў сацыяльных сетках камэнтатары на зарплаце ў агульнай эйфарыі дружна напішуць: «Якая прыгожая ўрачыстая жыцьцесьцьвярджальная песьня! Зусім як за савецкім часам!».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное