Архівы КГБ засталіся надзейна засакрэчаныя. «Каб не сварыць людзей, — казалі афіцыйныя структуры. — Бо ж пісалася шмат даносаў, нашчадкі прачытаюць і будуць міжсоб варагаваць, а для нас істотная грамадзянская згода».
Вольскі: «Ніхто не пакаяўся, ніхто не папрасіў прабачэньня за тагачасныя злачынствы ўладаў»
Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра культ Сталіна ў Беларусі і пра тое, як гэта ўплывае на ўвесь свет.
На Сталіна нібыта забыліся
У Савецкім Саюзе пасьля таго, як дыктатар памёр і прагрымелі эпахальныя прамовы пра культ асобы і ягонае асуджэньне, пасьля таго, як пазносілі шматлікія (у цэнтры Менску таксама быў) помнікі былому правадыру, пасьля таго, як перайменавалі вуліцы, плошчы й праспэкты (так-так, вы не памыліліся, праспэкт Незалежнасьці, ён жа экс-Скарыны і экс-Леніна, раней быў Сталінскім праспэктам).
Дык вось пасьля ўсіх гэтых аздараўленчых захадаў на Сталіна нібыта забыліся. Быццам бы і не было страшных дзесяцігоддзяў, калі людзі ня спалі начамі, уздрыгваючы ад гукаў аўтамабільнага матору ў двары — а раптам гэта «чорны варанок»? А раптам ён прыехаў па цябе? Быццам бы гэта было ня з намі. Ці то з намі, але не наяве, а ў страшным сьне.
Сталін у кіно і за лабавой шыбай аўто
Сталін узьнікаў на экране ў гераічнай савецкай эпапэі «Вызваленьне». Гэта быў узважаны, разважлівы і надзвычай разумны ваеначальнік, генералісімус, які ўпэўнена вёў свае войскі да перамогі.
У адрозьненьне ад Гітлера, які быў паказаны нэрвовым, хутчэй за ўсё, душэўна хворым, ня ўпэўненым ні ў чым параноікам, у якога безупынна трэсьліся рукі, які ўвесь час зрываўся на крык, заходзіў у істэрыку, карацей, незразумела было — як вось гэтае во нягеглае стварэньне заваявала паўсьвету?
А болей Сталін нідзе не фігураваў. Хіба ў розных фільмах пра вайну. І ўсё.
А, не! Яшчэ ягоны партрэт можна было пабачыць за лабавой шыбай грузавікоў і рэдкіх па тым часе прыватных аўто. Што гэта было? Наўрад ці праява нязгоды, хутчэй, сум па «моцнай руцэ», бо тагачасны савецкі лідэр Брэжнеў выглядаў і гучаў як хадзячая карыкатура. Пра яго складалі шматлікія анэкдоты, і абсалютна ясна, што гэткі лідэр ня мог мець у народзе павагі, маўляў, вось раней былі правадыры дык правадыры, ня тое, што цяпер! І як вынік — флэшмоб — выява Сталіна за шыбай аўтамабіля.
Прыйшла перабудова, але ніхто не пакаяўся за злачынствы
А потым прыйшла перабудова і вадаспад інфармацыі пра рэпрэсіі, катаваньні, расстраляных пісьменьнікаў, Курапаты, Салаўкі і нечалавечыя сыбірскія сталінскія лягеры.
Але афіцыйныя структуры на гэтую праўду рэагавалі неахвотна. Марудна, зь лёгкім раздражненьнем, маўляў, ну, было нешта такое, але вельмі даўно, дык чаго цяпер церабіць мінулае?
І ніхто не пакаяўся, ніхто не папрасіў прабачэньня за тагачасныя дзеяньні (злачынствы) уладаў. А навошта?
Сьвет зноўку зьмяніўся
З расстрэлам Чаўшэску ў 1989 годзе нібыта скончыўся ў Эўропе парад дыктатараў — Энвэр Ходжа, Броз Тыта, Франка, Салазар... Здавалася, гэтая эпоха назаўсёды сышла ў нябыт. Прыйшлі дзевяностыя, абрынулася «імпэрыя зла», сьвет зьмяніўся. Мы думалі, незваротна.
І вось у адной (асобна ўзятай) маладой эўрапейскай незалежнай краіне нашчадкі тых, хто сумаваў па «цьвёрдай руцэ» і клеіў фатаздымак Сталіна на лабавую шыбу, выбіраюць маладога энэргічнага (хай сабе і парадаксальнага, і эксцэнтрычнага, «моцныя рукі» — яны такія) палітыка. «Крэпкага хазяйсьцьвеньніка». Спартоўца, гісторыка, музыку, фатографа, журналіста, пэдагога, лектара, вайскоўца, дырэктара — асобу шматгранную і ўсебакова адораную.
І з гэтага моманту сьвет зноўку зьмяніўся. Хаця ніхто ў Эўропе (і тым самым сьвеце) усур’ёз не ўспрымаў ані маладую незалежную краіну, ані ейнага новага парадаксальнага лідэра, маўляў, хай сабе там робяць, што хочуць, нас гэта не датычыць!
Але ў прыродзе ўсё ўзаемазьвязана, і на неабмежаваную ўладу парадаксальнага правадыра пачалі заглядацца ў суседняй (пашкамутанай, але ўсё ж) імпэрыі — чаму б нам не скарыстаць гэты перадавы досьвед? І ўрэшце скарысталі.
І гэта зрабілася прыкладам для шмат якіх лідэраў эўрапейскіх (а цяпер ужо і ня толькі) краінаў. І вось мы звыкла бачым асобу правадыра якогасьці народу на высокай трыбуне, якая заклікае гэты (свой) народ да барацьбы, зьдзекуецца з апанэнтаў, пагражае, лаецца і крычыць.
Прыйшоў (вярнуўся) час гэткіх лідэраў. І ў паветры вісіць вельмі нядобры, непрыемны пах — пажару, ці што?
А пачыналася ўсё з адной маладой эўрапейскай былой парляманцкай, а цяпер прэзыдэнцкай рэспублікі, у якой на фэйкавым навабудзе пад Радашковічамі ўсталявалі бюст рэвалюцыянэра, генэралісімуса, вялікага правадыра і настаўніка, «бацькі народаў»...
І назвалі той навабуд адпаведна — лінія Сталіна.
Читайте еще
Избранное