Общество

Вячаслаў Лазараў: Палітвязняў пазбавілі пашпартоў, а мне нават даведку не далі

Відэаператар-фрылансер «Белсата» Вячаслаў Лазараў стаў адным з 52 памілаваных беларусаў, якіх рэжым Лукашэнкі дэпартаваў на тэрыторыю Літвы 11 верасня. БАЖ пагутарыў з былым палітзняволеным журналістам пра турэмныя нягоды, нечаканае вызваленне і далейшыя планы.

Вячаслаў Лазараў са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

Віцебскага журналіста затрымалі 9 лютага 2023 года. 25 верасня яго асудзілі на 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Зімой у адстойніку ў адной майцы і трусах

— Яшчэ летам 2022 года супрацоўнікаў «Белсата» папярэджвалі, што адбылася ўцечка інфармацыі, якая можа пагражаць нашай бяспецы. І раілі лепш за ўсё з’ехаць з Беларусі.

Мы з сям’ёй хаваліся на кватэры ў Віцебску два месяцы. Праз месяц-два паглядзелі, што нічога не адбываецца, і пачалі далей жыць па-ранейшаму. Але мы не разумелі, што махавік сістэмы запушчаны, мы недаацанілі рызыкі.

У мяне заканчвалася віза, і я вырашыў з’ездзіць у Польшчу дзён на дзесяць. Вяртаўся ў 20-ых лічбах студзеня 2023 года. На мяжы аўтобус, на якім я ехаў, затрымалі гадзіны на тры: у мяне праверылі ўсе мае рэчы. Усё, думаю, затрымаюць. Не, аддалі  рэчы і адпусцілі. Ужо гэты вобшук мусіў мяне насцярожыць, але я не надаў яму вялікага значэння.

І вось наступіла 9 лютага 2023 года. Для мяне гэта быў дзень беганіны. Спачатку зрабіў даведку для сваёй васьмімесячнай дачкі. Затым заскочыў да маці, сам я жыў на здымнай кватэры. Маці выйшла да суседкі па справах, дзверы кватэры былі проста прычыненыя. І тут чую грукат — урываецца міліцыя, мяне кідаюць на падлогу, на рукі адзяваюць кайданкі, ботам па галаве. Запатрабавалі пароль ад тэлефона, але я адмовіўся даваць.

А тут яшчэ перагукнулася старая гісторыя, неяк «Белсат» уручыў супрацоўнікам фірмовыя майкі з лагатыпам. Якраз у гэтай майцы я і быў. Наўпрост у майцы з лагатыпам «Белсата» мяне і павезлі ў Кастрычніцкі РАУС.

Там узялі з мяне першыя паказанні, распранулі да майткоў і майкі — і ў такім выглядзе кінулі ў адстойнік. Іншыя сядзельцы абурыліся: як так, зіма, а вы чалавека ў майцы ды трусах пакінулі. Дык ім сказалі, я сам адмовіўся, маўляў…

З РАУС мяне адвезлі ў ІЧУ, як, зрэшты, і ўсіх палітзняволеных. Матрацы там не выдаюць, штоноч будзяць некалькі разоў — праз кожныя пару гадзін. Але людзі самі дзяліліся між сабой — то курткамі, то ежай.

Праз 72 гадзіны мяне адвезлі ў следчы ізалятар.

«9 месяцаў у СІЗА, чатыры апошнія са мной нічога не адбывалася»

— У следчым ізалятары, скажу праўду, першы час было цяжка, асабліва калі восем чалавек пачынаюць дыміць. У медчастцы дапрасіцца лекаў немагчыма, маглі даць для адчэпнага які-небудзь анальгін. Нікога не цікавіць, якая ў цябе тэмпература, што ў цябе баліць, што з табой рабіць. Трэба быць пры смерці, каб персанал пачаў шавяліцца.

У СІЗА мяне пратрымалі дзевяць месяцаў. Спачатку следства дэманстравала актыўнасць, хоць на допыты вадзілі. Аднак апошнія месяцы чатыры ўвогуле нічога не адбывалася — мёртвая цішыня.

Гэта быў досыць цяжкі перыяд, калі не ведаеш, што з табой будзе, лісты ад родных затрымліваліся… Калі ты ведаеш, што з сям’ёй усё добра, то сам можаш да ўсяго прызвычаіцца. У такім вакууме розныя думкі ў галаву лезуць.

Плюс праводзілася актыўная кампанія, якая называецца «кола» — мяне перакідвалі з адной камеры ў іншую. За дзевяць месяцаў я памяняў 18 камер. Стваралі адмысловую атмасферу, каб я адчуваў сябе няёмка.

Аднак сядзельцы ўсё роўна паміж сабой размаўлялі. А сядзелі і бізнесоўцы, і псіхолагі. Дзякуючы ім я змог выбудаваць правільную лінію паводзінаў, якая дапамагла не зламацца.

Здаецца, у сакавіку нарэшце выклікалі мяне на допыт. Паказваюць справу Жамчужнага (праваабаронца з Віцебска Міхаіл Жамчужны. — Заўвага рэд.). Не разумею: «А я пры чым?» — следчы мне раіць: «Далей будзе цікавей».

Чытаю далей: затрымалі маю жонку, а за маёй малалетняй дачкой прыехала служба апекі. У гэты момант я ледзь не накінуўся на іх: «Як можна пакінуць грудное дзіця без маці, ды яшчэ ў такім псіхалагічным стане!» А яны казалі адкрыта, маўляў, нам твая жонка не трэба, нам патрэбны ты, так што пачынай супрацоўнічаць.

Каб абараніць жонку, я выгароджваў яе і ўсё браў на сябе. Думаў, пасля гэтага яе выпусцілі. Не, яе пакінулі ў СІЗА. І гэта быў адзін з самых цяжкіх перыядаў. Дзякуй сябрам, якім зрэдку ўдавалася супакоіць мяне, маўляў, не хвалюйся, паклапоцімся пра дачку.

Адваката проста не заўважалі

— Суд, які пачаўся ў верасні, быў самым сапраўдным здзекам. Канешне, ён праходзіў за зачыненымі дзвярыма і парушэнняў было мора.

Яшчэ да суда збіралася следчая камісія.

Прыходзіць да мяне чалавек — відавочна не следчы — кладзе перада мной восем тамоў і кажа, што трэба азнаёміцца за пару гадзін. А гэта фізічна немагчыма. Я адмовіўся —былі пагрозы, калі не падпішу, то ён мяне паб’е. Усё гэта чуў адвакат. У выніку ён за мяне і паставіў подпіс, маўляў, я быццам зусім адмовіўся ад разгляду сваёй справы. Той, хто павінен быў ахоўваць мае правы, наадварот іх парушаў.

Да суда адваката мне знайсці не ўдалося, удзел у палітычных справах нясе для іх небяспеку. У выніку ўсё ж адзін адвакат знайшоўся, выбудаваў граматную абарону, але суд проста ігнараваў усе ягоныя довады — адваката проста не заўважалі.

Нас з жонкай судзілі разам, і сядзелі мы побач. Аднак перамаўляцца нам забаранялі і пры любой спробе загаварыць абрывалі. Мы спрабавалі нават абменьвацца запіскамі, дык іх тут жа забіралі. Парай слоў удалося перакінуцца ў машыне, калі нас везлі з СІЗА на суд. І то гэта была выпадковасць, можна сказаць.

На апошнім судовым пасяджэнні перад прысудам выклікалі сведкаў, сярод іх была мая маці. Ёй 78 гадоў, яна мае інваліднасць, і ўвесь час спрабавала вачамі знайсці мяне. Я бачыў яе разгубленасць і хацеў хоць сваім выглядам падтрымаць яе, паказаць, што не ўсё дрэнна. Я нават не чуў, што кажуць суддзі, перажываў за стан маці.

А калі абвясцілі прысуд — 5 гадоў і 6 месяцаў — я нават не адразу змог усвядоміць: як можна даваць такія дзікія тэрміны ні за што…

«Глядзі, у нас беляць дрэвы, апырскваюць іх рознымі хімікатамі, яны могуць і на тваю галаву трапіць, аслепнеш»

— Адбываць тэрмін мяне адправілі ў Магілёў у ПК № 15.

У СІЗА мне казалі: заедзеш у калонію, убачыш неба — і будзеш адчуваць сябе зусім па-іншаму. Для зняволеных па іншых артыкулах — магчыма. А мы ж адразу трапляем пад 10-ты прафулік, нам выдаюць жоўтыя біркі.

На першы дзень мы забіраем рэчы, нам вешаюць біркі. Выклікаюць мяне на гутарку з начальнікам лагера, на так званыя «хрысціны». Там пачынаецца сапраўдны цырк. Называюся па-беларуску: прозвішча, артыкул і гэтак далей. Мяне выводзяць і заводзяць зноў — і так разоў пяць.

Потым кажа: дык што, ты працаваў на «Белсаце»? «Глядзі, у нас беляць дрэвы, апырскваюць іх рознымі хімікатамі, яны могуць і на тваю галаву трапіць, аслепнеш». І тут жа мяне адпраўляюць у штрафны ізалятар за падняты каўнер.

Адзіны плюс — каранцін я фактычна адбыў у ШІЗА, і праз пару дзён мяне адправілі ў атрад.

Самыя цяжкія моманты ў калоніі, бадай, — гэта зіма і ШІЗА. Людзі спяць без матрацаў, вакол цвіль, вокны — што ёсць, што іх няма. Адзінае цёплае месца — каля батарэі, адыходзіш на паўметра і проста замярзаеш. Максімум можна 20–30 хвілін падрамаць, пасля трэба рабіць фізічныя практыкаванні.

У калоніі часта выкарыстоўваюцца правакацыі супраць палітычных. Прычым актыўнічае не столькі міліцыя, колькі самі зэкі, і іх досыць многа. Крый Божа, сказаў нешта неасцярожнае — тут жа даносяць. За першыя паўгода агулам у ШІЗА я адседзеў сутак 80.

Ці возьмем працу. Спачатку мяне адправілі на вытворчасць мэблі, потым перавялі дворнікам у нейкі штрафбатальён. Не настолькі страшная праца была, колькі брыгадзір, які здаў масу людзей. Сама брыгада хадзіла да начальніка з просьбай прызначыць больш адэкватнага брыгадзіра.

Дагэтуль помню ягонае прозвішча — Андрэй Бабіч, ён сядзеў за забойства. Я так разумею, што дзейнічаў ён па ўзгадненні з адміністрацыяй — даваў працу, якую нельга выканаць. Напрыклад, перанесці паддоны. Адзін чалавек не можа гэтага зрабіць, просіш іншага дапамагчы. Брыгадзір тут як тут: я ж сказаў гэта табе зрабіць, а не яму. І ўсё парушэнне, а значыць, ШІЗА.

Але ў выніку мяне перавялі на дрэваапрацоўку.  Хаця на неймаверна цяжкай працы атрымліваў заробак… 11 рублёў на месяц (прыблізна 3 еўра па курсе на сёння. — Заўвага рэд.).

Фядута ходзіць з кіёчкам, Паротнікаў не вылазіць з ШІЗА

— Бачыліся з Фядутам, размаўлялі. Хаця ўсіх папярэдзілі, што да яго лепш не падыходзіць, таму што адразу адправяць у ШІЗА.

Ён вельмі моцна схуднеў. Ходзіць з кіёчкам, часцей за ўсё ходзіць з суправаджэннем, бо самому перасоўвацца цяжка. Асноўная праблема Фядуты — сэрца. Яго часта вывозяць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь, апошні раз, здаецца, некалькі месяцаў таму вазілі.

Але трымаецца, жартуе, з ім цікава пагаварыць на любыя тэмы.

За стасункі з Фядутам кідаюць у штрафны ізалятар, раней на 10 сутак, зараз на 15. Не так даўно прыйшоў новы начальнік калоніі, але па сутнасці нічога не змянілася.

Я быў у адным атрадзе і з Андрэем Паротнікавым (кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog, асуджаны ў 2024 годзе да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў «здрадзе радзіме». — Заўвага рэд.).

Не ведаю, як складзецца далей, але ён фактычна не вылазіць з ШІЗА. Каля двух месяцаў таму яго перавялі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу. — заўв.).

Усе абвінавачанні на ягоны адрас надуманыя. Я добра яго ведаю — гэта спакойны неканфліктны дзядзька, які самастойна ствараць канфліктную сітуацыю для сябе не стане.

Бо сама Адміністрацыя калоніі асабліва моцнага ціску не аказвае. Проста адносна некаторых людзей прыходзяць загады зверху — і пачынаецца нечалавечы ціск.

Развітальны «шмон»

— Мы прыйшлі з працы на прамзоне, і хлопцы расказалі, што праходзіў «шмон», прычым толькі ў мяне. Растрыбушылі маю тумбачку, раскідалі ўсе рэчы. Першая думка, што зноў ШІЗА. Праз некаторы час прыйшоў загадчык гаспадарчай часткі і сказаў, каб я сабраў свае рэчы. Пасля ён зачыніў іх у кладоўцы. «А што далей?», —пытаюся, адказвае: «Ідзі глядзі тэлевізар».

Я так і не зразумеў, што гэта было. А 5‑й раніцы, мяне разбудзілі і далі пяць хвілін на зборы. Мае рэчы ўжо вынеслі, мяне таксама вывелі. Нас сабралася сем чалавек: я і шасцёра замежных грамадзян.

Нас пасадзілі ў мікрааўтобус без нумароў людзі ў балаклавах і пальчатках, што здзівіла. Па іх паводзінах можна зрабіць выснову, што гэта не простыя міліцыянеры, граматныя, размаўляюць па-англійску без перакладчыка.

Затым мы спыніліся недзе ў лесе, нам загадалі пераапрануцца і сказалі, што мы едзем у Гродна. Ніякай дадатковай інфармацыі нам не далі, таму заставалася толькі дадумваць, куды нас вязуць.

І толькі пазней, калі я ўбачыў два вялікія аўтобусы, калі ўбачыў Ларысу Шчыракову, Ірыну Слаўнікаву — усё стала зразумела. Нас загрузілі ў аўтобусы, мы прыехалі на літоўскую мяжу. Паперадзе нас ехаў чорны джып, мы нават не спыняліся на беларускай мяжы, адразу паехалі на літоўскі бок.

Як пазней аказалася, у многіх нават няма пашпартоў, а мне не толькі пашпарт, даведку нават не далі. Думаў, што развернуць назад. Але дзякую офісу Ціханоўскай, недзе здабылі ксеракопію майго пашпарта і па ёй выдалі візу.

Хацелася б застацца ў прафесіі

— Безумоўна, спачатку трэба падлячыцца. У мяне, як і ў многіх, праблемы з зубамі, якія пачаліся яшчэ ў СІЗА. Я двойчы хварэў на пнеўманію, таму хацелася б прайсці медычнае абследаванне. Нават гуляючы па Вільні, адчуваю задышку, хаця ўвесь час стараўся трымаць сябе ў форме.

Пасля збіраюся ўсё-такі пераехаць у Варшаву — там і больш знаёмых, і магчымасцей. Хацелася б застацца ў журналістыцы. Ёсць прапановы ад «Белсата», але пакуль гэтае пытанне вырашаецца.

Стараюся вырашыць пытанне з сям’ёй. На жаль, уся гэтая гісторыя моцна ўдарыла па жонцы, якая, падобна, моцна пакрыўдзілася. А мне хацелася б убачыць і дачку, якой і годзіка не было, калі мяне пасадзілі. Спадзяюся, праз пэўны час сітуацыя наладзіцца.

— Дарэчы, а што за легендарную камізэльку «Прэса» вы перадалі ў будучы музей вольнай Беларусі?

— Гісторыя з камізэлькай «Прэса» падобная на гісторыю з белсатаўскай майкай. Міліцыя ўсё-такі выйшла на здымную кватэру, дзе я жыў, канфіскавалі ўсе рэчы. Я бачыў толькі спісы канфіскаванага. І тут адбываецца немагчымае: пасля вызвалення выдаюць два мяхі маіх рэчаў, і ў адным з іх знаходжу камізэльку. У гэтай камізэльцы мы з калегамі не прапусцілі ніводнага мітынгу ў 2020 годзе. Аказваецца, яна прайшла па ўсім этапе следам за мной, і яе цудам не прыкмецілі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)