Общество

Як беларусы сталі ахвярамі барацьбы зь мігрантамі ў ЗША

На мінулым тыдні амэрыканскія суды прынялі рашэньне адмовіць у дэпартацыі ў Беларусь і даць палітычны прытулак двум беларускім актывістам. Іх абвінавачвалі ў незаконным знаходжаньні ў ЗША, хоць абодва ўжо даўно падалі дакумэнты на палітчыны прытулак, піша Радыё Свабода.

Выданьне пагаварыла з адным зь іх — з Артурам Сянько, а таксама зь Яўгенам Ждановічам, стваральнікам ініцыятывы byaction.org, якая ў ЗША падтрымлівае беларусаў — ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Артур Сянько і Яўген Ждановіч

У ЗША ўсё часьцей затрымліваюць беларусаў, якія выехалі туды з палітычных матываў і чакаюць рашэньня аб наданьні ім прытулку. Іх зьмяшчаюць у міграцыйныя лягеры, якія называюцца detention centers, ім пагражае дэпартацыя ў Беларусь.

Паводле актывіста byaction.org, нямала беларусаў трапілі ў бюракратычную пастку. Іхныя справы мелі накіраваць у суд адміністрацыйнай управы кантролю іміграцыі (EOIR) Міністэрства юстыцыі, але замест гэтага справы апынуліся ў Службе грамадзянства і міграцыі (USCIS). Разгляд справаў ідзе гадамі, і ёсьць вялікая імавернасьць быць затрыманымі і трапіць ў міграцыйную турму.

21 студзеня 2025 года былі пашыраныя паўнамоцтвы Дэпартамэнту ўнутранай бясьпекі ЗША ў пытаньнях паскоранай дэпартацыі. І цяпер людзей, што чакаюць легалізацыі, могуць дэпартаваць.

Ініцыятыве byaction.org сёньня вядома прынамсі пра 10 беларусаў у міграцыйных лягерах. Дваім — Артуру Сянько і Анатолю Бокуну — пашанцавала: яны прайшлі празь некалькі судоў, якія адмовілі ў іх дэпартацыі, і на мінулым тыдні беларусы выйшлі з-за кратаў. Але ў зьняволеньні можа быць значна больш людзей, мяркуе стваральнік ініцыятывы Яўген Ждановіч.

Па яго інфармацыі на пачатак 2025 году ў Праекце абароны шукальнікаў прытулку (некамэрцыйная арганізацыя Asylum Seeker Advocacy Project) зарэгістраваныя 1662 беларусы. Кожны зь іх можа быць затрыманы.

Яўген Ждановіч для разуменьня сытуацыі прыводзіць рэальны прыклад. Грамадзянін Беларусі ў жніўні 2023 году атрымаў пазоў у суд на ліпень 2025 году. На першым паседжаньні справу не пасьпелі разгледзець, суд прызначыў наступныя слуханьні на лістапад 2025 году. Аднак нечакана ў кастрычніку слуханьні перанесьлі на травень 2028 году.

Актывіст кажа, што такія сытуацыі сталі тыповымі для ўсіх тых, хто падлягае іміграцыйнай працэдуры ЗША.

«Я трапіў у бюракратычную шчыліну»

Беларусу Артуру Сянько 36 гадоў. У 2020 годзе ён працаваў валянтэрам у камандзе Сьвятланы Ціханоўскай, браў удзел у пратэстах, супрацоўнічаў з праваабарончым цэнтрам «Вясна». У Беларусі на яго заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 369 КК — «зьнявага службовай асобы», абвешчаны яго міжнародны вышук.

Артур Сянько

Летам 2021 году празь ціск на сваякоў мусіў зьехаць зь Беларусі. 26 жніўня 2021 году праз пункт пропуску Отай Мэса ў Каліфорніі трапіў у ЗША. Адразу заявіў афіцэру, што просіць палітычнага прытулку ў Злучаных Штатах. Два дні яго правяралі на мяжы. Потым адпусьцілі з пазовам у суд і так званым паролем, які далі на год.

— Позву афіцэры мусілі перадаць ня толькі мне, але і ў суд. І меў пачацца дэпартацыйны працэс, дзе я б мог убачыць судзьдзю і пераканаць яго, што на радзіме мне пагражае перасьлед, — распавёў Артур Сянько Свабодзе.

Але я трапіў у бюракратычную шчыліну, позву ў суд проста не пераслалі, «зафайлілі». Таму, каб выканаць патрабаваньне падаць на ўцякацтва цягам году, я падаў адміністрацыйную заяву ў Іміграцыйную і мытную паліцыю (ICE). На іхным сайце было напісана, што я чакаю інтэрвію. Думаў, калі чарга дойдзе да мяне, тое інтэрвію скасуюць, і я пайду ў суд.

Артур Сянько кажа, што некалькі разоў пісаў лісты афіцэрам ICE, каб яго пазоў перадалі ў суд, але марна, яму прыходзілі адпіскі.

За 2,5 месяца — 3 турмы

Ад жніўня 2021 году Артур Сянько жыве ў Нью-Ёрку, працуе ў сфэры мэдыцыны — займаецца падборам тэрапэўтаў для дзяцей з асаблівасьцямі ў разьвіцьці й інваліднасьцю (ад 0 да 3 гадоў).

Сёлета ў канцы ліпеня беларусу на пошту прыйшла позва: 15 жніўня ён павінен зьявіцца ў Дэпартамэнт унутранай бясьпекі (Department of Homeland Security). Артур прыйшоў туды з адвакатам і дакумэнтамі, бо ў позьве было пазначана «прынесьці дакумэнты».

— Я ўсе дакумэнты сабраў. Меня завялі ў пакой, дзе шмат маленькіх сталоў, загадалі ўсе рэчы пакласьці на стол і паведамілі, што я арыштаваны. Адвакат спрабаваў штосьці сказаць, але яго ніхто ня слухаў. Дакумэнты нават не паглядзелі. Мяне завялі ў камэру, далі паперку: ім невядома, якім чынам і калі я прыбыў у ЗША, таму мяне чакае паскораная дэпартацыя ў Беларусь. Я з гэтым не пагадзіўся, маўляў, у ЗША я ўжо 4 гады, трапіў праз афіцыйны пункт пропуску. І буду аспрэчваць гэта ў судзе, — апавядае Артур.

Пачаўся этап па амэрыканскіх турмах. Спачатку яго трымалі ў турме ў штаце Нью-Джэрзі, потым ў намётавым лягеры на мяжы з Мэксыкай, у выніку Сянько апынуўся ў папраўчым цэнтры акругі Сыбола (Cibola County Correctional Center), які называюць «канвэерам дэпартацыяў».

— Цягам усяго працэсу, калі мяне вазілі па турмах, афіцэры, якія займаліся транспартаваньнем, пераконвалі мяне, што я ўжо дэпартаваны і толькі пытаньне часу, калі мяне вывезуць на радзіму. Гэта мяне моцна палохала, бо ў Беларусі я ў вышуку, — прызнаецца Артур.

Умовы ў амэрыканскіх турмах розныя. Былі турмы, дзе ў камэры па 2 чалавекі, было і па 10 чалавек, і па сорак.

У адрозьненьні ад беларускіх турмаў у амэрыканскіх была магчымасьць тэлефанаваць, карыстацца відэасувязьзю. Можно было зарабляць невялікія грошы прыбіраньнем памяшканьняў, стрыжкай зьняволеных, дробным рамонтам.

— У першай турме ў Нью-Джэрзі ўмовы былі прымальныя: крама з добрым выбарам тавараў, у кожнай камэры на 10 чалавек асобны тэлефон, пляншэты для відэасувязі, можна было чытаць, слухаць музыку, глядзець фільмы. А апошняя ў Нью-Мэксыка — гэта ўжо сапраўдная турма для мігрантаў. Камэра на 40 чалавек памерам з спартовую залю — вялікае адкрытае месца: ложкі, прыбіральні, душавыя, тэлевізары, нейкія столікі, куток для заняткаў спортам.

Я прабыў у турме два з паловай месяцы — выйшаў даволі хутка. Людзі сядзяць па 6 месяцаў, па году. Калі мяне везьлі з турмы ў аэрапорт, нават кіроўца зьдзівіўся: як я змог так хутка выйсьці на волю?

Не зьдзіўляйцеся, у Амэрыцы няма «сталыпінскіх вагонаў» для перапраўкі зьняволеных на чарговы этап, тут возяць самалётамі, — апавядае цяпер ужо былы зьняволены.

Зараз Артур Сянько чакае дакумэнтаў, каб атрымаць грын-карту.

«Калі беларусаў дэпартуюць з Амэрыкі, у Беларусі яны папоўняць сьпісы палітзьняволеных»

Да 2025 году ўцекачы зь Беларусі мелі найвышэйшы працэнт наданьня палітычнага прытулку ў ЗША — 88,4%, кажа дэмакратычны актывіст, стваральнік ініцыятывы byaction.org Яўген Ждановіч.

Яўген Ждановіч

Нядаўна новы амэрыканскі ўрад паабяцаў весьці барацьбу зь мігрантамі, назваўшы іх усіх нелегаламі. І цяпер нелегальныя мігранты — усе, у каго няма статусу, у тым ліку і людзі, якія падалі заяву на атрыманьне палітычнага прытулку і чакаюць разгляду сваіх справаў у судах.

Яўген Ждановіч на пікеце ў ЗША

— Пад барацьбу зь нелегальнымі мігрантамі ў ЗША трапілі і беларусы. Гэта не атака на беларусаў, а ўстаноўка: давайце выганім усіх. І беларусы нічым не вызначаюцца — яны такія ж, як нелегалы з Лацінскай Амэрыкі. А гэта небясьпечна — бо калі беларусаў дэпартуюць з Амэрыкі, яны папоўняць сьпісы палітзьняволеных.

Я ведаю прынамсі пра 10 беларусаў, якія знаходзяцца ў міграцыйных лягерах, але гэта толькі вяршыня айсбэргу. Спрабую шукаць беларусаў і праз расейскіх актывістаў, якія працуюць з гэтымі лягерамі — выбудоўваем такую сетку. Знайшлі яшчэ аднаго беларуса, які сядзеў у турме разам з Артурам Сянько. Менавіта для дапамогі беларусам мы стварылі такую ініцыятыву, — апавядае Яўген Ждановіч.

«Мы прадбачылі, што беларусаў пачнуць затрымліваць»

Яўген пачынаў працу над сайтам для дапамогі беларусам, што просяць прытулку ў ЗША, менавіта з Артурам Сянько, які мае адукацыю распрацоўніка праграмнага забесьпячэньня.

— Мы прадбачылі, што беларусаў пачнуць затрымліваць. Але, іронія лёсу, першым кліентам, якога мне давялося выцягваць зь лягера, аказаўся той самы Артур.

Калі Артура затрымалі, я адразу ўключыўся — два месяцы працаваў толькі над ягоным вызваленьнем. Дапамог Сяргей Ціханоўскі, які апынуўся тады ў ЗША і меў шмат сустрэч з уплывовымі ўрадоўцамі, службоўцамі, казаў на ўсіх узроўнях аб праблеме. Таксама дапамагалі Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная рада, мэдыя. Накінуліся гурмой і змаглі выцягнуць з турмы Артура Сянько і Анатоля Бокуна, — кажа Яўген.

Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку. Зьлева — Яўген Ждановіч з папкай з імем Артура Сянько.

Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку. Зьлева — Яўген Ждановіч з папкай з імем Артура Сянько.

У ідэале Ждановіч хоча сабраць каманду юрыстаў, адвакатаў, якія б прафэсійна займаліся справамі беларусаў, што трапілі ў міграцыйныя лягеры. Але пакуль галоўная задача — высьветліць, колькі ж беларусаў там заходзяцца.

Яўген расказаў, як «мэтадам перабору» адшукаў беларуса, сям’я якога чакае рашэньня аб прытулку больш за 3 гады. Мужчыну затрымалі разам з 19-гадовай дачкой, а маці засталася на волі і не магла знайсьці сваіх родных. Тры розныя базы зьвестак паказвалі розныя месцы ўтрыманьня.

«У Анатоля Бокуна было 3 суды, нават яму давялося пазмагацца»

Пра затрыманьне аднаго зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна Яўген Ждановіч даведаўся літаральна за пару дзён да першага суду, і на гэты суд трапіў. Выявілася, што ў Анатоля быў адвакат, была падтрымка Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, але першы суд нічога ня вырашыў.

— Анатоль — адзін з рэальных лідэраў страйкаму, пра яго можна было штосьці даказаць, ягоная гісторыя вядомая. Яшчэ год таму ў яго не было б праблемаў. Ну, а цяпер… У Анатоля Бокуна было 3 суды, нават яму давялося пазмагацца. Так што сытуацыя пагаршаецца. Многім беларусам будзе вельмі цяжка, — мяркуе Яўген Ждановіч.

Імя Анатоля Бокуна на сайце міграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША

Ён тлумачыць, што калі беларусу ў судзе адмовілі ў прытулку і ён аспрэчвае гэта рашэньне, яго справу накіроўваюць да таго ж судзьдзі. І зноў запускаецца той самы працэс. То бок год адседзець вельмі лёгка. А калі зноў адмовілі — судзьдзя наказвае дэпартацыю ў родную краіну, і гэты загад будуць выконваць. На яго думку, беларусаў чакае няпростая барацьба.

— Я бачыў справу Артура Сянько. Было ж нібыта пацяпленьне адносінаў Беларусі і ЗША. Да дакумэнтаў Артура пракуратура далучыла артыкулы праўладнага беларускага палітоляга Яўгена Прэйгермана, які публікуецца на замежных мовах у нейкіх «сьметніцах» — маўляў, «у Трампа добрыя адносіны з Лукашэнкам», і гэта выкарыстоўваецца ўжо, — апавядае заснавальнік ініцыятывы byaction.org.

Да таго ж у многіх беларусаў, у тым ліку ў ЗША, узьнікаюць праблемы з пашпартамі, тэрмін дзеяньня якіх сканчаецца. І зьехаць у іншую краіну праблематычна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)